Шлях да нашчадкаў
На спецыяльных пляцоўках у Слуцку прадстаўлены капыльскія і старадарожскія ручнікі, лагойская і івянецкая кераміка, клецкая і маладзечанская лаза, мядзельская і вілейская разьба па дрэве, вырабы з саломкі — уся россып народных талентаў цэнтральнага рэгіёна краіны. Ну і, канешне, паясы. Традыцыі іх ткацтва дагэтуль перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мастацкія таямніцы мясцовых майстрых вывучаюць і ў Квасыніцкім цэнтры рамёстваў, створаным на Случчыне. Кіруе цэнтрам Наталля Матусевіч, якая таксама захапілася вырабам паясоў. Дарэчы, справа гэта нялёгкая. У чым маглі пераканацца многія госці свята, прыняўшыя ўдзел у майстар-класе па іх пляценні, што ладзіўся каля фабрыкі мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы».
На свяце таксама праведзены другі рэгіянальны конкурс «Беларуская лялька», навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі пояс: гістарычныя шляхі і сучасная практыка». Мерапрыемствы праводзіліся ў адпаведнасці з рэалізацыяй дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу Слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012—2015 гады. Яе ініцыятар — Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка.
Алена КЛІМОВІЧ, «БН»