У школьных музеях захоўваюцца скарбы

Источник материала:  

Пра самыя цікавыя рэчы сваіх экспазіцый распавядаюць кіраўнікі школьных музеяў нашага рэгіёна. 

Вілейка. Кальчуга − аднагодка вёскі Ілья

Не так даўно нашымі школьнымі краязнаўцамі непадалёк ад вёскі Ілья быў знойдзены элемент металічнай кальчугі, − распавядае кіраўнік Ільянскага музея Роза Шэрая. Узрост кальчугі нам пакуль высветліць не ўдалося, але гэту знаходку мы звязваем з легендай пра паходжанне назвы нашай вёскі. Аднойчы праз гэтыя месцы праходзіў вайсковец, апрануты ён быў у ахоўную кальчугу. Вайсковец спыніўся ля ракі, каб адпачыць. І тут яму ў сне з’явіўся прарок Ілля, які і параіў вайскоўцу заснаваць на гэтым месцы паселішча. Таму мы мяркуем, што гэта кальчуга аднагодка вёскі Ілья.

А калі гэта так, то гэтая кальчуга − самы старэйшы экспанат нашага музея, сёлета ёй споўнілася 540 гадоў, як і мястэчку Ілья.


Астравец. Гісторыя аднаго люстэрка

У музеі гімназіі №1 горада Астраўца ў экспазіцыі ёсць фотаздымак аднаго люстэрка. З гісторыяй гэтага дзіўнага экспаната дзеліцца з “РГ” Вольга Лябецкая, кіраўнік музея Астравецкай гімназіі.

Люстэрка належала жыхару нашага горада, ветэрану вайны Зладзіславу Зладзіславічу Шыраеву. Падчас вайны яно яго выратавала ад смерці. Было гэта так. Зладзіслаў Зладзіславіч у Вялікую Айчынную вайны быў снайперам. У той час, калі ён перазараджаў свой пяцізарадны карабін, яго параніла. Куля трапіла дакладна ў левы нагрудны кішэнь. А ў кішэні ляжала нямецкае трафейнае люстэрка, якое ўяўляла сабой бліскучаю металічную пласціну. Ад гэтай пласціны смяротная куля рыкашэтам адскочыла ад сэрца і трапіла ў лёгкае.  Такім чынам, люстэрка і захавала жыццё Зладзіслава Зладзіславіча. Само люстэрка і пасведчанне, на якім запяклася кроў Зладзіслава Шыраева, як самы найвялікшы скарб, захоўваецца ў яго дачкі Людмілы Шыраевай. А наведнікі нашага музея бачаць толькі фота.


Мядзел. Калькулятар, які нельга купіць

Аналагаў музею айчыннай вылічальнай тэхнікі гімназіі-інтэрната горада Мядзела няма на прасторах усяго былога СНД.  Ну калі толькі ў Пецярбургу, − расказвае кіраўнік музея Вячаслаў Саўчык. У нашым музеі прадстаўлена вылічальная тэхніка, якая выраблялася ў былым СССР. Адным з унікальных экспанатаў з’яўляецца калькулятар з запісной кніжкай і гадзіннікам “Электроніка МК-87”. Яго ўнікальнасць тлумачыцца тым, што ён у продаж так і не паступіў. А выпушчаны быў толькі для дэлегатаў 27 З’езда КПСС у 1986 годзе. І іх колькасць роўная колькасці ўдзельнікаў з’езда, недзе ля 8000 экзэмпляраў.  Музею яго падарыў наш добры сябар Ігар Бякцяшкін.


Наталля ТУР.

Фота забяспечана Розай Шэрай, Вольгай Лябецкай, Вячаславам Саўчыкам.

←В Киеве открывается детское "Евровидение-2013"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика