У часопісе "Дзеяслоў" апублікаваны невядомы раней дзённік Караткевіча
Дзённік, датаваны 1965−1966 гадамі, захоўваўся ў хатнім архіве патомкаў Уладзіміра Караткевіча. У рэдакцыю часопіса яго прынесла пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч. У час напісання дзённіка Караткевіч працаваў над раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і аповесцю «Чазенія».
Як піша Ціхан Чарнякевіч для сайта Саюза беларускіх пісьменнікаў, Караткевіч не вёў паўнавартасны шматгадовы дзённік. Публікаваліся толькі паасобныя нататнікавыя запісы пісьменніка, якія да схілу веку рабіліся ўсё больш і больш сістэматычна. Раней лічылася, што запісаў за 60-я гады, самы плённы перыяд творчасці Караткевіча, не захавалася.
Дзённік уяўляе сабой бухгалтарскі гросбух вялікага фармату, старонкі якога з абодвух бакоў запоўненыя круглым, вельмі чытэльным почыркам Караткевіча. Нямала месца ў дзённіку адведзена аўтарскім малюнкам. Яшчэ большую цікавасць выклікаюць яны таму, што ў час напісання дзённіка Караткевіч працаваў над раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і аповесцю «Чазенія».
Яшчэ адна важная частка дзённіка — падарожжа ва Уладзівасток разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Кляўко, дзякуючы якому з’явіўся раман «Чазенія» — «адзін з самых пранікнёных твораў пра каханне ў беларускай літаратуры». «Караткевіч фактычна пачынае пісаць „Чазенію“ ў дзённіку, запісваючы для памяці пейзажы прыродных запаведнікаў, але імя галоўнай гераіні аповесці ў побытавы аповед так і не трапляе», — трумачыць Ціхан Чарнякевіч.
Пісьменнік часта запаўняў дзённік пасля нейкіх знагод, і Чарнякевіч гаворыць, што гэта фактычна самастойны літаратурны твор, дзе Караткевіч разважае пра беларускае асяроддзе, пытанні пісьменніцкай тэхнікі, праблемы планетарнага маштабу. Нямала старонак сшытку прысвечана і побытавым апісанням: жыццю і працы пісьменніка ў рагачоўскай хаце, расповедам пра паходы ў рэдакцыі літаратурных часопісаў, сустрэчам з пісьменнікамі і чыноўнікамі.