Якія кнігі набываюць літоўцы, а якія – беларусы
У віленскай і маладзечанскай краме ў топе самых папулярных адна і тая ж кніга. Аднак у іншым густы разыходзяцца.
Што ж у нас агульнае, а што – рознае?
У віленскай кнігарні
Знаходзіцца яна непадалёк ад Віленскага ўніверсітэта. У ёй самы вялікі выбар англамоўных кніг ва ўсім горадзе.
Адразу ля ўвахода за шклом стаіць 10 найпапулярнейшых кніг мінулага тыдня. Амаль усе іх аўтары нарадзіліся ў Літве.
Тэмы самыя разнастайныя: адна кніга распавядае пра мастака, другая – пра рэлігію, трэцяя – філасофію, чацвертая – логіку, пятая – фінансы, іншыя – пра гістарычныя падзеі.
– Большасць літаратуры ў нас цяпер купляюць не камерцыйнай, а акадэмічнай, – заўважае прадавец ў кнігарні Айстэ Янкевічутэ. – Падручнікі па мовах, медыцыне. Набываюць з ахвотай і кнігі, якія толькі-толькі паступілі ў продаж. “Навінкі” асабліва цікавяць нашых частых наведнікаў. Увогуле ў дзень мы прадаём ад 50 да 100 кніг.
Між іншым, літоўцы цяпер цікавяцца і эсэістыкай.
Гэтая ж тэма:
Дзяўчына выдала кнігу ў 16 гадоў − як атрымалася? (+фота, відэа)
– Вось гэтыя найбольш папулярныя, – паказвае Айстэ на кнігі літоўскіх пісьменнікаў Айдаса Марчэнаса і Данальдаса Каёкаса, якія пішуць якраз у такім жанры.
У нашай краме купляюць і шмат англамоўных кніг. Цяпер вельмі папулярная кніга “50 shades of gray” (“50 адценняў шэрага”). Некалькі месяцаў таму людзі набывалі вельмі шмат асобнікаў, прычым усе тры часткі.
У кнігарні Маладзечна
Самая буйная маладзечанская кнігарня штодзень прадае каля 200 толькі мастацкіх кніг.
У краме ёсць стэнд з самымі папулярнымі кнігамі месяца. Сярод іх, як і ў віленскай краме, ёсць сучасны раман Э. Л. Джэймс “50 адценняў шэрага”.
– Набываюць фантастыку, напрыклад, кнігі амерыканскага пісьменніка-фантаста Джорджа Марціна, – распавядае прадавец кнігарні Таццяна Мучынская. – Бяруць і кнігі амерыканскай аўтаркі Стэфані Маер. Дэтэктывы папулярныя, рускія пісьменніцы Дар’я Данцова і Аляксандра Марыніна ў топе ўжо гадоў дзесяць.
Моладзь бярэ кнігі серыі “Сталкер”. Сталыя ж людзі – букіністыку, бо яна танная.
– Класіку бяруць, Гогаля, Булгакава, – адзначае спадарыня Таццяна. – Шмат кніг бралі савецкага пісьменніка Валянціна Пікуля. Прычым класіку бяруць не толькі навучэнцы ці студэнты, у якіх яна па праграме, але і тыя, каму яна проста па сэрцы.
Беларускія кнігі бяруць дзецям
– Беларускія кнігі бяруць больш дзецям, – працягвае Таццяна Мучынская. – Напрыклад, нашага маладзечанскага аўтара Янкі Галубовіча. Карыстаюцца попытам і беларускія кнігі серыі “Кнігазбор”. Тым больш, што яны ладзяць розныя акцыі, накшталт, пры пакупцы кнігі − паштоўка ці дыск у падарунак.
Набываюць і кнігі маладзечанскіх аўтараў, унутры якіх стаіць аўтограф. Напрыклад, Лідзіі Гардынец ці Міхася Казлоўскага.
Таццяна Мучынская адзначае, што продаж кніг залежыць і ад кошту.
Гэтая ж тэма:
“Беларускія выдавецтвы падтрымліваюць родную мову”
На паліцы з дзіцячымі кніжкамі стаіць зборнік казак за 150 тысяч рублёў. Не ўсе бацькі могуць сабе дазволіць набыць яго.
Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.
Даведка “РГ”. Эсэістыка. Кароткая проза. Як правіла, аб'ём эсэ складае ад 4-5 да 30-40 звычайных машынапісных старонак.