З Якубам Коласам па жыцці
Якуб Колас. Гэта работа нашага земляка, ураджэнца Мядзельшчыны, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, упрыгожыла кнігу твораў Якуба Коласа “З майго летапісу”, выдадзеную ў 1967 годзе.
Сёння 130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа.“Не сядзіцца ў хаце
хлопчыку малому…”
Словы першай кніжкі
ў сэрцы заляглі.
З той пары лічуся
з Коласам знаёмым,
песняром, адданым
роднае зямлі.
“Першыя зерняткі”
А кніжкай, па якой я вучыўся чытаць у другой палове 30-х гадоў, былі “Першыя зерняткі. Беларуская граматыка для хатняга навучання”. На тытульным лісце значылася: “Вільня, 1936 год. Выданне Язэпа Малецкага”. Менавіта ў раздзеле “Чытанка для дзяцей” і быў змешчаны верш “Зімовыя забавы”. Праўда, без подпісу аўтара. Але наш бацька, настаўнік па прафесіі, заўзяты беларусіст, добра ведаў нашу паэзію і растлумачыў: “Гэты ўрывак на чатыры слупкі – толькі частка вялікага верша Якуба Коласа “На рэчцы зімою”.
Прачытанае настолькі спадабалася, што мы ўсе пяцёра дзяцей вывучылі вершык на памяць. Нават я, самы малодшы, шапялявіў услед за старэйшымі Коласаўскія радкі.
У “Першых зернятках” (а не “зярнятках”, як цяпер значыцца ў літаратуры, – назву ж зборніка змяніць нельга) на 96-ці старонках змешчана шмат вершаў Янкі Купалы, Міхася Машары, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка, Янкі Журбы, Максіма Танка і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Але больш за ўсё адведзена месца Якубу Коласу, які так вобразна апяваў наш родны край, асабліва самотнае жыццё сялянства. Вывучаючы Коласа, можна заўважыць, што ў будучым асобныя радкі альбо перарабіў, альбо замяніў у іх словы. Напрыклад, у вершы “Зіма” “іней” заменены на “шэрань”, замест слоў “поле анямела” цяпер чытаем “рэчка анямела”, “і схілісь лозы” – “амярцвелі лозы”. У вершы “Чыгунка” слова “стройна” замененае на “роўна”: “Роўна рэйкі ляглі”. Яшчэ раз пераконваешся ў тым, што Канстанцін Міхайлавіч заўсёды пільна працаваў над паэтычным словам.
Якуб Колас у Беластоку
Час ішоў. Міжнародныя падзеі мяняліся, а ў нашай сям’і бібліятэка ўсё папаўнялася і папаўнялася творамі народнага песняра. Не выключэннем быў і 1939 год, калі наш бацька Флор Данатавіч Манцэвіч 29 кастрычніка выступіў у Беластоку з дакладам аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Менавіта там ён і пазнаёміўся з народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам, якіх запрасілі на сход у якасці ганаровых гасцей. Іх нават выбралі ў прэзідыум. У той жа дзень Колас з высокай трыбуны прачытаў толькі што напісаны верш “Наперад! Да дня 28.10.1939 г.”:
Збіты кайданы
чорнае ночы,
Сцёрты старыя
скрыжалі.
Смела наперад,
люд наш рабочы,
К шчасцю ў шырокія
далі.
Выкуем долю ўласнай
рукою,
Ласкі нам панскай
не трэба…
Згодай народаў,
дружбай святою
Возьмем зямлю мы
і неба.
У першыя ж дні акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі нашага бацьку. Але словы пра Купалу і Коласа, якія я чуў ад яго ў раннім дзяцінстве, усё жывуць у маёй памяці.
70-гадовы юбілей паэта
Люблю пагартаць старонкі ўласнага дзённіка юначых гадоў, дзе час ад часу сустракаецца імя Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа). Асаблівую ўвагу я звярнуў на дні, калі грамадскасць Беларусі (аж не верыцца – 60 гадоў таму!) адзначала чарговы юбілей народнага паэта. Газеты стракацелі публікацыямі на важную тэму. Паведамлялася пра тое, што за выдатныя заслугі ў развіцці савецкай мастацкай літаратуры і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў Якуба Коласа ордэнам Леніна. 11 лістапада адбылася сесія АН БССР, прысвечаная юбілею Якуба Коласа, а 15 лістапада – агульнагарадскі юбілейны вечар. Паміж гэтымі дзвюма важнымі падзеямі, 13 лістапада, прайшоў урачысты сход студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ імя Леніна і Мінскага педінстытута. І адбываўся ён у глядзельнай зале педінстытута, бо ў нас быў толькі маленькі клуб.
Як хацелася мне трапіць на вечар! Але як? Выручыў другакурснік аддзялення беларускай мовы і літаратуры нашага філфака, пры якім існавала аддзяленне журналістыкі, Віктар Несцяровіч. А з ім я пасябраваў адразу, спяваючы ва ўніверсітэцкім хоры. Стаялі побач. Тэнары.
– Пойдзем да Ніла Гілевіча, – сказаў Віктар. – Ён мой добры сябра. Вучымся разам. І яго ўжо ведаюць у Саюзе пісьменнікаў як таленавітага пачаткоўца.
– Добра, хлопцы! – пачухаў патыліцу Ніл. – Мне ўжо далі два запрашальныя білеты. Паспрабую яшчэ парачку вымаліць.
І “вымаліў”.
Вывучаю прэзідыум
І вось я са сваім сябрам (дарэчы, з яго братам, Паўлам Несцяровічам, доўгі час працаваў у Бярэзінскай райгазеце) сяджу на ўрачыстым сходзе. Я яшчэ амаль нікога з пісьменнікаў у твар не ведаў, а Віктар, таксама паэт-пачатковец, пераважна праз Ніла Гілевіча за год вучобы ўжо змог сустрэцца з многімі паэтамі і празаікамі. І гэта Несцяровіч лічыў за вялікі гонар. Ён шэптам кажа, звяртаючыся да мяне:
– З членаў прэзідыума ты, бадай што, ведаеш толькі Якуба Коласа і нашага прафесара Івана Васілевіча Гутарава. З дакладам выступае Юліян Сяргеевіч Пшыркоў. Таксама ў нас выкладае. І нездарма яму далі такое адказнае даручэнне: летась ён выдаў даследаванне, якое так і называецца – “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”. У прэзідыуме сядзяць Максім Лужанін, Пятро Прыходзька, Эдзі Агняцвет.
Са словамі прывітання выступалі пяцікурснік філфака БДУ, малады паэт Алег Лойка, Іван Васілевіч Гутараў, якога мы так глыбока паважалі за яго гуманізм, высокае майстэрства чытання лекцый. Іван Васілевіч настолькі эмацыйна, без паперкі гаварыў, што зала неаднаразова адказвала яму авацыяй. І невыпадкова: Гутараў у 1928 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Белдзяржуніверсітэта, дзе Канстанцін Міхайлавіч выкладаў методыку роднай мовы.
– Усё, чаму вы нас вучылі, – звяртаючыся да віноўніка ўрачыстасці, гаварыў Гутараў, – я стараюся данесці да студэнтаў нашых дзён.
Эдзі Агняцвет, Пятро Прыходзька, Міхась Калачынскі і Ніл Гілевіч прачыталі свае вершы, прысвечаныя юбіляру. Самае вялікае ўражанне зрабіў на нас (па рэакцыі залы было бачна) Ніл Гілевіч, які з дасціпным гумарам прадэкламаваў свой верш-перапеў (ці як яго назваць) на твор Якуба Коласа “Асадзі назад!”. Нідзе герою-бедалагу не давалі дарогі. І калі яго саджалі за краты, пачулася распараджэнне: “Даць яму ўпярод!”. І толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі для нашага героя адкрылася шырокая дарога ў жыццё – рабіў вершаваную выснову малады аўтар.
Колас не стрымаўся. Ён, які да гэтага часу, здавалася, сядзеў панурым, падышоў да Ніла і па-бацькоўску абняў яго.
Прыгадваючы гэты эпізод, Ніл Сымонавіч на сустрэчы з бярэзінцамі 24 сакавіка 1985 года ў раённым Доме культуры сказаў: “Я не спадзяваўся на такую глыбокую падзяку ад народнага паэта”.
А цяпер Ніл Гілевіч сам з’яўляецца народным паэтам і смела працягвае традыцыі Якуба Коласа.
Запавет моладзі
Выступаючы са словам у адказ, юбіляр звярнуў увагу “студэнтаў і студэнтак” на “тры бясцэнныя дары”:
“Першы дар – ваша моладасць, сіла, жыццярадаснасць. Другі дар – прасторныя шырокія дарогі ў жыццё… Трэці ваш дар – сягоння яго яшчэ няма ў вас, але ён павінны быць, яго вы абавязаны здабыць – вашаю чэснай, прынцыповай, адданай працай на славу нашай сацыялістычнай Радзімы, партыі і народа”.
Якуб Колас даў нам запавет ісці ў нагу з часам, не адставаць, апярэджваць яго.
У будучым мне пашэнціла сустракацца з Максімам Танкам і Янкам Брылём, Максімам Лужанінам і Аркадзем Куляшовым, Пятром Глебкам і Петрусём Броўкам, са шмат іншымі вядомымі пісьменнікамі. Іван Навуменка і Алесь Адамовіч чыталі ў нас лекцыі. Але вечар, прысвечаны 70-годдзю Якуба Коласа, займае ў маім жыцці выключнае месца.
Якуб Колас страляе сатырай
Ніколі не стамляюся перачытваць Якуба Коласа. Некаторыя творы, як, напрыклад, апавяданне вершам ”Як Янка забагацеў”, актуальныя і сёння. Тут стрэлы сатыры трапляюць у тых, хто за людскія грошы хоча нажыцца і нажываецца. Янка цераз святога Юрая атрымаў адказ ад Бога, чаму ён такі бедны. Бог перадаў цераз Юрая:
Таму Янка і галее,
Што па праўдзе жыць
умее.
Калі ж хоча быць
багаты,
Скінуць зрэб’е сваё,
латы, –
Няхай круціць
і шальмуе
Ды аб праўдзе
не сумуе.
Янка стаў “круціць, шальмаваць” і хутка разбагацеў. Ці ж не так і многія нашы сучаснікі дабіваюцца багацця.
Барыс МАНЦЭВІЧ,
член Беларускага саюза журналістаў з 1958 года.
Родныя вобразы
Вобразы мілыя
роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца
да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі
роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку
і жальбы нядолі,
Поўныя смутнай
красы?
Толькі я лягу і вочы
закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы,
як жывыя,
Ззяючы мілай красой.
Чуецца гоман мне
спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага
шум-гул шчаслівы,
Песня магутных
дубоў...
Вобразы мілыя,
вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя,
песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.
1908 г.