З Акінчыц – у вялікі свет

Источник материала:  
ДОБРЫ экскурсавод па коласаўскіх мясцінах і краявідах Стаўбцоўшчыны — драўляная карта «Родны кут Якуба Коласа», якая ўпрыгожвае вулічную сцяну музея ў Акінчыцах. Занатаваўшы ў памяці маршруты, пакідаю гэтае месца — былы кантрольна-прапускны пункт, дзе некалі правозілі радзівілаўскую драўніну. Кіруем з Соф’яй МІЦКЕВІЧ на Альбуць. Праязджаем акінчыцкае радзівілаўскае лясніцтва. Цяпер тут жывуць тры сям’і, а некалі 16 пакояў займаў пан ляснічы. Не пуставала тут і зала для сесій, сходаў.

Працяг. Пачатак у нумары за 19 верасня.

…Навокал — коласаўскія мясціны, дзе існуе мноства гісторый, якія могуць стаць літаратурнымі сюжэтамі. На дарозе сустракае падарожнікаў сімвал Стоўбцаў — манах на слупе. З помнікам звязана гераічная легенда. Некалі, у сівую даўніну, князь пабудаваў у гэтых мясцінах манастыр. Ды тут пачалася чума, манахі лячылі хворых, хавалі памерлых. І быццам чума адступіла, але раптам у аднаго манаха з’явіліся прыкметы хваробы. А потым адзін за адным захварэлі ўсе насельнікі манастыра. І манахі вырашылі, каб не распаўсюджваць хваробу далей, сябе… спаліць. Заперліся ў манастыры, падпаліліся і згарэлі. У гонар манахаў-патрыётаў удзячныя людзі паставілі помнік — тры велізарныя «столба», ад іх і пайшла назва населенага пункта — «Столбцы».

Помнік вітае турыстаў больш за дваццаць гадоў, паставілі яго разьбяры. Яны ж стварылі драўляны летапіс — «Шлях Коласа». Скульптуры выраслі ўздоўж дарогі Стоўбцы — Мікалаеўшчына, а таксама калі звярнуць у бок леснічоўкі Альбуць. Такім своеасаблівым чынам героі з твораў знакамітага паэта злучаюць сядзібы і мясціны, звязаныя з імем песняра.

Таму сустракаюцца ўздоўж дарогі драўляныя і дзядзька Антось, і Міхал, і групавыя кампазіцыі. Вось і месца, якое называецца ў народзе Балотца, або Чартавіца. «Але меліяратары яго асушылі, чэрці паўцякалі, — смяецца Соф’я Пятроўна». І толькі напамінак застаўся — Чортаў камень з «Казак жыцця» Якуба Коласа.

Вырас як з-пад зямлі чароўны Лесавічок. Кажуць: калі пагладзіць яго, ідучы па  грыбы, ягады, абавязкова пашанцуе. Да юбілею Коласа тут зрабілі месца адпачынку… Вось і адметны крыж на скрыжаванні дарог… Прамінулі дзядзьку Антося, які вучыць Кастуська касіць. А тут і Міхал — бацька Коласа — ідзе з абходу…

«Парэчча — слаўная мясціна…»

Альбуць праслаўлена ў паэме «Новая зямля» пад назвай Парэчча. «Парэчча — слаўная мясціна, куток прыгожы і вясёлы: як мора — лес, як неба — долы, зіхціць у кветках лугавіна... А колькі ягад і парэчак! Як пахне мёдам поле грэчак…»

У 1890-м Альбуць стала чацвёртым месцам службы Міхала Міцкевіча. Тут, на лясных маляўнічых прасторах, прайшло дзяцінства і юнацтва будучага народнага паэта Беларусі.

…Каб трапіць на сядзібу, трэба мінуць «царскія вароты», як называе іх Соф’я Міцкевіч. Адкуль такая назва? Тутэйшыя мясціны — Коласаўскі заказнік, ніякае будаўніцтва не дазваляецца. Адсюль і развялося шмат дзічыны — гэта тэрыторыя ланяў, ласёў, аленяў, кабаноў, ваўкоў, ліс, дзікіх коз, якія засталіся яшчэ з радзівілаўскіх часоў! Жыўнасці вельмі шмат — а значыць, ёсць і браканьеры. «Прыйшлося выкапаць роў, пакласці камяні і паставіць жалезабетонныя слупы. І мы іх аформілі прыгожай брамкаю — царскімі варотамі», — тлумачыць Соф’я Пятроўна.

Бяжыць сярод лесу, імкнецца ў бок хаты, дзе жыў Колас, сцяжына — Буданская лінія. Некалі яна была каменная. А назву атрымала таму, што князі Радзівілы, калі прыязджалі на паляванне, заўсёды тут у будане адпачывалі. З будана вырасла леснічоўка, таксама радзівілаўскі кантрольна-прапускны пункт… У добрую пару ў навакольных лясах баравікоў — пад кожным кустом, збіраў іх і маленькі Якуб Колас…

Яшчэ здалёк відаць гумно сядзібы, і тут жа працяг сцяжыны новазямельцаў. Справа — групавая кампазіцыя з «Раніцы ў нядзельку»: «Дзень быў святы. Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне…» Вітаемся з Міхалінай, старэйшай сястрычкай Коласа, якая трымае яго на руках. Тут жа і Юзік-шаляніца… Далей сустракаем разьбяра па дрэве, ткачыху, дудара.

