BosaeSonca і Паліна Рэспубліка спяюць дуэтам
27 красавіка на сольным канцэрце ў Мінску гурт BosaeSonca прэзентуе дуэт з Палінай Рэспублікай. Песня атрымала назву «Не згарыш».
Дуэт наспяваў ужо даўно. Лідэр гурту Алесь Кот-Зайцаў BosaeSonca пазнаёміўся з Палінай на самым пачатку яе творчага шляху. «Ня тое, каб мы сябры, ды і па-за музычнымі справамі амаль не перасякаемся, але бывае такое, што адчуваеш сябе на агульнай хвалі з чалавекам, і тут, відаць той самы выпадак», — кажа Алесь Кот-Зайцаў.
Штуршком да стварэння дуэту стаў канцэрт Паліны Рэспублікі з нагоды ўласнага 20-годздзя, на які спявачка запрасіла з сэтам гурт BosaeSonca. «Мне падабаецца тое, што робіць Алесь з музыкамі. Для мяне дуэт стаў прыемным экспэрымэнтам, надта цікава самой пачуць што з гэтага атрымаецца», — зазначае Паліна.
Нягледзячы на агульную сімпатыю да музыкі адно аднаго, Алесь і Паліна задумалі зрабіць нешта адрознае ад свайго стылю. Паводле інфармацыі Tuzin.fm гэта будзе прыгожая замежная песня, якая яшчэ ніколі не гучала на беларускай. Акрамя канцэрта, кампазыцыю таксама мяркуецца запісаць у студыі.
27 красавіка BosaeSonca пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» адыграюць з праграмай «Адпусці» сольны канцэрт у клубе Tarantino, як святкаванне ўзнагароды «Лепшы беларускамоўны альбом» на прэміі Experty.by. Акрамя таго BosaeSonca атрымалі прыз «Дэбют года» на прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi.
«Альбом «Адпусці» мы запісвалі, як развітальнае пасланне гурта BosaeSonca. Мы цалкам сур’ёзна збіраліся зачыняць праект, таму што вельмі шмат энэргіі было ўкладзена ў першы альбом «Залаты», але гэта аніяк не апраўдала сябе. Тым больш нечаканым быў шквал ухваленняў адносна другога альбома. Можна сказаць, што гэта выратавала гурт і дало моц ісці далей», — распавёў Алесь Кот-Зайцаў.