ААТ «Новая Прыпяць». Працавітасць перадаецца ў спадчыну

Источник материала:  

ААТ «Новая Прыпяць». Працавітасць  перадаецца  ў спадчыну
Убрана – 1539 га

Намалочана – 7521 тона

Ураджайнасць – 48,9 ц/га

 

У сям’і Піваварэвічаў з аг. Альшаны  перадаюцца ў спадчыну працавітасць і любоў да зямлі, бо ўжо тры пакаленні мужчын з’яўляюцца камбайнерамі ААТ “Новая Прыпяць”.

Прычым тры гады яны працавалі ўтрох.

Самы старэйшы з іх Міхаіл Мікалаевіч – чалавек вядомы ў гаспадарцы. Па-першае, ён заўсёды ў ліку першых, а па-другое, яму належыць рэкорд па працягласці рабочай дзейнасці – амаль 53 гады! У 1964 годзе прыйшоў яшчэ ў калгас “40 гадоў Кастрычніка”, а пайшоў з ААТ “Новая Прыпяць” толькі ў мінулым годзе. Ну не мог ён проста ся-дзець без свайго любімага поля, калі там тэхніка гудзе. Вось і працаваў, наколькі дазвалялі сілы. Заўсёды ў баявым настроі, ніколі не баяўся цяжкасцяў.

– Гэта зараз сучасная тэхніка  абсталявана кандыцыянерамі, магнітоламі і іншымі дабротамі чалавецтва. Калі я прыйшоў, мне даверылі СК-3 – самы першы  савецкі камбайн. Кабіны не было, усё смецце і рэшткі ляцелі ў твар. Толькі акуляры ратавалі. Але гэта было зусім не важна, галоўнае – паспець убраць збожжа. Мы ўсе працавалі дзеля адной мэты. І ведаеце, камбайнер у той час – ледзь не касманаўт.

Быў героем Міхаіл Мікалаевіч і для свайго сына  Мікалая. Той гадаваўся з бацькам у полі і вельмі ганарыўся ім. А якой была смачнай луста хлеба ў полі!

– Калі ўборка ішла, для нас было  свята! Столькі тэхнікі вакол, а што яшчэ трэба хлапчукам. Праўда, свайго бацьку неяк не пазнаў. Спёка вялікая, пыл вакол ляціць. Ён увесь чорны, толькі зубы блішчаць. Кожны вечар за сталом абмяркоўвалі, хто больш намалаціў, у каго камбайн зламаўся, а каму новы далі. Я таксама гэтым жыў, таму ўжо 27 гадоў працую тут.

Пакуль бацька з сынам працавалі ў полі, падрос яшчэ адзін камбайнер у сям’і – Міхаіл. Зараз яму 24 гады, чатыры з якіх ён працуе ў гаспадарцы ў адным экіпажы з бацькам. У гэтым годзе іх камбайн «Джон Дзір», які набылі ў гаспадарку 10 гадоў таму, быў на рамонце. Таму яны намалацілі ўсяго 535 тон збожжа. Але ў мінулым годзе былі ў ліку лепшых.

Міша – чалавек самастойны і мэтанакіраваны. Вырашыў зарабіць на аўтамабіль – здзейсніў гэтую мэту. Адразу пасля школы паехаў на заробкі і назбіраў грошай. Здзіўляе, наколькі мудра разважае хлопец.

– У чалавека павінна быць мэта, каб рухацца наперад. Упэўнены, калі чалавек хоча зарабіць грошай, то ён заробіць. А калі толькі жаліцца, то нічога ў яго не будзе. Пайсці працаваць у гаспадарку было маім асабістым рашэннем. Ды і, па праўдзе кажучы, для мяне поле – родны дом. Дзед браў бацьку, бацька – мяне. Калі адчуваеш падтрымку, працаваць намнога лягчэй.

– Усё ж, а хто ў вас галоўны? – пытаю Міхаіла.

– У нас няма галоўных. Мы дапаўняем адзін аднаго. Дзядуля – гэта наш эксперт. Ён лепш за любога агранома раскажа, калі трэба пачынаць уборку. Бацька заўсёды ведае, калі трэба памарудзіць, а калі ў поле спяшацца. Іх вопыт, безумоўна, дорага каштуе. Затое я лепш за ўсіх разбіраюся ў сучаснай тэхніцы, якой начынены наш «Джон Дзір». Таму, калі здараецца паломка, пытаюць у мяне, – усміхаецца.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

←Праграма раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018» і свята вёсак Відзіборскага сельсавета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика