Дыктоўка ад Вайцюшкевіча, ён запісаў свой варыянт “Магутнага Божа”
Сваю новую песню Зміцер Вайцюшкевіч запісаў два дні таму. Упершыню ён запрэзентаваў яе ў Варшаве на выступе, прысвечаным Дню Волі. Па новай традыцыі да гэтага свята прымяркоўваецца агульнанацыянальная дыктоўка.
Традыцыю гэтую запачаткавала дыктоўка, праведзеная да 90-х угодкаў БНР у 2008-м годзе. Сёлета прапануецца пісаць дыктоўку па тэксьце нацыянальнага гімну беларусаў «Магутны Божа».
“У мяне гэта было спантанна. Калі атрымаў інфармацыю, што плануецца агульнанацыянальная дыктоўка 25 сакавіка па тэксту “Магутны Божа”, то мне падалося лагічным зрабіць сваю версію гэтага твора. Яна лірычна-песенная, не такая ўжо сумная, з добрымі інструментамі, кларнетам, габоем. Адзінае, не хапіла грошай на сімфанічны аркестар”, — распавёў Вайцюшкевіч.
Па словах музыканта, ён кожны год прымае ўдзел у святкаванні Дня Волі. “У нашай краіне мала людзей нават ведаюць пра такое свята. Таму і імкнуся пашыраць гэтую інфармацыйную прастору”, — гаворыць ён.
Прэзентацыя песні прайшла ў Варшаве. Канцэрт адбыўся ў вельмі камеральнай атмасферы. А каб ушанаваць памяць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які нядаўна пайшоў з жыцця, музыка выканаў песні на вершы паэта.