У Паставах у старым будынку з'явіцца музей аптэкі
Віцебскае прадпрыемства «Фармацыя» абвясціла тэндар на выраб і мантаж гістарычнай экспазіцыі «Аптэка» ў Паставах.
Гэта не будзе асобны музей — экспазіцыя павінна размясціцца ў будынку з аптэкай. Так званы «Дом урача» ў Паставах з’явіўся ў другой палове XVIII стагоддзя, разам з іншымі аб’ектамі забудовы Рынкавай плошчы (цяпер — плошча Леніна).
Дом уяўляе сабой мураваны двухпавярховы будынак, накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Спачатку на першым паверсе тут знаходзіліся аптэка і лячэбніца, а на другім — жылыя пакоі.
Збіраць экспанаты для новага музея ў Паставах пачалі яшчэ летась. Загадчыца аптэкай Жанна Лагвіненка праз раённую газету прасіла адгукнуцца месцічаў, у якіх захаваліся старыя лекавыя ўпакоўкі, каробачкі ад лекавых сродкаў, старадаўнія бутэлечкі, шалі, драўляныя прадметы, лямпы, акуляры, ліхтары, кнігі, старыя рэцэпты, газеты — усё, што звязана з аптэкай і даўніной.
На стварэнне музейнай экспазіцыі ў Паставах «Фармацыя» плануе патраціць 190 тысяч рублёў. Прадпрыемства само будзе фінансаваць гэтую працу.