Беларускую Вікіпедыю не чытаюць: ні "тарашкевіцай", ні "наркамаўкай"

Источник материала:  
15.02.2013 13:54 — Новости Культуры

Беларускую Вікіпедыю не чытаюць: ні "тарашкевіцай", ні "наркамаўкай"

Радыё Свабода
Толькі 1,6-1,8 працэнтаў карыстальнікаў вікіпедыі з Беларусі чытаюць яе па-беларуску. 83,8% абіраюць расійскую версію. Трохі больш за 7 працэнтаў юзераў чытаюць вікіпедыю па-ангельску.

Беларускую Вікіпедыю не чытаюць: ні "тарашкевіцай", ні "наркамаўкай""Гэта абсалютна ўнікальная сітуацыя. Ні ў воднай краіне такога няма, каб энцыклапэдыю на нацыянальнай мове чытала так мала людзей", — кажа мянчук Марк Бернштэйн, адзін з самых уплывовых аўтараў расійскай вікіпедыі.

Як мяркуе Бэрнштэйн, менавіта ў гэтым унікальнасць беларускай вікіпедыі, а зусім не тое, што ў яе дзьве моўныя версіі: наркамаўская і тарашкевіцкая. У нечым падобная сітуацыя ёсць і ў кітайскай Вікіпедыі. "А вось тое, што беларуская мова ў такім „загоне“ — гэта адметнасць нашай сітуацыі. Людзі па-беларуску проста не чытаюць".

Беларускі раздзел вікіпедыі — самай буйной інтэрнэт-энцыклапедыі — па-свойму ўнікальны. Яна мае два моўныя варыянты: класічным правапісам і акадэмічным. У кожнага свая каманда аўтараў і рэдактараў, свае прынцыпы ў асвятленьні падзеяў, а часам паміж імі вядзецца сапраўдная вайна.

На "наркамаўскім" баку цяпер каля 56 тысяч артыкулаў, на "класічным" — пад 48 з паловай тысяч. На сусветнай мапе Вікіпэдыі гэта даволі добры вынік .

​​"Такія групы энтузіястаў (а Вікіпедыя ствараецца і рэдагуецца толькі валанцёрамі) робяць тытанічную працу, — упэўнены Марк Бэрнштэйн. — пастаянных рэдактараў там па паўтара-два дзясяткі чалавек у кожным раздзеле". "Ім проста помнік трэба ставіць!" — кажа вікіпэдыст.

У сярэдзіне 90-х у інтэрнэце не было ні слова па-беларуску

"У 1996 недзе годзе ў мяне з'явіўся інтэрнэт, і я стаў нешта шукаць па-беларуску, — распавядае Максім Лепушэнка, удзельнік „акадэмічнага“ разьдзелу белвікі, — і не знайшоў нічога. А цяпер стала зусім па-іншаму. Вікіпедыя — самы буйны беларускамоўны рэсурс і ён развіваецца кожны дзень!"

Калі беларуская вікіпедыя толькі стваралася (дамен яна атрымала 6 кастрычніка 2003 года), ніякага моўнага падзелу не існавала. Аўтары пісалі свае артыкулы на тым варыянце правапісу, які выбіралі самі — хто наркамаўкай, а хто тарашкевіцай. Але грамаду раздзіралі моўныя канфлікты, якія аказаліся невырашальнымі. Паводле правілаў Вікіпедыі, артыкул можа быць напісаны і адрэдагаваны любым чалавекам.

Беларускую Вікіпедыю не чытаюць: ні "тарашкевіцай", ні "наркамаўкай"
​​"Калі я магу ў артыкул, напісаны іншым правапісам, дадаць болей і лепей, то што мне рабіць?!
— амаль абураецца Лепушэнка. — Я не буду рэдагаваць артыкул, калі мне кажуць, што я мушу рэдагаваць толькі на тарашкевіцы, таму што нехта раней там напісаў два радкі".

