Работы ўдзельнікаў Міжнародных майстар-класаў іканапісу прадстаўлены ў Музеi Беларускага Палесся
У Пінску 5 чэрвеня адбылося адкрыццё выставы пад назвай «Абожанае цела». На ёй прадстаўлены работы ўдзельнікаў Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча). Арганізатарамі выставы выступілі Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце і Польскі Інстытут у Мінску.
Сучасныя іконы, якія можна пабачыць у Музеі Беларускага Палесся – вынік пленэра, у якім прынялі ўдзел каля 40 мастакоў з Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы, а таксама Румыніі. Іх творчасць рэлігійнай тэматыкі пінчукі могуць ацаніць ужо не першы раз. Арганізацыя вернісажаў у Пінску па выніках гэтага цікавага штогадовага праекта становіцца добрай традыцыяй.
Хрысціянскае мастацтва ў цэнтры сваіх інтарэсаў ставіць перадачу вобразу нябачнага Бога не праз рэалістычнае адлюстраванне рэча-існасці, а праз пошук сэнсаў, значэнняў. Як найбольш праўдападобна перадаць прысутнасць Бога пры да-памозе «інструментаў» жывапісу? Ці кадыфікаваная іканаграфічная мова ўсё яшчэ з’яўляецца адпаведным сродкам, зразумелым для сучаснікаў?
Гэта ўсяго некалькі пытанняў, на якія шукалі адказ удзельнікі 9-х Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы. Працы, якія былі выкананы падчас пленэру, вядуць нас праз паказ цела, ахвяры і ўваскрашэння Хрыста да таямніцы аб’яднання элементу Божага і чалавечага. Мастакі розных традыцый, школ і стыляў паспрабавалі расказаць біблейскія сюжэты з дапамогай выяўленчых сродкаў, блізкіх сучаснаму чалавеку.
Магчыма, не кожную з прадстаўленых работ можна назваць іконай, але ўсё ж яны выкананы прафесіянальна, на высокім мастацкім узроўні, напоўнены сакральнасцю, перадаюць асабістую трактоўку кананічных вобразаў. Выстава сведчыць аб жыццяздольнасці сучаснага мастацтва, якое свядома чэрпае з супольных для ўсходняй і заходняй культур крыніц.
На ўрачыстым адкрыцці вернісажа выступілі Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Пётр Казакевіч, супрацоўнік Польскага Інстытута ў Мінску Аляксей Мацюшонак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і іншыя госці.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.