У Віцебску моладзь зладзіла жартаўлівае вяселле - ажаніла Цярэшку
Калядная абрадавая гульня "Жаніцьба Цярэшкі" прайшла ў памяшканні "Залатога кола Віцебска "Дзвіна".
"Жаніцьба Цярэшкі" - жывы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, звязаны з калядным цыклам. Магчыма, у глыбокім мінулым абрад быў пашыраны па ўсёй Беларусі, а зараз захаваўся толькі на поўначы краіны.
Першапачатковай мэтай гульні было бліжэй пазнаёміць нежанатую моладзь, каб яны прымерылі на сябе ролю жанатых людзей. Сутнасць абраду - згуляць жартаўлівае вяселле з імітацыяй вясельных абрадаў, багаццем народных песень, танцаў і жартаў.
У Віцебску ўжо чацвёрты раз "Жаніцьбу Цярэшкі" зладзіла мясцовае студэнцка-этнаграфічнае таварыства "Поўнач". Сёлета, праўда, не дабраліся з Лепеля пастаянныя музыкі гэтай забавы - дудар Васіль Шкіндзер і скрыпачка Вольга Зарэцкая. Таму скокі і гульні адбываліся часткова пад фанаграму, а часткова пад не менш старажытны за дуду інструмент - ліру.
![]() |
![]() |
Дарэчы, у гэтым годзе ў Задзвінне ладзіць "Жаніцьбу Цярэшкі" прыйшло некалькі пар з дзецьмі. Значыць, мінулыя тры гульні прайшлі з плёнам.