У жніўні 2006 году прыхільнікі акадэмічнага правапісу падалі заяўку на асобны дамен, і атрымалі яго ў 2007-м. Праўда, не абышлося без скандалу: артыкулы, напісаныя тарашкевіцай, проста зніклі з сайта беларускай вікіпедыі.

Руслан Равяка, адзін з найстарэйшых аўтараў белвікі, распавядае, што адэпты класічнага правапісу правялі вялікую працу і аднавілі ўсе матэрыялы. Цяпер яны знаходзяцца на гэтым адрасе. А прыхільнікі наркамаўкі — тут.

Лепушэнка перакананы, што раз'яднанне пайшло толькі на карысць. Калі на жнівень 2006 у белвікі было 3800 артыкулаў, то цяпер іх амаль 100 тысяч на "дваіх". "Гэта колькасны паказнік, і ён вельмі важны, — перакананы Максім.

Руслан Равяка застаўся верны "тарашкевіцы". "Наркамаўка" прывяла беларускую мову ў гаротны стан, упэўнены ён.

"Я намагаюся больш пісаць артыкулы, якія звязаныя зь Беларуссю. Пра тыя падзеі, якія нельга знайсці ані на польскай, ані на расійскай вікіпедыі. І падзеі мы адлюстроўваем з беларускага пункту гледжання, а не з пункту гледжання суседзяў".

У "наркамаўцаў" памкненні такія самыя. Лепушэнка кажа, што самае галоўнае — "гэта само стварэнне свабоднай энцыклапедыі, асабліва на нашай мове, якая ўвогуле пад пагрозай зьнікнення"

Праўда, паводле Равякі, "вікіпедыя наркамаўкай пазбягае палітызаваных артыкулаў, артыкулаў пра эміграцыю, пра калабарацыю падчас Другой сусветнай вайны. Там збольшага энцыклапедычная інфармацыя, якую можна знайсці і ў Беларускай энцыкляпэдыі".

Лепушэнка ня згодны: "Вядома, што пераважае беларуская тэматыка. Яна нам цікавая. Але нас нагэтулькі мала, каб ахапіць усе тэмы. І няма ў нас адмыслоўцаў ва ўсіх галінах. Пераважае біяграфічны кірунак".

Беларускую вікіпэдыю хоча аб’яднаць паляк

Беларускую Вікіпедыю не чытаюць: ні "тарашкевіцай", ні "наркамаўкай"​​"Спадарства, давайце спачатку даведзем да таго, каб большасць людзей гаварыла па-беларуску, а толькі тады будзем размаўляць, якім варыянтам артаграфіі карыстацца", — кажа Томаш Блядынец.

Томашу 30 гадоў. Беларускую мову вывучыў гадоў дзесяць таму, проста з цікавасці. Піша ў польскую вікіпедыю на беларускую тэматыку, а часам і ў беларускую. Пра Беларусь напісаў больш за тысячу артыкулаў. З іх 24 былі азначаныя вікісупольнасцю як асабліва якасныя.

16 лютага Блядынец арганізоўвае ў Варшаве Дзень беларускай Вікіпедыі.

"На нашай акцыі не будзе прадстаўнікоў Вікіпедыі, — распавядае Томаш. — Гэта акцыя перш за ўсё для людзей, якія яшчэ не мелі дачынення да стварэння Вікіпедыі. Дасведчаныя рэдактары могуць працаваць паўсюль — і яны гэта робяць штодзённа, без аніякіх акцыяў. А нашая падзея накіравана на тых, хто хацеў бы нешта напісаць, нешта выправіць, палепшыць у Вікіпедыі, але ім здалося, што яны не ведаюць як, што гэта складана, цяжка, або ім не хапала матывацыі. Мы хочам паказаць, што на самай справе пісаць артыкулы вельмі проста".

Томаш перакананы, што беларуская вікіпэдыя мусіць быць адзінай:

"Я — за аб’яднанне беларускіх Вікіпедыяў. На карысць якой? Гэта павінны вырашыць беларусы. Гэта іх мова, а я буду працаваць згодна з іх рашэннем. Я проста лічу, што нейкае рашэнне ў гэтай справе павінна быць, а змаганне паміж двума падобнымі варыянтамі арфаграфіі — не толькі ў Вікіпедыі, але ўвогуле ў беларускамоўным асяродздзі — у сітуацыі, калі менш і менш людзей гаворыць па-беларуску, гэта доказ недаросласці і неразумення сітуацыі".

