«Ці знаў з вас хто, браткі, Тараса?..»

Источник материала:  

Гасцей вітаў шчодры «Гарадоцкі Парнас»

Пяты раз ладзілася сёлета ў старажытным Гарадку Віцебскай вобласці вясёлае, урачыстае, светлае свята «Гарадоцкі Парнас».

Прысвечана яно знакамітай паэме «Тарас на Парнасе», якую стварыў 16 красавіка 1885 года 21-гадовы гарадоцкі мешчанін Канстанцін Вераніцын (родам ён з Астраўлянаў). Дарэчы, нарадзіўся паэт у чэрвені.

Зямля Гарадоччыны пясчаная і камяністая, а людзі тут добрыя, працавітыя, сціплыя, душэўныя і шчодрыя. Усе госці адчулі гэта і былі ўсцешаны.

Паэты Уладзімір Скарынкін, які нарадзіўся ў Віцебску, а жыў у Гарадку (з ім — маім будучым мужам — мы вучыліся тут 6 з паловай гадоў і жывём разам ужо 51 год), Тамара Краснова-Гусачэнка, Барыс Беліжэнка, Уладзімір Папковіч, Наталля Саветная парадавалі прысутных сваімі творамі.

А гасцей свята чакалі яшчэ і выставы народнай творчасці, і шчодрыя пачастункі, якія прапаноўвалі прыгажуні ў нацыянальных строях (усе — багіні) з песнямі. На сталах жа — усе прысмакі, што елі багі на Парнасе.

Цудоўна выступілі народны ансамбль «Яблынька», калектыў «Гарадоцкая скарбонка», гарадоцкі ансамбль гарманістаў, «Азерыца» з Езярышча, «Спадарыня» з Бычыхі, узняла настрой прыпевачніца Людміла Барсукова. З Полаччыны прыехалі «Полацкія россыпы». Усё было з густам, таленавіта, урачыста. Гарадок яшчэ раз пацвердзіў званне духоўнай сталіцы Віцебскай вобласці.

Умеюць працаваць і святкаваць на Гарадоччыне. Шмат робіць для гэтага мясцовая ўлада, у прыватнасці намеснік старшыні райвыканкама Надзея Бурунова, загадчык аддзела культуры Вольга Каўрыга. Падумалася, няблага было б, каб свята «Гарадоцкі Парнас» стала абласным і нават рэспубліканскім, бо вельмі высокі ўзровень яго арганізацыі і правядзення.

Гарадок прыгажэе з кожным днём. Рыхтуецца сустрэць 70-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў (24 снежня 2013 года). Вайна за два з паловай гады забрала кожнага другога мясцовага жыхара... Гарадчукі ведаюць сапраўдную цану сяброўству, дабрыні, чалавечнасці.

А ў наступным годзе ў маім любімым Гарадку пройдзе рэспублі-канскае свята «Дажынкі-2014». Упэўнена, што гарадчукі зладзяць яго, як заўсёды, дастойна.

←Театр имени Горького завершит сезон магической премьерой «Оракул?..»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика