З «Лёлікам і Барбарыкамі»
Журы «Лістападзіка» ўзначаліць Галіна Данэлія
Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», які традыцыйна спадарожнічае Мінскаму Міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад», пройдзе з 2-га па 5 лістапада.
У конкурснай праграме будуць удзельнічаць 9 фільмаў, паведамілі «Р» арганізатары форуму.
Ужо вядома, што старшынёй журы «Лiстападзiка» стане Галіна ДАНЭЛІЯ (на здымку), рэжысёр, актрыса, жонка Георгія Данэліі, прэзідэнт Фонду Георгія Данэліі і генеральны дырэктар галерэі «Пан-Дан».
Галіна Іванаўна пастаянна жыве і працуе ў Маскве. Але наведвае і Беларусь, з якой сама родам.
Галіна Данэлія вучылася на акцёрскім факультэце Тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна. Пазней як рэжысёр скончыла Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (майстэрня І. Таланкіна). Працавала на кінастудыі імя Горкага. Рэжысёр карцін «Бягучы дзень», «Жарт», «Француз». У якасці прадзюсара ўдзельнічала ў некалькіх анімацыйных праектах. Адзін з іх — мультыплікацыйны серыял пра чалавечкаў з планеты Барбарэла і школу Сяброўства «Лёлік і Барбарыкі» рэжысёра Уладзіміра Сакова — Галіна Данэлія прэзентуе ў Мінску. У стварэнні гэтага мульт¬фільма ўдзельнічалі педагогі і дзіцячыя псіхолагі. У кожнай серыі гучаць песні аўтара і кампазітара Любашы, напісаныя спецыяльна для праекта. Выконвае песні дзіцячы музычны гурт «Барбарыкі».