З ім згодны і Марк Бернштэйн. Існаванне дзьвюх вікіпедыяў, на ягоную думку — распыленне чалавечых сілаў, а гэта самы галоўны рэсурс энцыклапедыі.
Я не бачу прычынаў, каб адмовіцца ад акадэмічнага правапісу і перайсці на тарашкевіцу, а магчымасцяў канвэртацыі няма

"Што вы прапануеце? — Лепушэнка вельмі хвалюецца, адказваючы на пытанне, ці магчымае аб’яднанне белвікі. — Каб той, хто карыстаецца тарашкевіцай, адмовіўся ад яе? Я не бачу прычынаў, каб адмовіцца ад акадэмічнага правапісу і перайсці на тарашкевіцу, а магчымасцяў канвертацыі няма. Я лічу, што гэта няправільна. Чаму нехта мусіць адмаўляцца, калі ёсць магчымасць пісаць менавіта тым правапісам, які ты лічыш мэтазгодным?!"

У Томаша ёсць і рэцэпт, як зрабіць суіснаванне абедзьвюх моўных версій дзеяздольным: "Прапаную прыняць мадэль, якая паспяхова дзейнічае ў англамоўнай Вікіпедыі. Там ёсць таксама варыянты: брытанскі і амерыканскі. Там прынята так, што калі хтосьці ўводзіць большую колькасць тэксту або піша артыкул ад пачатку, тады мае права абраць арфаграфію, якая будзе ў гэтым артыкуле, і яна павінна застацца. Нельга ўводзіць змены, якія мяняюць толькі арфаграфію з амерыканскай на брытанскую і наадварот".

"Мы там ужо былі! — пярэчыць Максім Лепушэнка. — Спрабавалі ўжо. Гэта немачыгма. Увогуле Вікіпэдыя — гэта адсутнасьць усялякіх правілаў. Чаму ж цяпер нам гэтыя правілы спрабуюць навязаць?!"

"Я да падзелу ўвогуле мала пісаў. Ну не ведаю я тарашкевіцы, не ведаю я гэтых правілаў! — кажа Лепушэнка — Навошта заціскаць цяпер удзельнікаў такімі рамкамі?!"

Аб’яднанне немагчыма — перакананы прыхільнік "акадэмічнага" разьдзелу белвікі Лепушэнка.

І на думку Руслана Равякі, аб’яднаць абедзьве беларускія вікіпедыі ўжо немагчыма:

"Аб’яднаюцца, калі правапіс аб’яднаецца. Так проста цяпер ужо немагчыма. Шмат хто піша на форумах, што трэба аб’ядноўвацца. Але падзяліцца было лягчэй, чым аб’яднацца. Шмат артыкулаў, якія па тэматыцы не супадаюць. Пакуль правапіс не аб’яднаецца, нічога не будзе".

"Да нас 5000 наведвальнікаў заходзіць штогадзіну, а вы кажаце беларускую вікіпедыю ніхто не чытае, — падсумоўвае Лепушэнка. — А колькі ў нас людзей па-беларуску размаўляе на вуліцах? Вы выйдзіце на вуліцы, паслухайце. Столькі ж вікіпедыю нашую чытае. Але гэта важная справа. Вось нават Мінкульт ужо зацікавіўся, будуць нейкія артыкулы ў Вікіпедыю пісаць".

"Дзяржаўная дапамога — гэта, канечне, добра, — кажа Максім Лепушэнка, — Але трэба, каб беларускамоўныя далучыліся да гэтага праекту — не важна, тарашкевіца ці акадэмічны правапіс, вось гэта б зрушыла сытуацыю".
←15 лютага ў 17.00 у мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адбудзецца адкрыццё фотавыставы "Ступені"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика