У гонар песняроў
Урачысты вечар завяршае святкаванні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа
15 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца ўрачысты вечар, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, які стане заключным мерапрыемствам у насычаным на юбілейныя падзеі годзе.
Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, ва ўрачыстасцях чакаецца ўдзел міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, кіраўніцтва Аршанскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага раёнаў. У праграму канцэрта ўключаны выступленні артыстаў Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, салістаў Пятра Ялфімава, Ганны Благавай, Дзмітрыя Качароўскага, Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», беларускіх пісьменнікаў, акцёраў драматычных тэатраў.
Нагадаем, на працягу года па ўсёй краіне, а таксама па-за яе межамі прайшлі маштабныя грамадска-культурныя акцыі, выстаўкі, культурна-адукацыйныя праекты, навуковыя канферэнцыі, літаратурныя конкурсы, прысвечаныя народным песнярам. План мерапрыемстваў па святкаванні 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа быў зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Сярод найбольш маштабных праектаў можна адзначыць грамадска-культурныя акцыі «Чытаем Купалу разам», «Мы чытаем Коласа», урачыстыя цырымоніі ўскладання кветак ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да помніка Янку Купалу ў парку, названым яго імем, і да помніка Якубу Коласу на плошчы, якая носіць яго імя, у Мінску, рэспубліканскія святы паэзіі на радзіме класікаў — у Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнах.
Дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура» выпушчаны факсімільныя выданні «Шляхам жыцця» Я. Купалы і «Сымон-музыка» Я. Коласа, а таксама кнігі, прысвечаныя песнярам, у серыях «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» і «Школьная бібліятэка». Фотаальбом да юбілеяў піьменнікаў на беларускай і англійскай мовах убачыў свет у выдавецтве «Беларусь».
Праведзены бягучы рамонт і добраўпарадкаванне філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — «Акопы» і «Ляўкі», здзейснены бягучы рамонт будынка музея ў Мінску. Урачыста адкрыта першая чарга новай экспазіцыі музея, якая дазваляе на якасна новым узроўні паказаць жыццё і творчасць паэта ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце.
Зроблены капітальны рамонт і рэстаўрацыя фасадаў будынка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску і праведзены работы па рэканструкцыі мемарыяльнай сядзібы паэта. Выкананы таксама рамонтныя работы на мемарыяльных аб’ектах філіяла музея ў Стаўбцоўскім раёне — у Акінчыцах, Альбуці, Смольні, Ластку.
У Ізраілі па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы нададзена плошчы ў горадзе Ашдод, дзе пражывае звыш 200 тысяч нашых суайчыннікаў. Міжнародныя выстаўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці песняроў, з поспехам прайшлі ў Арменіі, Балгарыі, Бельгіі, Славакіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне.