Акцёр Алег Чэчанеў зняўся ў кліпе гурта Ann Core (+ відэа і аўдыё)
Гурт Ann Core (злева направа): Андрэй Канаплянік (гітара), Аляксандр Цецін (лірыка, вакал), Раман Гарадзінскі (бас), Яўген Рапацэвіч (ударныя).
У лістападзе выйдзе першы паўнавартасны дыск маладзечанскага гурту Ann Core. У скарбонцы музыкантаў ужо ёсць кліп з Алегам Чэчаневым.Днём народзінаў гурту хлопцы лічаць 1 чэрвеня 2006 года. Стыль сваёй музыкі вызначаюць як альтэрнатыўная, нью-метал ці пост-грандж. Дарэчы, вызначаюць без ахвоты, бо не любяць заганяць сябе ў рамкі.
– Мы проста хочам іграць музыку, – кажа саліст Ann Core Аляксандр Цецін. – Тыраж дыска невялікі. Альбом жа можна будзе сцягнуць з Інтэрнэта. Мы думаем не пра тое, як напоўніць свае кішэні, а як прынесці людзям радасць сваёй творчасцю.
Альбом называецца AmbioValenta. Як мне патлумачыў Аляксандр, стаўку музыканты рабілі на крэатыў. Амбівалентнасць – гэта калі нешта выклікае ў чалавека супрацьлеглыя пачуцці. Назва гурту таксама абрана невыпадкова, бо “еncore” ў перакладзе на рускую мову азначае “выхад на біс”.
– Мы імкнуліся не запісаць дыск як мага хутчэй, а атрымаць асалоду ад кожнай хвіліны нашай ігры. І калі мы пачалі так ставіцца да сваёй музыкі, яна пачала прыносіць нам поспех. У выніку атрымаўся альбом. На днях я атрымаў яго канчатковую версію, слухаў, успамінаў, як ён ствараўся і запісваўся, быццам перажываў усё па-новаму. Кожны знойдзе там нешта для сябе, правядзе аналогіі са сваім жыццём.
Частка песень альбома была напісаная некалькі гадоў таму, асноўная ж – за апошні год. У 2010 годзе з’явіўся першы афіцыйны кліп на песню “Адпусці”. Галоўным героем у ім стаў Алег Чэчанеў.
– Алег наш сябар, – кажа Аляксандр Цецін, – вось мы і падумалі: “А чаму б і не?” Ён таленавіты акцёр, асоба. Выбар быў відавочны.
Алег Чэчанеў апынуўся ў кліпе невыпадкова
Акцёр Мінскага абласнога драмтэатра Алег Чэчанеў таксама прыгадаў, як два гады таму зняўся ў кліпе Ann Core:
– Я ведаў бас-гітарыста Рамана Гарадзінскага. Ён некалі працаваў гукааператарам у Мінскім абласным драмтэатры. Астатніх хлопцаў я асабіста не ведаў, хаця ўсё роўна ў горадзе ходзім аднымі і тымі ж дарогамі, таму візуальна ведаў усіх. Тым больш, што ў іх вельмі каларытныя і запамінальныя твары. Калі пачалі працаваць над кліпам, пазнаёміліся бліжэй.
– Як вы ставіцеся да творчасці гурту?
– Мне падабаецца ўсё, што робяць маладыя. І хаця стыль музыкі не мой, некалькі трэкаў мне вельмі спадабаліся і я захаваў іх на камп’ютары.
– Гэта ваш першы кліп?
– Раней я здымаўся ў рэкламным роліку, праўда ў Кіеве. Хаця не важна: кліп, эпізод у кіно ці ролік здымаецца. Задачы з самага пачатку ставіць рэжысёр, а потым любы відэапрадукт робіцца на мантажным стале. Вось і ідэя кліпа Ann Core “Адпусці” не мая.
– А што цікавей: у кліпе здымацца ці на сцэне тэатра іграць?
– Кліп – гэта цікава і незвычайна. Хаця мне падабаецца і тое, і другое, тым больш што гэта два бакі маёй прафесіі. Але менавіта тут быў жывы інтарэс да таго, што робяць хлопцы Ann Core, і жаданне ім дапамагчы.
Настасся РОЎДА.
Фота, відэа і аўдыё забяспечана Аляксандрам ЦЕЦІНЫМ.