Запальваць сэрцы ў людзей...
Верш «Прарок» Аляксандр Пушкін напісаў у 1826 годзе. Якраз у час пакарання ўдзельнікаў дзекабрысцкага паўстання, многія з якіх былі сябрамі паэта. Твор стаў нібы адказам на такі паварот падзей, распавядаючы аб прызначэнні паэта і самой паэзіі. Згадаем некалькі радкоў з верша на мове арыгінала:
Духовной жаждою томим,
В пустыне мрачной я влачился, —
И шестикрылый серафим
На перепутье мне явился.
Перстами легкими как сон
Моих зениц коснулся он...
А цяпер пачытайце яго цалкам у перакладзе на беларускую мову, які зрабіў Мікола Федзюковіч:
Духоўна стомлены зусім,
з дарогі я ў пустыні збіўся, —
і шасцікрылы серафім
на раздарожжы мне з’явіўся.
Нячутным дотыкам, як сон,
павекаў ледзь крануўся ён, —
і іх напоўніў шум і звон:
пачуў я неба хваляванне,
завоблачных анёлаў лёт
і гадаў пад вадою ход,
лазы ў даліне прарастанне.
І каля вуснаў ён узнік
і вырваў грэшны мой язык,
і пустасловы, і каравы,
і джала мудрае змяі
ў вусны ўклаў і загаіў
сваёй дзясніцаю крывавай.
І грудзі мне рассек мячом,
і сэрца трапяткое выняў,
і жар, з яшчэ жывым агнём,
ён назаўжды ў грудзях пакінуў.
Як труп — ў пустыні я ляжаў,
ды голас боскі загадаў:
«Устань, прарок, як у дазоры,
і словам з іскрамі надзей,
абходзячы зямлю і моры,
запальвай сэрцы у людзей».
А цяпер некалькі слоў звычайных перакладаў:
Преступник — злачынец
Бархат — аксаміт
Красавица — прыгажуня
Благодарность — удзячнасць
Глист — рабак
Канун — пярэдадне
Остров — выспа
На гэтым сёння ставім кропку. У наступны раз, спадзяюся, зноў нешта цікавае пашукаем.