Рынкавая плошча і дамы з хвалістымі дахамі. Як раней выглядаў цэнтр Пастаў?
Падарожны, які першы раз трапляе ў Паставы, адчувае асаблівы каларыт цэнтральнай плошчы. Далёка не кожны беларускі горад можа пахваліцца тым, што ў ім захавалася забудова XVIII стагоддзя.
Росквіт Паставаў звязаны з імем вядомага рэфарматара і асветніка, падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза.
Мястэчка перайшло ў ягонае ўладанне ў зусім не прывабным выглядзе. Зразумела, што такі стан рэчаў яго не задавальняў. Акрамя 35 прамысловых прадпрыемстваў, Антоній Тызенгаўз пабудаваў тут і першыя каменныя жылыя будынкі. Але не проста дамы, а сапраўдны архітэктурны ансамбль, частку якога і зараз можна ўбачыць у цэнтры населенага пункта.
Будаўніцтва вялося ў адзін час па праекце італьянскага архітэктара Джузэпе Сакі ў папулярным на той час стылю барока. Дойлід дакладна ведаў сваю справу, таму нават тое, што засталося, глядзіцца вельмі арганічна.
Дырэктар раённага краязнаўчага музея Раіса Курачэнка распавяла займальную гісторыю. У Паставы збіралася прыехаць каралеўская камісія — каб разабрацца, як выкарыстоўваюць грошы з дзяржаўнай скарбонкі. Але так сталася, што будаўнікі не паспелі ўсё зрабіць як належыць. Да таго ж Антоній Тызенгаўз шмат грошай выдаткоўваў на навуковыя даследаванні і культуру, сярод яго сяброў быў вядомы французскі філосаф, асветнік, кампазітар Жан-Жак Русо, які нават збіраўся прыехаць у Паставы.
З-за фінансавых праблем у дамоў на плошчы каменнымі былі толькі фасады, а астатнія тры сцяны — з простых бярвёнаў. Выйсце знайшлі класічнае: гасцей спачатку добра пачаставалі, а потым пасадзілі на коней і шпарка пракацілі па плошчы. Захмялелыя кантралёры, натуральна, нічога не заўважылі, а недаробкі дбайны гаспадар пазней ліквідаваў.
Шкада, што да нашага часу захавалася малая частка адметных домікаў з хвалістымі франтонамі. Многія з іх пацярпелі ў час Першай сусветнай вайны, калі Паставы апынуліся на лініі фронту. У цэнтры плошчы стаяў крыты каменны рынак, пашкоджаны пры абстрэле горада. Яго разабралі ў савецкі час. Каб вызваліць месца для новабудаў, ахвяравалі і некаторымі іншымі будынкамі. Наогул з 22 пабудоў захавалася толькі 6.
Рынкавая плошча доўга выконвала сваё першаснае прызначэнне. Гэта бачна па здымку, зробленаму ў даваенны час — верагодна ў 1920-я гады, калі Паставы ўваходзілі ў склад Польшчы, згодна з Рыжскім мірным дагаворам.
Плошча з’яўлялася адным з нямногіх брукаваных месцаў у паселішчы. А кірмаш, па ўсім бачна, быў з размахам: у гандлёвыя рады не ўбіцца. Відаць, што народ прыбыў не толькі з горада, але і з навакольных вёсак ды хутароў. Тут жа праходзілі гандлёвыя шляхі на Друю і Мядзель. Гляньце, колькі аглобляў! Цікава толькі, на якой стаянцы пакідаў люд сваіх коней?
Бліжэйшы да нас на фота дом не аўтэнтычны, а стылізаваны ўжо ў пазнейшы перыяд пад іншыя (у часы Тызенгаўза тут была аднапавярховая гасцініца-аўстэрыя). Сёння гэта раённы вузел паштовай сувязі.
Далей бачым дом для рамеснікаў, якіх Тызенгаўз запрашаў з-за мяжы для працы і навучання месцічаў. Тут зараз Пастаўскае падраздзяленне «Саюздруку».
Майстры жылі і ў наступным будынку. Сёння там пануюць гандляры: некалькі крамаў, дзе можна набыць патрэбныя рэчы — ад абутку да сувеніраў.
Гэта толькі адзіны бок плошчы. Не ўвайшоў ў кадр будынак аптэкі. Яна ўнікальная тым, што на працягу стагоддзяў не змяніла першаснага прызначэння. Варты ўвагі і цяперашні будынак краязнаўчага музея, дзе размяшчалася гасцініца.
Раіса Курачэнка адзначае: як выглядала плошча ў мінулым, можна пабачыць у навуковай працы Алены Квітніцкай «Будаўніцтва Тызенгаўза ў Паставах». Канешне, пра аднаўленне ансамбля гаворка не ідзе, але трэба захаваць тое, што маем сёння.
Безумоўна, гісторыя Пастаў і колішняя Рынкавая плошча вабяць гасцей. Калісьці Тызенгаўзу ўдалося зрабіць гэтае месца прамысловым цэнтрам краю, зараз жа ў яго ёсць падстава стаць і турыстычным.