Купалле на Лоеўшчыне
Самае таямнічае і рамантычнае, ахутанае мноствам легенд і містычных гісторый свята, якое адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня, лічыцца адным з самых любімых у народзе нездарма. Нашы старажытныя продкі-язычнікі называлі яго Купаллем. Хрысціяне — днём нараджэння святога Іаана Прадцечы, ці Яна Хрысціцеля, які хрысціў у рацэ Іардан Ісуса Хрыста.
Гэта адно з нямногіх свят, традыцыі якога амаль не змяніліся і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дзе яшчэ, як не ў цесным коле землякоў вакол вогнішча, адчуеш прыналежнасць да шматвякавой гісторыі, сувязь мінулага з сучасным.
Вось і ў гэтым годзе ноч Агню, Вады, Расліннага свету самадзейныя артысты ГЦК паклапаціліся зрабіць для жыхароў Лоеўшчыны па-сапраўднаму незабыўнай. На беразе Дняпра ўжо ўвечары сабраліся шматлікія гледачы, каб разам з героямі гэтай яскравай штогадовай падзеі — Вадзяніцамі, Лесавіцамі, Нептуном і Сымонкам далучыцца да сіл прыроды і ад душы павесяліцца.