Як заўсёды з аншлагам
У Хойніках ёсць традыцыя – кожную вясну мы чакаем у госці артыстаў заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго нязменнага мастацкага кіраўніка – народнага артыста краіны, дырыжора Міхаіла Фінберга. Сталічныя музыканты і спевакі нашы спадзяванні штогод апраўдваюць, дораць не адно, а некалькі мерапрыемстваў у рамках праекта «Музычныя краявіды Хойніцкай зямлі».
Спачатку маэстра Фінберг сустракаецца на прэс-канферэнцыі з жадаючымі, дае адказы на пытанні. Сёлета наш раён з канцэртамі аркестр наведаў у дзевятнаццаты раз. Але ўсё ж знайшліся пытанні, якія маэстра яшчэ не каменціраваў.
Напрыклад, высветлілася, што ўсе сцэнічныя касцюмы музыкантаў праходзяць першапачатковае ўзгадненне ў самога Міхаіла Якаўлевіча, а пасля гастрольнага тура канцэртнае адзенне накіроўваюць у якасці гуманітарнай падтрымкі ў фонд мастацкай самадзейнасці таго ці іншага раёна. А вось дарыць інструменты дырыжор Фінберг стрымліваецца. Не, прагнасць тут ні пры чым, проста, як мяркуе кіраўнік самага папулярнага канцэртнага аркестра краіны, навучыцца па-майстэрску іграць можна і на самых простых баяне ці скрыпцы. І толькі пацвердзіўшы талент і здольнасці на шматлікіх конкурсах, ёсць сэнс прэтэндаваць на інструмент вышэйшага класа. У гэтым сэнсе трапіць на работу ў сам аркестр не так проста. Для гэтага патрэбна спачатку стаць лаўрэатам міжнароднага конкурсу. А каб артысты не расслабляліся з часам, для іх арганізуюць кастынг.
Адна з важных мэт насычанай канцэртнай праграмы – не даць забыцца слухачам пра багатую і непаўторную спадчыну, якую пакінулі сваім землякам славутыя беларускія кампазітары. Таму і гучалі ў раённым Доме культуры то са смуткам, то гарэзліва музычныя творы ў выкананні квартэтаў флейтыстаў, кларнетыстаў і цэлага струннага аркестра, аналагі якім цяжка сустрэць у цэлым свеце. І з гэтай жа прычыны выступленні аб’яўляла не просты канферансье, а гісторык музыкі, прафесар Вольга Дадзіёмава. Кожную кампазіцыю папярэджвалі невялікай лекцыяй пра біяграфію кампазітара, яго творчы лёс.
Яркай кропкай стаў канцэрт у гарадскім Цэнтры культуры «Песні, якія мы любім». Знакамітыя беларускія артысты, у тым ліку Наталля Тамела, Руслан Мусвідас, Яўген Цымбаліст, падтрымлівалі гледачоў, заклікалі спяваць разам, што хайнічане з задавальненнем і рабілі. У фінале пад гучныя і доўгія апладысменты намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская ўручыла Міхаілу Якаўлевічу Фінбергу кветкі і хойніцкі сувенір на памяць. Дарэчы, на прэс-канферэнцыі славутаму дырыжору як выхаванцу ваеннага аркестра штаба Беларускай ваеннай акругі быў уручаны медаль да 100-годдзя ваенных камісарыятаў.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.