У Віцебску адкрыліся Дні хрысціянскай культуры

Источник материала:  
21.12.2014 10:30 — Новости Культуры
Дзіцячая выстава фларыстыкі "Божы свет вачыма дзяцей" адкрылася ў кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Гэта першая імпрэза традыцыйнага фестывалю "Дні хрысціянскай культуры", які праводзіцца на Віцебшчыне ў 13-ты раз.


На выставе "Божы свет вачыма дзяцей"

Свае працы на выставе паказалі навучэнцы віцебскіх школ №№ 40 і 45, а таксама ўдзельнікі мастацкіх студый Палаца культуры г.п. Руба. Цэнтральны вобраз выставы – Божы анёл-ахоўнік. Таму мастацкая прастора напоўнена святлом і шапаценнем крылаў…




Як расказала кіраўнік народнага клуба фларыстыкі "Анюта" Людміла Швед, выстава праводзіцца ў межах міжнароднага праекту "Анёле мой", які дзейнічае ўжо на працягу года.

"Мы супрацоўнічаем з міжнароднай творчай асацыяцыяй "Фларысіма" з Масквы. І многія дзіцячыя працы знаходзяцца зараз у расійскай сталіцы. Там ужо прайшлі нашы выставы ў Цэнтральным доме журналістаў, юнацкай бібліятэцы, на ВДНГ. Гэта экспазіцыя – працяг праекту, які скончыцца выставай ў Віцебскім мастацкім музеі ў сакавіку 2015 года", - патлумачыла Людміла Швед.

Віцебскія фларысты ўжо чатыры гады супрацоўнічаюць з каталіцкай дыяцэзіяй, хаця па сваёй сутнасці праект міжканфесійны.




Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, адкрываючы выставу, адзначыў, што праект "сапраўды анёльскі", бо ўсе працы выкананыя з вялікай любоўю.

Кульмінацыяй імпрэзы стаў фэшн-паказ строяў, зробленых… з малочных пакункаў. Гэткую незвычайную (і зазначым – актуальную) калекцыю прадставілі ў касцёле ўдзельнікі студыі авангарднай моды "Фларыяль" Палаца культуры г.п. Руба. Сапраўды, сукенкі, спадніцы, жакеты, галаўныя ўборы юных мадэлек былі выкананы з пакетаў з-пад малака, смятаны ды кефіру.




Кіраўнічка студыі Вольга Варабчук кажа, што ейныя выхаванцы зрабілі ўжо 10 калекцый з нетрадыцыйных матэрыялаў – раслінаў, паперы, пакетаў і г.д. "А нашы касцюмы беларускай нацыянальнай тэматыкі, выкананыя з кардону і тканіны, прэзентаваліся нават на ВДНГ у Маскве. І мы вельмі гэтым ганарымся", - распавяла яна.

Фестываль "Дні хрысціянскай культуры", які ладзіць Віцебская дыяцэзія каталіцкага касцёла, працягнецца 24 снежня і скончыцца 9 студзеня конкурсам нацыянальных батлеек.




Праграма Дзён хрысціянскай культуры 

24 снежня, 14.30 – традыцыйная дзіцячая выстава "Таямнічае Раство" ў Віцебскім мастацкім музеі

25 снежня, 12.00 – святочны канцэрт "Радасць Божага Нараджэння" ў віцебскім касцёле Святога Духа (вулица Чкалава, 5а)

27 снежня, 17.00 – чытацкія сустрэчы з прафесарам філалогіі І.Л. Лапіным у кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага

29 снежня, 14.00 – дабрачынны канцэрт у Віцебскай дзіцячай абласнай клінічнай бальніцы

30 снежня, 14.00 – дабрачынны канцэрт "Святы Мікалай віншуе з Калядамі" ў дзіцячых аддзяленнях Віцебскай абласной клінічнай бальніцы

6 студзеня, 19.00 – калядны канцэрт артыстаў Віцебскай філармоніі ў кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага

9 студзеня, 10.00 – конкурс батлеек у Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска (вуліца Касманаўтаў, 2).
←Режиссер Константин Фам: "Думаю, молодые зрители уже готовы приходить в кино на сеансы по 20-30 минут"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика