Напрыканцы лета жыхары вёскі Завітая адсвяткавалі юбілей вуліцы Лясная-2. Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным.
На свята вёскі сабраліся ўсе яе жыхары, каб успомніць мінулае, парадавацца поспехам адзін аднаго і яшчэ раз пераканацца ў тым, што няма ў свеце больш прыгожага кутка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці.
Да гэтага дня мясцовыя жыхары падрыхтавалі выставы, на якіх выставілі самаробныя ручнікі, посцілкі, абрусы, розныя вырабы ручной працы, вышыўкі. Многія двары вуліцы добраўпарадкаваны і радуюць аднавяскоўцаў прыгажосцю і мноствам кветак.
Вітала жыхароў вёскі старшыня Гарадзейскага сельвыканкама Наталля Цвірко. Яна павіншавала усіх са святам, падзякавала за самаадданую працу, за падтрыманне парадку на дварах і вуліцах вёскі.
Мабыць, не было ў гэты вечар ніводнага жыхара, які не пачуў у свой адрас добрага слова. Дружна віталі людзей, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага краю, хто выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дамогся вялікіх поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Шчырыя словы падзякі і ўдзячнасці прагучалі ў адрас самых старэйшых і самых юных жыхароў вуліцы Лясная-2. Сярод тых, каго ў той дзень ушаноўвалі, былі ветэраны працы, якія пайшлі на заслужаны адпачынак з розных прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Цёплыя і шчырыя віншаванні пачулі ў свой адрас шмат-дзетныя маці і залатыя юбіляры, іншыя вяскоўцы. Але самае галоўнае — на працягу ўсяго свята, адчувалася пяшчотнае і трапяткое стаўленне ўсіх прысутных да роднага дома, роднай вуліцы і вёскі.
Добры настрой на свяце дарылі жыхарам таленавітыя ўдзельнікі аматарскай творчасці Завітанскага сельскага клуба-бібліятэкі і Затур’янскага сельскага дома культуры.
Дзмітрый ЯШЧАНКА.