«Палацавы баль у Нясвіжы»
— Нясвіжскі баль адкрые новую старонку ў гісторыі культуры Беларусі, паспрыяе адраджэнню нацыянальных традыцый, — такое меркаванне выказаў міністр культуры Павел Латушка падчас цырымоніі адкрыцця шляхетнага балю ў Нясвіжскім палацы. «Мы правялі перамовы з арганізатарамі Дрэздэнскага балю, і я спа-
дзяюся, што ў наступным годзе ў Мінску адбудзецца Дрэздэнскі баль. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў Беларусі Венскага балю. Чаму б яго не прыняць Нясвіжу?» — сказаў Павел Латушка. Міністр выказаў упэўненасць, што «падобныя праекты будуць большаць у нашай краіне», і адзначыў, што адраджэнне традыцый, у тым ліку дзякуючы правядзенню арыстакратычных баляў, «вельмі важна для разумення глыбіні нашай гісторыі, глыбіні нашых каранёў».
На Нясвіжскі баль прыехалі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва — салісты Вялікіх тэатраў Беларусі і Расіі. Сярод ганаровых гасцей былі народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян, сусветна вядомыя балерыны — народная артыстка Беларусі Вольга Гайка і заслужаная артыстка Расіі Анастасія Валачкова, якая прыехала ў Нясвіж са сваім балетам. Вядучымі Нясвіжскага балю сталі Аліна Краўцова і Марат Башараў. Гасцямі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята былі пераможца Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжанкова, а таксама мадэль і актрыса з Ірландыі, уладальніца тытула «Міс свету-2003» Разана Дэвідсан, дачка вядомага спевака Крыса дэ Бурга.
Увогуле, госці шляхетнага балю забаўляліся ад душы. Напрыклад, яны ў Тэатральнай зале маглі згуляць у фанты. Незадоўга да поўначы жадаючых запрасілі паўдзельнічаць у спірытычным сеансе — гэтай папулярнай забаўцы на балях у XIX стагоддзі. А ноччу гасцей пужаў прывід Чорнай панны Нясвіжа — Барбары Радзівіл. Можна было сустрэцца і са Станіславам Радзівілам… А Уршуля Радзівіл тлумачыла аб прызначэнні тэатральных машын, размешчаных у асобнай галерэі. Да паслуг жа тых, хто жадаў навучыцца танчыць вальс або мазурку, былі прафесійныя танцоры. Аматары тэатральнага мастацтва атрымлівалі асалоду ад міні-спектакляў па матывах беларускіх твораў. Усю ноч у палацы гучалі вядомыя вальсы, рамансы, этнічная музыка. Вядома ж, на балі жанчыны танцавалі ў бальных сукенках, мужчыны — у смокінгах.
Падрыхтавала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»
НА ЗДЫМКАХ: акцёр тэатра і кіно, тэлевядучы Марат БАШАРАЎ і народны артыст Расіі Дзмітрый ХАРАЦЬЯН на балі ў Нясвіжы; міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА з удзельнікамі балю.
Фота БЕЛТА