Вайцюшкевіч крочыць на Захад за вар’яцкімі вершамі
Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra выдалі новы альбом — «Ваячак». Назвай альбома стала прозвішча польскага паэта Рафала Ваячака — алкаголіка, правакатара, скандаліста і крыху вар’ята.
Рафал Ваячак (1945-1971) — адзін з найбольш інтрыгуючых і таямнічых польскіх паэтаў, яскравы прадстаўнік так званых праклятых паэтаў, неаднаразова лячыўся ў вар’ятні і са школьных гадоў шмат разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Уласную смерць ён зрабіў адной з галоўных тэм сваёй эпатуючай, але вытанчанай у літаратурным сэнсе паэзіі.
Чаму Ваячак? «Я шукаў польскага паэта, якога мала хто спяваў — скажам так, незаясенінага, — распавёў Зміцер Вайцюшкевіч Naviny.by. — І вось я знайшоў такога персанажа, прачытаў яго біяграфію, вывучыў тэксты па-польску. Шчыра кажучы, да пачатку працы, як і 99% беларусаў, я нічога амаль не ведаў пра польскую паэзію. Але аркестр наш завецца «Усход-Захад», таму мы ўсё ж павінны былі раскрыць, што ж такое для нас Захад…».
Вось і раскрывалі, жартуе музыкант: «І аказалася, што каля нас жылі такія творцы, што Ван Гог — яшчэ не самы кепскі варыянт».
А калі сур’ёзна, дык, заўважае Вайцюшкевіч, дадзены праект — своеасаблівы крок насустрач заходнім суседзям: «Спадзяюся, што наш праект стане добрым крокам насустрач нашым суседзям, з якімі мы час ад часу ваюем. І я не маю на ўвазе толькі Польшчу, але і ўсіх астатніх суседзяў таксама. І гэтым учынкам мы зрабілі добрую справу і для беларускай, і для польскай паэзіі».
Набыць CD-версію дыска з персанальным аўтографам Вайцюшкевіча можна ў інтэрнэт-краме www.prastora.by
Фотасесію для аздаблення рабілі ў вар’ятні ў Беластоку. «На вокладцы — сапраўдны тамтэйшы ключ ад дзвярэй, без якога нельга патрапіць з калідора ў пакой ці наадварот. Гэта і артэфакт, і метафара альбома. У музычным сэнсе мы спрабавалі вынайсці менавіта такі ключ да паэзіі Ваячака, адкрыць яе для беларускага слухача», — распавёў Вайцюшкевіч.
Аздабленне для альбома зрабіў вядомы польскі беларус Юрка Асеннік, лідар гурта Zero-85.
Як прызнаецца музыкант, да вар’яцтва ў яго асаблівай цікавасці ніколі не было.
«Ваячак, як і Маякоўскі, скончыў жыццё самагубствам. Гэта персоны, якія мелі пэўныя ўнутраныя крызісы і канфлікты з асяроддзем, а пра Ваячка ў суадносінах да сённяшняга свету ўвогуле шмат чаго можна распавесці, — тлумачыць Вайцюшкевіч. — І я лічу, што чалавечыя крызісы трэба вывучаць яшчэ у школе: з чаго яны пачынаюцца, як мадэлююцца. А сёння ўсе стараюцца жыць «пазітыўненька». І ўжо пачынае нудзіць ад гэтага пазітыву, за якім схаваныя зачыненасць, праблемы, за ім мы не бачым альбо не жадаем бачыць усе бакі жыцця. А вось такія паэты як Ваячак даюць магчымасць паразважаць, што такое адзінота, вар'яцтва. Кепскае — найлепшы універсітэт. Гэта тычыцца і беларускіх культурных праблем — калі мы не будзем казаць пра кепскае, мы не навучымся быць лепшымі».
У той жа час Ваячак у інтэрпрэтацыі Вайюцюшкевіча быў пазбаўлены часткі негатыву.
