Беларускія музыкі супраць смяротнага пакарання

Источник материала:  
11.09.2013 14:19 — Новости Культуры


Беларускія музыкі супраць смяротнага пакаранняНа пачатку кастрычніка вядомыя беларускія музыкі прадставяць новы супольны праект “Апошні золак”, скіраваны супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. За адмену выключнай меры ў дачыненні да злачынцаў выкажуцца Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка і Алесь Дзянісаў.

Каардынатар праекта журналіст Сяргей Будкін расказаў у каментары для Naviny.by, што “праект працягвае тыя традыцыі, што ў свой час былі закладзеныя папулярнымі і любімымі беларусамі праектамі “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Сьвяты вечар”. Аднак гэтым разам мы вырашылі звярнуцца да вельмі істотнай і актуальнай тэматыкі — праблемы смяротнага пакарання ў нашай краіне.

Мэта гэтага цудоўнага праекта вельмі простая — каб у гэтым жорсткім свеце стала хоць на каліўца больш дабрыні. Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто пагадзіўся на ўдзел — найперш за неабыякавасць да таго, што адбываецца наўкол”.

Паводле Сяргея Будкіна, у межах праекта сем беларускіх выканаўцаў прадставяць свае песні, у якіх распавядуць пра асноўныя спосабы выканання выключнай меры пакарання. Кожны музыка прэзентуе па дзьве кампазіцыі — адну напіша спецыяльна для “Апошняга золку”, а адна песня будзе выбраная з ужо вядомых кампазіцый музыкаў. Будкін падкрэсліў, што яны павінныя “адпавядаць стылістыцы праекта”.

Выканаўцы, якія пагадзіліся ўзяць удзел у праекце, раней публічна выказваліся за адмену смяротнага пакарання, але яны маюць спадзеў, што “Апошні золак” паспрыяе прыцягненню дадатковай увагі грамадства да дадзенай праблемы і спыненню гэтай практыкі ў Беларусі.

“Гэты праект — спроба закрануць тэму больш глыбока, чым проста сказаць некалькі словаў, якія хутка губляюцца ў інфармацыйнай плыні, — лічыць Зміцер Вайцюшкевіч. — Мастацкае выказванне мае іншую моц і трываласць, яно кранае іншыя струны. Да таго ж, менавіта мастацтва з’яўляецца адным з вышэйшых праяўленняў чалавечай натуры, а смяротнае пакаранне — адным з ніжэйшых”.

Сяргей Будкін адзначыў, што пра канкрэтныя кампазіцыі і падрабязнасці праекту гаварыць пакуль рана, бо музыкі толькі пачалі працаваць над новымі песнямі. “Усе дэталі будут бліжэй да прэзентацыі, якая адбудзецца ўжо неўзабаве”, — паведаміў ён.

Над графічным аздабленнем праекта працуе мастак Ігар Назаранка.

Нагадаем, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было растраляна каля 400 чалавек, і толькі ў адным выпадке смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне.




Ася ПАПЛАЎСКАЯ
←Х Республиканский фестиваль национальных культур откроется в Минске 14 сентября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика