Раніцай – яблыкі, вечарам – грошы
Сёння нярэдка можна ўбачыць даволі сумны малюнак: сад з густа ўсеянымі на зямлі яблыкамі. Прычын тут некалькі. Па-першае, даволі нізкая цана: за кілаграм пладоў усяго 600—800 рублёў. Па-другое, нават па гэтай цане не ўсюды прымаюць. І па-трэцяе, у вёсках шмат пажылых людзей, і ў іх няма проста сілы поркацца з яблыкамі.
Гэтыя праблемы вырашаюцца ў Шаркаўшчынскім раённым спажывецкім таварыстве. Тут нарыхтоўшчыкі ездзяць па населеных пунктах і закупляюць вырашчаны ўраджай на месцы.
Вось ужо дзесяць гадоў займаецца нарыхтоўкамі Тамара Літвіновіч. Сёлета асноўны, калі можна так сказаць, акцэнт яна зрабіла на Браслаўскім раёне, дзе выдаўся надзвычай багаты ўраджай яблыкаў.
Арганізавана ў яе справа наступным чынам: у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня Тамара аб’язджае здатчыкаў, заключае з імі дамовы і пакідае сеткі для пладоў. А потым, у жніўні—верасні, па графіку забірае іх. У кожнай вёсцы ведаюць дзень, калі яна прыедзе, і людзі ўжо з раніцы “сядзяць” на мяшках. Адразу атрымліваюць і грошы за тавар.
— Вельмі зручна, — кажа васьмідзесяцігадовая жыхарка вёскі Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна Ніна Брэсцкая. — Я здала адразу дзве тоны яблыкаў і значна попоўніла свой бюджэт. У іншым выпадку яны проста б згнілі.
За дзень нарыхтоўшчыкі праязджаюць да трохсот кіламетраў і вяртаюцца дахаты часам позна вечарам. Затое пры плане 270 тон яблыкаў Тамара Літвіновіч закупіла 520!
Яблычны сезон заканчваецца. Аднак да адпачынку яшчэ далёка. З 27 верасня яна пачала закуп бульбы ў насельніцтва.
Уладзімір САУЛІЧ, “БН”
Фота аўтара