«Мне заўжды цікава паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта, — распавядае Вайцюшкевіч. — Таму Маякоўскага я пазбавіў сацыялізма, а Ваячака — пэўнай часткі дэпрэсіі. Хацелася падкрэсліць, што ён быў у тым ліку выдатным лірыкам — у яго шмат вершаў пра жанчын, пра жаночае цела».
Для выдання альбома Вайцюшкевіч вывучыў польскую мову, але ў працэсе вырашыў заспяваць на беларускай — вершы пераклалі Андрэй Хадановіч і Вальжына Морт.
«Павінен прызнацца ў сваіх недахопах, — кажа музыкант. — Бо было вырашана перакласці вершы на беларускую мову з-за таго, што я не змог да канца адчуць польскую мову, як адчуваю беларускую. Нам падаецца, што калі мы ведаем словы «курва» і «добже», то ведаем і польскую мову, але гэта не так. Калі бы я пеў па польску, гэта было б падобна на тое, як спяваюць англійскія песні беларускія артысты на «Еўрабачанні».
Ад ідэі альбома да яго выдання прайшло шэсць гадоў. Былі і фінансавыя, і творчыя складанасці, кажа Вайцюшкевіч: «Таксама я вельмі хацеў, каб у праекце ўдзельнічаў і польскі бок, але спачатку гэта не атрымлівалася. І вось, дзякуючы Польскаму інстытуту ў Мінску, нарэшце мы праект скончылі. Асабіста мне было цікава папрацаваць доўга над праектам, бо я хуткі мужчына, магу за год і два альбома выдаць. Але трэба было папрацаваць даўжэй, таму што паэзія Ваячака досыць складаная, лёс яго вельмі нялёгкі, і ўсё гэта варта было абдумаць і перажыць. У выніку зробленая праца вартая майго асабістага універсітэту».
У сваім крочанні на Захад на польскай паэзіі Вайцюшкевіч спыняцца не збіраецца, у планах — пайсці далей за паэзіяй «паўвар’ятаў»…
«Я б вельмі хацеў папрацаваць з англамоўнай паэзіяй, — кажа ён. — Гэта тая паэзія, якая дае магчымасць рабіць акцэнты. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца, але гэта такая задумка на бліжэйшыя гадоў пяць. Засталося знайсці паўвар’ята у ЗША, Велікабрытаніі ці Новай Зеландыі…».
Зараз жа ідзе праца над… шансон-альбомам.
«Гэта будуць песні пра цяжкія чалавечыя лёсы — пра лёгкія ж ня мае сэнсу пісаць! Ужо падрыхтаваны 12 вершаў, якія напісаў Генадзь Бураўкін, магчыма будзе таксама паэзія Ўладзіміра Някляева, — распавёў музыкант. — Недарэмна ж кажуць, што ад турмы і ад сумы не заракайся, сёння ты — герой вокладак, а заўтра можаш сесці. А ў беларускіх абставінах у турму сесці яшчэ прасцей. Гэта бяда, якую ніхто не чакае, але, бывае, яна прыходзіць. І вось пра гэта мне хацелась б паспяваць і пажартаваць. Спадзяюся, што ў беларускіх таксоўках будуць калі-небудзь гучаць сэрцашчапальныя альбо жартаўлівыя і нязвыклыя беларускамоўныя песні пра такое рознае жыццё….».
Адказваючы на пытанне, ці можна ад яго чакаць яшчэ нечаканасцяў, Вайцюшкевіч заўважае, што ён «і так ўжо шмат зрабіў»: «Куды больш хацелася б не новых дасягненняў, а таго, каб Вольскі, Вайцюшкевіч і ўсе астатнія маглі проста падаць заяўку на правядзенне канцэрта, атрымаць дазвол, прадаць квіткі, заплаціць падаткі, і каб людзі прыходзілі на канцэрты і «выпускалі пар»… Каб ішлі нейкія культурныя працэсы. Бо сорамна ж, калі чатыры тысячы людзей едуць на канцэрт у Вільні, а не купляюць квіткі ў Палац спорту ў Мінску».
Вольга ПРУДНІКАВА