На шляху да Дня пісьменства: творчая сустрэча пісьменнікаў, паэтаў і аматараў літаратуры адбылася ў Іванаве 2 жніўня
Мерапрыемства прайшло ў рамках літаратурнага праекта Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Фарбы Берасцейшчыны».
– У рамках гэтага праекта мы звычайна запрашалі пісьменнікаў з глыбінак у Брэст, дзе яны выступалі, дзяліліся сваёй творчасцю, – расказвае старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Анатольеўна Дземідовіч.
– У дадзеным выпадку прыехалі ў Іванава, бо ўсе мы рыхтуемся да свята – Дня беларускага пісьменства. Таму вырашылі загадзя пазнаёміцца з горадам, пазнаёміць іванаўцаў з творчасцю пісьменнікаў Брэстчыны.
На сустрэчу Таццяна Дземідовіч запрасіла ажно дзевяць літаратараў абласнога аддзялення. Прыйшлі на знаёмства і нашы мясцовыя аматары высокага слова. Вітала гасцей старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Паўлаўна Дарагакупец. Таццяна Дземідовіч пазнаёміла ўдзельнікаў мепрапрыемства з кнігамі, якія былі выдадзены абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў у мінулым годзе. Дарэчы, як паведаміла Таццяна Анатольеўна, у гэтым годзе на Нацыянальную літаратурную прэмію прадстаўлена рэкордная колькасць кніг – дзевяць – у розных намінацыях. Пра многія з іх пагаварылі падчас сустрэчы. Таксама старшыня абласнога аддзялення выказала надзею, што аўтары атрымаюць не адну ўзнагароду. Уручэнне прэмій адбудзецца ў Іванаве ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. Таццяна Дземідовіч расказала таксама пра праекты, якія праводзіліся Брэсцкім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў у рамках Года малой радзімы.
– У гэтым годзе ў нас было шмат цікавых мерапрыемстваў. Праведзены конкурс «Маладая літаратурная крытыка». Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта разглядалі творы пісьменнікаў нашай Брэсцкай суполкі і пісалі водгукі. Упершыню адбылося мерапрыемства «Зорны спеў». Гэта конкурс маладых чытальнікаў, якія знаёмілі з вершамі паэтаў Берасцейшчыны.
Адзначым, што і гэтая сустрэча ў Іванаве прысвечана малой радзіме. Так ці інакш тэма прасочвалася ў прадстаўленых кнігах. Як заўважылі прысутныя, для каго малая радзіма – гэта Іванаўшчына, жыццё гасцей мерапрыемства таксама ў нейкія моманты зводзіла іх з нашым раёнам. Таму размова была яшчэ больш прыемнай і кранальнай.
– Сёння на сустрэчы прысутнічаюць А.С. Скакун, вядомы на ўсю краіну аграрый, празаік, М.В. Панасюк, публіцыст, які таксама быў ля вытокаў «Ясельды» і свае творы прысвяціў першаму касманаўту Клімуку, М.І. Ляшук, кіраўнік клуба літаратараў «Пінчукі», А.Р. Бензярук, вядомы жабінкаўскі краязнаўца, журналіст, Т.В. Канапацкая, краявед, журналіст, А.І. Мазько, паэт з Лунінца, А.І. Дзенісейка, іванаўскі літаратар, і Л.М. Красеўская, паэтка, – пазнаёміла з літаратарамі Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч. А далей – размова пра кнігі. «Саламяны дом» Т. Дземідовіч, «Ключ от елочного сундука» і «Разламачкі майстра Люфта» К. Мядзведзевай, “И тогда спроси свою печаль» А. Валковіча, «Лунінецкая памяць» Т. Канапацкай, «Хуліган» А. Крэйдзіча, «Лірычны поўдзень» Р. Бензярука і іншыя – гэтыя творы пабачылі свет у мінулым годзе. Пра некаторыя коратка распавядала Таццяна Дземідовіч, некаторыя прадстаўлялі аўтары. Але, як сказала Любоў Мікалаеўна Красеўская, намеснік старшыні Брэсцкага аддзялення, кнігі трэба чытаць, а не расказваць пра іх. Напэўна, такога ж меркавання прытрымліваліся ўсе, бо размова больш ішла пра любоў да малой радзімы, пра таленавітых калег, пра свой лёс, пра іванаўскую зямлю, пра тое, адкуль бярэцца матэрыял для кніг... Наконт апошняга вельмі дакладна сказаў паэт Андрэй Іванавіч Мазько: «Усё, пра што пішаш, бярэцца з жыцця». Сапраўды, па расказах літаратараў – хто браў гістарычныя звесткі, хто запісваў успаміны, хто перажыванні, а хто і пісаў сучасную гісторыю сваёй зямлі. Дзве гадзіны размовы прайшлі вельмі хутка і лёгка.
Гэта заўважыла Алена Паўлаўна Дарагакупец у завяршэнні мерапрыемства:
– Вы дазволілі перайсці на іншую хвалю. Дзякуючы многім, хто сёння за гэтым сталом, хто прысутнічае на гэтай сустрэчы, свята беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве.
Падзякавала ўсім таксама Алена Іванаўна Данількевіч, дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. Панфёрава. Творчая сустрэча «Пісьменнікі Берасцейшчыны» скончылася, а размовы – не. Пасля агульнага фотаздымка каля бібліятэкі госці абмяркоўвалі паміж сабой будучы Дзень пісьменства, падрыхтоўку горада да свята. А потым з нягучнымі гутаркамі звярнулі на абноўленую вуліцу 17 Верасня, цяпер ужо пешаходную…
Яніна ГАРАДЗЕЦКАЯ. Фота аўтара.