«У Халопенічах не вераць, што я не радня Максіма Багдановіча»
— У мяне два дні нараджэння. Гэта так выдатна! — дзеліцца Лёля Багдановіч. — На самой справе я нарадзілася 11 снежня, а запісалі 2 студзеня. Потым мама казала: «Дачушка, што я нарабіла! На пенсію пойдзеш пазней!» — «Мама! Ды на колькі там дзянёчкаў!»
У сям’і сярод дзяцей я была старэйшай. Матуля выйшла замуж другі раз, і праз восем гадоў пасля мяне нарадзіўся брат Вова, а яшчэ праз восем — Сярожа, — працягвае паэтка. — Асабліва я любіла Валодзю, бо да гэтага вельмі хацела мець браціка ці сястрычку.
Пяць гадоў як няма матулі, і ўвесь гэты час мы з ім кожны дзень тэлефанавалі адзін аднаму. Мне здаецца, што быццам з матуляй пагутарыла. Настолькі мы блізкія людзі… Валодзя жыве ў Градзянцы, у матчынай хаце. А Сяргей — у Каменічах, таксама ў Асіповіцкім раёне. У Градзянцы бываю не так часта, бо няма матулі. Пра гэту вёску шмат вершаў пішацца. І пра дзяцінства, і пра тое, што вёска вымірае. І пра нашу мову ў мяне нямала вершаў. І пра бабулю ёсць… Шкадуйце маму, дапамагайце ёй. Прыходзіць час, і яны зыходзяць у вечнасць. А мне ўяўлялася, што мама — гэта назаўсёды…
— А калі вас напаткала натхненне і вы пачалі пісаць вершы?
— Калі выйшла другі раз замуж і паехала ў Барысаў, была далёка ад мамы, і мяне як прарвала. Пачала пісаць недзе ў 1998-м. Праўда, калі ў школе вучылася, некалькі вершаў атрымалася. І нават адна песня. Але нешта тады ўсё закінула.
Самы першы верш у Барысаве склаўся, калі аднойчы выйшла на вуліцу, пачаў падаць снег, і наваколле такое прыгожае!.. Потым напісала пра матулю. І пайшло... Нават, памятаю, палола бульбу і прыйшло: «Чуць хачу пяшчотны мамін голас кожны дзень і кожную хвіліну. Па зярнятку я збіраю ў колас добрыя пра маму ўспаміны…» Матулю звалі Вера. Была яна вельмі ласкавая, пяшчотная.
— «Кліча ў дзяцінства памяць нас заўжды» — ёсць у вас такі радок… Якой жа вы былі ў маленстве?
— Увогуле, я была дзяўчынкай добрай, ласкавай. Як клалася спаць, пацалую па чарзе дзядулю, бабулю, матулю… Заўсёды, калі падмятала вуліцу, то і цётцы падмяту, якая адмарозіла ногі ў вайну. І Бульбісе, і Хурсічысе, што жылі насупраць. Ваду дастаю са студні, а тут бабуля прыйдзе, я і ёй вядро наллю. Жанчынкі за гэта жадалі: «Дай Бог табе, Лёлечка, добрага мужа!»
Бабуля мне была як другая матуля. Вельмі добрая. Заўсёды па вачах бачыла, што нешта здарылася: «У цябе роцік усміхаецца, а вочкі такія сумныя! Што, нарабілася?»
У школе я вучылася вельмі старанна, мне не трэба было казаць: «Бярыся за ўрокі». Нават бабуля пакорміць і кажа: «Лёлька, пагуляй трошкі». А я не слухаю. Мела граматы за добрую вучобу. І айчым моцна мяне любіў. Заўсёды, калі прыходзілі госці, даставаў мае граматы, хваліўся.
Пасля васьмі класаў паступала ў Маладзечне ў палітэхнікум. Хацела на хлебапекарскае і кандытарскае аддзяленне, мне здавалася ў дзяцінстве, што гэта нешта такое цудоўнае! Адзін бал не дабрала. І пайшла на мукамольна-крупяную вытворчасць. Божа, як звадзілі на экскурсію, як глянула, што гэта такое! Зусім не маё! Але скончыла тэхнікум. А адна наша аднакласніца — малайчына. Усё кінула, вярнулася ў школу, а потым пайшла ў іняз. Мы ж усе добра ведалі замежную мову. Таму што ў нас была выдатная настаўніца — Ніна Паўлаўна Фінкевіч. Яна выкладала нямецкую мову. Якая яна была прыгожая — настаўніца ад Бога. І даміно ў нас было падпісана на нямецкай мове, і вечары нямецкай мовы праходзілі. І песні мы спявалі па-нямецку, і вершы чыталі. А Ніна Паўлаўна з адным хлопчыкам, які прыйшоў у школу ў сярэдзіне навучальнага года, без даплаты займалася англійскай мовай, якую ён да гэтага вывучаў. Зараз, мабыць, такіх настаўнікаў няма...
І ў «Асіповіцкім краі» пра Ніну Паўлаўну надрукавалі мой артыкул «Настаўнік ад Бога». Ёй прачыталі. Дарэчы, я нават спачатку паштоўкі ёй падпісвала на нямецкай мове! Гэта было ёй прыемна.
— Пасля заканчэння палітэхнікума куды паехалі?
