Слова, якое лечыць душу
Праваслаўная літаратура на роднай мове запатрабавана сярод вернікаў
Зацверджаны тры гады назад Сінодам Рускай праваслаўнай царквы Дзень праваслаўнай кнігі — гэта не толькі напамін пра тое, як прыйшла да нас духоўная кніга, але і цудоўная магчымасць яшчэ раз прыцягнуць увагу да сапраўднага Слова... Духоўная літаратура (на здымку) заўсёды запатрабавана пэўнай часткай грамадства, таму што яна і сёння, як заўсёды, адказвае на ўсе жыццёвыя пытанні чалавека, падказвае выйсце ў розных сітуацыях, адзначыў у час святкавання старшыня Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі.
Пра запатрабаванасць духоўнай кнігі сведчаць і ўжо традыцыйныя, прымеркаваныя да свята ўзнагароджванні царквой прадстаўнікоў свецкіх устаноў, выдавецтваў і паліграфічных прадпрыемстваў, якія ўнеслі значны ўклад у выданне і папулярызацыю праваслаўнай літаратуры. Нагадаем, другая палова мінулага і пачатак гэтага года адзначаны такой вялікай падзеяй, як выхад факсімільных выданняў «Жыція святой прападобнай Еўфрасініі Полацкай» і Полацкага Евангелля. Акрамя таго, новымі зборнікамі папоўнілася цудоўная кніжная серыя «Дзецям пра...» — «Дзецям пра справядлівасць», «Дзецям пра добразычлівасць».
Асаблівай увагі заслугоўваюць беларускамоўныя праваслаўныя выданні. Так, за апошнія 20 гадоў выдавецтвам Свята-Петра-Паўлаўскага сабора былі падрыхтаваны і выйшлі з друку некалькі дзясяткаў кніг праваслаўнай асветніцкай тэматыкі на беларускай мове. На родную мову перакладзены тэксты Новага Запавету. Пабачыла ўжо свет і другое, дапоўненае выданне «Праваслаўнага малітваслова». Як адзначыў яго аўтар прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска, кандыдат багаслоўя, адказны рэдактар Біблейскай камісіі БПЦ протаіерэй Сергій Гардун, пераклад «Малітваслова» рабіўся з арыгінала — грэчаскіх тэкстаў, але з улікам царкоўнаславянскіх тэкстаў. Паводле яго слоў, сёння вельмі актуальна выдаваць кнігі на беларускай мове асветніцкага, катэхізатарскага зместу.
Як адзначыў прафесар БДУ, доктар філалогіі, сакратар Біблейскай камісіі БПЦ, перакладчык Іван Чарота, шэраг праваслаўных свяшчэннікаў карыстаюцца беларускай мовай. На тое, каб роднае слова больш актыўна ўжывалася ў царкве, накіравана і дзейнасць камісіі. Некаторыя службы ў праваслаўных храмах праводзяцца па-беларуску. Адпаведныя пераклады зроблены таксама для некаторых таінстваў — хрышчэння, вянчання, споведзі. Напрацоўкі апошніх гадоў у галіне перакладу, выдання біблейскіх і набажэнскіх тэкстаў на беларускай мове, а таксама практычнае іх выкарыстанне разбураюць меркаванне пра тое, што Беларуская праваслаўная царква нібыта зусім не выкарыстоўвае родную мову. Таму, калі з боку вернікаў будуць выказвацца адпаведныя просьбы, Царква гатова падтрымаць і задаволіць іх.
Зараз у выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора працуюць над выданнем Саборных Пасланняў. Да 400-годдзя сабора рыхтуецца асобны даведнік для паломнікаў «Святыні Беларусі». Плануецца выданне перакладнога і тлумачальнага рэлігійных слоўнікаў.
Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