Знайшлася ісціна ў кіно?
Iнтрыгу вакол «золата», «серабра» і «бронзы» «Лістапад» захоўваў да апошняга
XX Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад» завершаны. Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла ўчора ўвечары ў Малой зале Палаца Рэспублікі. На сцэне, мяркую, адбыліся абяцаныя выступленні пазітыўна-заваднога трыа барабаншчыкаў «Stress», групы «Інжыр», PALLADIUM Electric Band, незвычайнае шоу-пошук прызоў гледачамі і паказ адной з самых запатрабаваных карцін сярод дыстрыб’ютараў Еўропы і Амерыкі — польскай стужкі «Хочацца жыць» рэжысёра Мацея Пепжыцы.
На жаль, падрабязнасці цырымоніі да моманту, калі гэты нумар газеты падпісваўся ў друк, былі яшчэ не вядомы. Гэтак жа, як і фільмы-пераможцы ў дзвюх асноўных конкурсных праграмах форуму (ігравога кіно і дакументальнага кіно). Інтрыга вакол «золата», «серабра» і «бронзы» «Лістапада» захоўвалася да апошняга. Вердыкт, вынесены дзвюма камандамі міжнароднага журы, заставаўся таямніцай за сямю пячацямі і папярэдне не абвяшчаўся нават прадстаўнікам СМІ. Так што ў якім кіно знойдзена ісціна (нагадаем, «Ісціна — у кіно» — слоган сёлетняга «Лістапада»), пакуль не паведамляецца.
Між тым у час так званага перадзакрыцця форуму абвешчаны вынікі конкурсу маладога ігравога кіно «Маладосць на маршы». Імяннога прыза імя народнага артыста СССР кінарэжысёра Віктара Турава за лепшы фільм удастоена карціна «У колеры» («Доўгія светлыя дні») сумеснай вытворчасці Грузіі, Германіі і Францыі.
У конкурсе маладога дакументальнага кіно лепшай стала карціна «Пасля Урыцэна» рэжысёра Даніэля Абма (Германія).
Самай першай вынікі падвяла судзейская калегія «Лістападзіка-2013».
Лепшым фільмам для дзяцей названа стужка «Клара і мядзведжыя таямніцы» (Швейцарыя—Германія). Лепшым фільмам для юнацтва — «Не чакай пахвалы» (Кітай—Паўднёвая Карэя). Беларуская карціна «Кіндэрвілейскі прывід» рэжысёра Алены Туравай атрымала прыз глядацкіх сімпатый «Залаты «Лістападзік». А Вячаслаў Паўлюць, які сыграў тры ролі ў стужцы аб прывідзе з Вілейкі, адзначаны за лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме.