Аўтаматызаваны сырзавод
Сучасная лінія па вырабу цвёрдых і паўцвёрдых сыроў іспанскай кампаніі, у адкрыцці якой прымаў удзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, аўтаматызавана на 98 працэнтаў: ад прыёмкі сыравіны і да адгрузкі гатовай прадукцыі. Многае прыменена ўпершыню ў Беларусі. Гэта станцыя апрацоўкі прадукцыі супраць цвілі, аўтаматычнае вакуміраванне, сістэма ўсадкі, выспяванне сыроў у пластыкавых скрынках і іншае. Так, 3 камеры выспявання ўмяшчаюць адначасова 2,5 тысячы тон прадукцыі.
Усяго завод будзе выпускаць да 40 відаў сыроў, і не толькі іх.
Спазналі «рэвалюцыйныя» змены не толькі галоўны вытворчы корпус завода, але і ўся інфраструктура. Пабудаваны новая кацельня на прыродным газе і рэзервовым катлом на салярцы, кампрэсарныя, помпавая станцыя, ачышчальныя, склады. На ўсё пайшло 230 мільярдаў рублёў. У выніку магутнасць прадпрыемства вырасла ў 5 разоў. Калі раней тут выраблялі 2 тоны сыроў у суткі, то цяпер — 10 тон. Абслугоўваючага персаналу прыбавілася на 20 чалавек: з 80 да 100.
Прадукцыя Браслаўскага філіяла «ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» арыентавана на экспарт, у асноўным у Расію і Казахстан, дзе ёсць свае прадстаўніцтвы і гандлёвая сетка.
Святлана ЗАЛЕССКАЯ, «БН»