Ад "Сымона-музыкі" да "Прыгод Чыпаліна". У новым сезоне Коласаўскі тэатр рыхтуе шэраг прэм'ер
Новы, 92-гі сезон, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа традыцыйна распачне сваёй візітнай карткай — камедыяй «Несцерка». Сёлета спектаклю споўнілася 75 год. 9 верасня, а 18-й гадзіне, у прыхільнікаў тэатра будзе магчымасць яшчэ раз пасмяяцца з жартачак беларускага дасціпніка.
У 92-м сезоне запланаваны шэраг новых пастановак: «Апошнія» Максіма Горкага, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа, «Сон у летнюю ноч» Уільяма Шэкспіра (рэжысёр Міхась Краснабаеў), «Прыгоды Чыпаліна» Андрэя Бадуліна і Аляксандра Чутко паводле Джані Радары (рэжысёр Ірына Цішкевіч) і іншыя.
Што тычыцца бліжэйшых планаў, то яшчэ да афіцыйнага адкрыцця сезона на Коласаўскай сцэне пачнуцца гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага з Мінска. 7 і 8 верасня госці пакажуць камедыі па п’есах італьянскіх драматургаў: Viva Commedia! Рыкарда Піппа і «Карчмарка» Карла Гальдоні.
22 і 23 верасня пройдуць прэм’ерныя паказы рамантычнай камедыі «Самая жаданая» паводле п’есы сучаснага беларускага драматурга Сяргея Гіргеля «Самая-самая». Рэжысёр — Ніна Обухава. Адну з галоўных роляў выконвае народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс.
У верасні два акцёры Коласаўскага тэатра святкуюць юбілеі. 24 верасня спектаклем «Дзіўная місіс Сэвідж» Джона Патрыка адзначыць святочную дату заслужная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова. А 27 верасня вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка запрашае ўсіх на 50-годдзе і парадуе амаратаў сваёй творчасці камедыяй «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча.
Завершыцца месяц яшчэ аднымі гастролямі: мінскі тэатральны праект Comеdy-Art прапануе камедыі па п’есах беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка «Жанчына як сродак зносін» (28 верасня) і «Палюбоўніцы майго мужа» (29 верасня).
У тэатральнай афішы кастычніка — паказ адноўленай пастаноўкі «Перабор» паводле Хельмута Бергера ў пастаноўцы рэжысёра Міхася Краснабаева. У другім асеннім месяцы у коласаўцаў адбудуцца абменныя гастролі з Беларускім тэатрам юнага гледача (5−6 кастрычніка) і Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы (25−27 кастрычніка).
Поўная афіша на верасень і кастрычнік — па спасылцы.