Турыстычны маршрут – па «Новай зямлі»
За гэты юбілейны год гісторыка-культурныя аб’екты, якія так ці інакш звязаны з жыццём і творчасцю паэта, прыкметна змяніліся. Мясцовая ўлада Стаўбцоўшчыны і арганізацыі раёна аказалі дапамогу ў правядзенні рамонту чатырох мемарыяльных сядзіб Якуба Коласа. Цяпер іх знешні выгляд значна аднавіўся. Адрэстаўраваны і знакамітыя драўляныя скульптуры кампазіцыі «Шляхі Коласа», пазбавіліся выбоін і пад’язныя дарогі да сядзібаў. Намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Шэсцель паведаміў напярэдадні святкавання юбілею на прэс-канферэнцыі, што дзякуючы фінансавай дапамозе Мінаблвыканкама зроблены таксама касметычны рамонт у школе вёскі Мікалаеўшчына, якая носіць імя Коласа. А на сайце школы адкрыты віртуальны музей, дзе можна пазнаёміцца з прадстаўленымі экспанатамі.
— Разам з кіраўніцтвам Стаўбцоўскага райвыканкама мы будзем шукаць тыя праекты, якія абавязкова прыцягнуць і жыхароў Беларусі, і замежных турыстаў да гэтых прывабных мясцін, — заявіў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі. — Тым больш што гэтыя турыстычныя маршруты можна нават уключыць у комплексныя, пры наведванні Міра, Нясвіжа. Мы таксама вернемся і да ідэі стварэння агульнага маршрута «Дарогамі Міцкевічаў», пачынаючы ад Адама і завяршаючы Канстанцінам. За аснову можна нават смела браць «Новую зямлю» Якуба Коласа, каб арганізаваць па гэтым творы рэальныя праекты.
І сапраўды, творы нашага знакамітага земляка распаўсюджаны па-за межамі Бацькаўшчыны. Папулярызацыяй творчасці паэта актыўна займаецца і Дзяржаўны музей Коласа, які ў гэтым годзе быў адноўлены.
— Ужо дзесяць год, як у нас заключана дамова с музеем Рыльскага ў Кіеве. Зараз там працуе наша выстава. Сёлета на каласавіны, 2 лістапада, мы заключым пагадненне з Літаратурным музеем Курска, дзе праводзіцца шырокая прапаганда творчасці нашага песняра, — паведаміла «БН» дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — У Пецярбургу плануецца выстава «Мілы кут маіх дзядоў». Некаторыя выставы перададзены ў гарады Арменіі, Балгарыі, Латвіі і Польшчы. Мы жадаем, каб слова Коласа гучала і за мяжою, дзе падрастае новае пакаленне нашых суайчыннікаў. У Беларусі грамадства вельмі зацікаўлена жыццём і творчасцю паэта, грунтоўная праца праводзіцца сярод школьнікаў. У гэтым годзе шмат увагі атрымаў праект «130 прысвячэнняў Якубу Коласу». На сёння да нас паступілі каля сотні заяў ад грамадзян рознага ўзросту. Ёсць нават канкурсанты з Латвіі.
Творчыя працы можна дасылаць на паштовую скрыню музея да 1 лістапада. Гэта могуць быць літаратурныя творы (вершаваныя, празаічныя, драматычныя) аб’ёмам да аднаго друкаванага ліста (40 тысяч знакаў з прабеламі). Ацэньваць творцаў будуць прафесійныя пісьменнікі, крытыкі, навукоўцы, коласаведы. Лепшых аўтараў запросяць у музей, дзе яны атрымаюць узнагароды, а іх працы апублікуюць у зборніку, выхад якога запланаваны на пачатак 2013 года.
Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»