У Вілейцы “Дзве зоркі” праспяваюць шансон

У Палацы культуры 5 сакавіка адбудзецца музычнае шоу “Дзве зоркі” – “Шансон ля мора”. Гэта другі сезон праекта “Дзве зоркі”: першы прайшоў у 2010 годзе.
У гэтым сезоне, як сведчыць назва, удзельнікі будуць выконваць шансон.
У праекце возьмуць удзел дзесяць дуэтаў. Адзін прадстаўнік дуэта – прафесіянал, а другі – удзельнік мастацкай самадзейнасці ці чалавек, які проста любіць спяваць.
– Кожны дуэт павінен не толькі выканаць песню, але і падрыхтаваць інсцэніроўку, якая адпавядае канцэпцыі “Адзін дзень на беразе мора”, – расказала намеснік дырэктара Палаца культуры Вольга Шляпо.
Удзельнікаў праекта чакаюць прызы. А старшынёй журы будзе выканаўца шансона Сяргей Славянскі. Ён не толькі разам з іншымі ўдзельнікамі журы вызначыць лепшы дуэт, але таксама выканае свае песні.
Пачатак музычнага шоу ў 18 гадзін. Апроч выступлення дуэтаў, будуць конкурсы з гледачамі, латарэя.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота з сайта kinoreal.net