У прасторы і часе

Источник материала:  

Беларусь прыме ўдзел у 5-й Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва

На галоўнай восеньскай арт-падзеі ў расійскай сталіцы будзе прадстаўлены адмысловы беларускі праект скульптара Канстанціна Селіханава і фатографа Андрэя Шчукіна «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу». Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла куратар праекта, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч, перадае БЕЛТА.

«Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» складаецца з некалькіх канцэптуальна звязаных міні-праектаў двух мастакоў. Работы ўяўляюць сабой выхапленыя з кантэксту рэальнасці стоп-кадры, якія з’яўляюцца спробай зафіксаваць час, трансфармуючы плоскасць у аб’ём, пераводзячы яго са стану руху ў іншае вымярэнне.

Асноўнай тэматыкай 5-й біенале сталі прастора і час. Усе прадстаўленыя на міжнародным форуме работы будуць накіраваны на расшыфроўку сацыяльна-грамадскага кантэксту гэтых філасофскіх паняццяў. Беларускія майстры даследуюць заяўленую тэму праз скульптурныя аб’екты, інсталяцыі, фатаграфіі, відэа і тэксты. У аснову «Дэкадзіроўкі» пакладзены роздум аб камунікацыі ў грамадстве, самаідэнтыфікацыі чалавека ў метраполіі, захаванні індывідуальнасці ў сучасным свеце.

Дзеля ўдзелу ў Маскоўскай біенале Беларусь адмовілася ад выставы на адным з самых вядомых форумаў сусветнага мастацтва — Венецыянскай біенале. «Мы падышлі да падрыхтоўкі да форуму больш сур’ёзна і вырашылі, што ў такой важнай падзеі трэба прымаць удзел. Гэта будзе цікавы праект, які прадстаўляе сучаснае мастацтва нашай краіны», — адзначыў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

У гэтым годзе ўпершыню спецыяльныя праекты для форуму адбіралі на конкурснай аснове. Зацвярджалі працы куратар асноўнага праекта, дырэктар Музея выяўленчага мастацтва ў бельгійскім Генце Катрын дэ Зэгер, а таксама прадстаўнікі Маскоўскай біенале. «Гэта павысіць узровень і значнасць мерапрыемства», — лічыць Наталля Шаранговіч.

Беларускі праект пакажуць у двух залах Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі агульнай пло¬шчай 200 кв. м з 24 верасня па 19 кастрычніка. Канстанцін Селіханаў і Андрэй Шчукін прадставяць гледачам новыя працы, якія яшчэ нідзе не выстаўляліся. Па заканчэнні форуму «Дэкадзіроўку. Архетып адэкватнага часу» выставяць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

Беларусь другі раз прадстаўлена на Маскоўскай біенале. У 2011 годзе ў спецыяльным праекце «Унутраныя ландшафты», арганізатарам якога таксама выступаў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, ва Усерасійскім музеі дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва былі сабраны інсталяцыі, шкло, тэксты і фатаграфіі.

Маскоўская біенале сучаснага мастацтва — адзін з найбуйнейшых форумаў актуальнага мастацтва сярод прафесіяналаў і шырокай публікі. Міжнародная выстава праходзіць у расійскай сталіцы па няцотных гадах, пачынаючы з 2005-га.

У гэтым годзе фестываль сучаснага мастацтва пройдзе з 20 верасня па 20 кастрычніка. Праграма 5-й біенале складаецца з асноўнага праекта «Больш святла», у якім заяўлена больш за 80 мастакоў з розных краін. Таксама на форуме прэзентуюць 50 спецыяльных праектаў. 

←Беларусь является самой читающей страной в СНГ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика