Па Мядзеле ехаў Дзед Мароз на санях
На такіх санях гонар пракаціцца самому Дзеду Марозу.
У Мядзеле ў пятніцу, 21 снежня, прайшоў раённы конкурс “Лепшы Дзед Мароз-2012”.У ім прынялі ўдзел 11 каманд, якія прадстаўлялі ўстановы і прадпрыемствы горада і раёна. У кожнай камандзе былі па Дзеду Марозу са Снягуркай. Але многія бралі ў дапамогу разнастайных персанажаў: Зайцоў, Бабак-ёжак ды іншых. А найбольшая світа прыехала з Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”: чалавек з дваццаць у шыкоўных гістарычных строях. Прывезлі адтуль і цуда-сані, якія і ехалі наперадзе шэсця навагодніх персанажаў.
Апроч шэсця па цэнтры горада, каманды выявілі лепшых у конкурснай праграме. Прайшла яна на сцэне гарадскога Дома культуры. У выніку першае месца ў раённым конкурсе занялі прадстаўнікі НДЦ “Зубраня”, другое — Мядзельскай сярэдняй школы №1. Замкнулі тройку прызёраў Дзед Мароз са Снягуркай з раённага аддзела культуры. Адзначылі ў розных намінацыях таксама іншых удзельнікаў.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.
Чытайце на гэтую ж тэму:
Дзед Мароз прыедзе на матацыкле