— Вярнулася ў Асіповічы. Працавала дзесяць гадоў у лабараторыі камбіната хлебапрадуктаў. А мне вельмі хацелася ў Брэст. Там была на практыцы — такі прыгожы горад! Гаспадыня ў мяне была добрая — Аліна Аляксандраўна Рудкоўская. Але ж мне трэба было бліжэй да мамы, дапамагаць ёй…
— Пра вайну ў вас шмат вершаваных твораў…
— У маёй бабулі было адзінаццаць дзяцей. Трое памерлі маленькімі, а трое сыноў загінулі на вайне: Стась, Міхась і Уладзімір. Занесены ў кнігу «Памяць» Асіповіцкага раёна. Я напісала верш «Боль вайны», прысвечаны бабулі і загінуўшым дзядзькам…
А на вачах мамінай старэйшай сястры, Елізаветы Багдановіч, расстралялі траіх яе дзетак — Раю, Анютку і Віцьку. Ім было шэсць, пяць і тры годзікі. Фашысты і паліцаі сабралі старых, дзяцей, напіліся і пачалі страляць… Цётка потым пайшла ў партызаны.
А другая сваячка, жонка мамінага брата, Вольга Багдановіч, абедзве ступні адмарозіла. У час вайны, калі карнікі ішлі з кулямётамі, вяскоўцы хаваліся ў балоты. А зверху бамбілі з самалётаў…
Маме было 13 гадоў, калі пачалася вайна. І ў яе хапала сіл, каб пераносіць з ложка на ложак Вольгу Максімаўну, так тая схуднела. Ад яе адмарожаных ног адвальваліся кавалкі. А партызаны прыносілі нейкую вадкасць, мама ёй змазвала ногі. І цётка спявала песні, каб, мусіць, гэты боль заглушыць. А суседкі часам думалі, што яна звар’яцела, калі спявае. А ёй жа цяжка было, балюча…
Але яна нарадзіла пасля вайны яшчэ дваіх дзяцей. Усіх у яе было чацвёра. Сама даглядала гаспадарку. На каленях паліла ў печы. Палола грады, даіла карову. З пратэзамі хадзіла па ваду. Нават кожны дзень падлогу мыла ў хаце. Такая была акурацістка. На машынцы швейнай шыла. Калі трэба было нагой дапамагчы, дык сына прасіла…
Мама распавядала, як было жудасна падчас вайны. Памятала, калі самалёты бамбілі, як яна бегла і сваіх пляменнікаў — дзяцей цёткі — закрывала сабою.
Таму, мусіць, мне і пішуцца вершы на ваенную тэматыку.
— Лёля Уладзіміраўна, вы шмат дзе друкаваліся. Прымалі ўдзел у конкурсе «Белорусской нивы» «Срэбныя радкі»…
— Першы мой верш выйшаў у нашай асіповіц-
кай газеце. А потым у «Гаспадыні», «Вясёлцы», «Але-
сі», «Зорьке», «Знамени юности», «Рэспубліцы», «Мінскай праўдзе». А «Сельская газета» друкуе мяне даўно-даўно. Калісь-
ці прымала ўдзел у яе конкурсе «Срэбныя радкі», атрымала грамату, падарунак. А Уладзімір Карызна, які быў старшынёй журы, падараваў свой зборнік вершаў. І потым даваў рэкамендацыю ў Саюз пісь-
меннікаў.
У «Крупскім весніку» мяне друкуюць больш за ўсіх. Таму што Халопенічы — радзіма бацькі Максіма Багдановіча. І там не вераць, што я не радня паэта.
А яшчэ маю песню «Падает снег» спяваюць на Беларускім радыё. Выконвае яе Валянціна Альшанская, салістка Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Выступала я і сама на радыё. У прамым эфіры спявала песні «П’яная капна» і «Розныя лёсы». У мяне ўвогуле сем песень. Толькі дорага іх пусціць у жыццё… Між іншым, маіх сем вершаў Тамара Шалюбская, навуковы супрацоўнік у мінулым, пераклала на ўкраінскую мову.
Яшчэ я ўзначальваю ў Барысаве літаратурнае аб’яднанне «Натхненне». У ім чалавек трыццаць. Мы выступаем у мясцовых ліцэі, каледжы, бібліятэках. Асабіста мяне нават запрашалі ў Фаніпаль — у бібліятэку і ў Дом культуры. І ў рэдакцыі часопіса «Алеся» рабіла свой творчы вечар. І ў санаторыі «Талька» Пухавіцкага раёна выступала, і ў Асіповіцкай бальніцы разам з гуртом «Сяброўкі»…
У шмат якіх калектыўных зборніках надрукаваны мае творы. Таму што я — удзельнік і народнага клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў Міншчыны «Жывіца». У гэтым годзе абяцаюць, што ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйдзе мая дзіцячая кніга, якая ляжыць там ужо сем гадоў.
А ў верасні 2013-га выйшаў мой першы асабісты зборнік «Зорны кошык». Дарэчы, я ўжо і казкі пачала пісаць...
Сябе не прымушаю, нешта пішацца і на рускай мове, нешта — на беларускай. Нават цяпер больш на роднай. Наша мова вельмі прыгожая. Мяне вельмі абурае, калі беларусы кажуць: «Я не разумею нашу мову». Расіяне і тыя разумеюць. Ну, там нейкага слоўца не ведаюць, дык па сэнсу здагадаюцца…
— Лёля Уладзіміраўна, дзякуй за сустрэчу. Усяго вам самага добрага і далейшых творчых поспехаў!
Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»
Фота з сямейнага архіва Лёлі БАГДАНОВІЧ