Вілейскі мастак прысвяціў выставу Язэпу Драздовічу

Адзін з партрэтаў Драздовіча аўтарства Эдуарда Мацюшонка
У выставачнай зале гарадскога цэнтра культуры Глыбокага 3 кастрычніка адбылося адкрыццё выставы жывапісу мастака з Вілейкі Эдуарда Мацюшонка “Адна зямля. Язэпу Драздовічу прысвячаецца”.Яна прымеркавана да 125-й гадавіны з дня нараджэння гэтага мастака, скульптара, пісьменніка, археолага і педагога.
На выставе прадстаўлены рэканструкцыі архітэктурных збудаванняў Глыбоччыны, якія адносяцца да часу жыцця Драздовіча. На многіх карцінах можна пабачыць мясціны, звязаныя з яго жыццём і творчасцю. Таксама ёсць два партрэты, у тым ліку і новая праца Эдуарда Мацюшонка – “Космас Драздовіча”. Адзін з партрэтаў Драздовіча вілейскі мастак падараваў мясцоваму музею.
Дарэчы, Эдуард Мацюшонак – зямляк Драздовіча. Ён таксама нарадзіўся на Глыбоччыне.
У бліжэйшы час у “Рэгіянальнай газеце” больш падрабязна раскажам пра карціну “Космас Драздовіча” і працу над ёй.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота забяспечана Эдуардам МАЦЮШОНКАМ.