«Цякла тут з лесу невялічка травой заросшая крынічка. Абодва берагі якой лазняк, ракітнік абступалі…» — успамінаем словы з «Новай зямлі», калі мінаем масток. І цяпер тут шчыруюць бабры: відаць, іх хаткі, адна, другая, трэцяя плаціны… Чарговая рукатворная выява — «Падгляд пчол» — дзядзьку Антося апанавалі пчолы і мурашы…

Калі ў Акінчыцах хлеў і гумно — адна пабудова, то ў Альбуці яны «разбегліся» — стаяць паасобку. Такая мода была раней — гаспадарчыя пабудовы крыліся саломай, а дамы — дранкай або гонтай. Тут — гонтай. Але коласаўскія пабудовы не захаваліся.

— У князёў Радзівілаў тут была так званая лясная школа. Гадавалі рэдкія пароды дрэў, упрыгожылі лясныя прасторы амерыканская таполя, ліпа драбналістая і буйналістая… А вясной распускаецца манчжурскі арэх. З тых далёкіх часоў расце, — знаёміць з мясцінай Соф’я Міцкевіч.

Углядаюцца ў неба дубы, якія растуць не адну сотню гадоў — некаторым мо ўжо пяцьсот! У Альбуці Якуб Колас напісаў свой першы верш «Вясна», калі сядзеў на лавачцы пад згараным дубам. Чытаў бацькам і атрымаў першы літаратурны ганарар — срэбны рубель. Купіў на кірмашы падушачак-цукерак, ездзіў туды з дзядзькам Антосем. І брацікі, і сястрычкі прасілі Кастуся: «Пішы больш»… Адзін такі дуб сёння могуць абняць 6 дзетак і 5 дарослых. Вельмі шырока раскінулі дрэвы свае «рукі». Іх бачылі яшчэ Колас і яго бацькі! Захавалася ўсяго пяць дубоў. А яны былі чатырохкутнікам пасаджаны вакол будана…

«Праз год вясною згарэла хата з варыўнёю», — піша Якуб Колас. Трэба было пачынаць зноў будавацца. Князь Радзівіл даў лес. З Мікалаеўшчыны прыехалі браты Міхала, хату паставілі. Але сям’я перазімавала ў зямлянцы, дзе пасля зрабілі склеп пры грэбнях. «У глыбі двара стаяла хата і выглядала зухавата паміж запушчанай будовы, як бы шляхцянка засцянкова… Садок быў, праўда, невялічкі: дзве верабіны ды тры дзічкі, ды між верб ліпка маладая, бы іх унучка дарагая». Дык тую ўнучку зламаў ураган, а на яе месцы выраслі праўнучкі. Дзве прыгажуні.

А там, дзе красуюць кусты чаромхі, некалі дзядзька Антось пасадзіў два дрэвы. Засталіся толькі пні, але пайшлі ад іх парасткі.

На двары турыстаў прываблівае пацёрты камень-жорнаў, які называюць чароўным. «Можна жаданне загадаць, калі на яго стаць. І спраўдзіцца! — упэўнена Соф’я Міцкевіч. — А каменю, можа, пад дзвесце гадоў! Колас таксама на яго ступаў».

За хатай ў радочкі стаяць 50 вулляў. Тут раіліся пчолы бацькі Коласа, а цяпер лясгасныя.

«А будзе йсці навука туга, падгонiць бацькава папруга…»

12 гадоў жыцця Коласа прайшло ў Альбуці. Дом таксама адноўлены — кропля ў кроплю як у архіўных дакументах. А адкрывалі яго да 110-й гадавіны Якуба Коласа.

«Цяпер разгорнем часаў шаты, бліжэй прыгледзімся да хаты, да Міхася і да Антося, як там вялося, як жылося…» Хаты ў часы дзяцінства пісьменніка дзяліліся на тры часткі: сенцы, камору, святліцу. У адноўленым жытле створана экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля», якая знаёміць з выданнямі твора розных гадоў, рукапісамі. Колас у сваёй паэме кожную пару года апісаў і чым займаліся людзі, таму не выпадкова тут — прадметы побыту сялян ХІХ — ХХ стагоддзяў. У святліцы экспазіцыя адлюстроўвае чатыры пары года. На кожным акне — адпаведнага колеру фіранкі. Адступленні намаляваны лірычныя, пейзажныя: «На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі. Яе красёнцы, чаўначкі ў моры лесу мільгатнулі і лісце ў багру апранулі; І з кожнай лісцевай галоўкі глядзіць твар восені-свякроўкі…  Шыбуюць гусі ў край далёкі і жураўлі ў той самы край. — Бывай жа, лецейка, бывай!»

У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць. Дзве зімы разам са старэйшымі братамі вучыўся дома ў так званага “дарэктара”, потым скончыў народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне.

— Калі сям’я Міцкевічаў пераехала ў Альбуць з Ластка, то ў Мікалаеўшчыну далёка ісці лесам, ды і ваўкі там ходзяць. І бацька вырашыў узяць на дом дарэктара. Згадзіўся з дзеткамі займацца іх аднагодак Іван — сваяк па лініі бацькі, родны пляменнік. «Стаялі хлопцы і маўчалі, на Яську зрэдку паглядалі; а сам дарэктар, з вузел ростам, у сваім уборы бедным, простым, у зрэбных портках і кашулі, стаяў, як бы яго прыгнулі…» Вучыліся дзеці па «Начатках». Гэта пачатак Закона Божага. «Ойча наш» вывучылі добра, а астатняе ішло цяжка. І хлопцам так ужо надакучылі гэтыя «Начаткі», якім у паэме «Новая зямля» прысвечаны цэлы раздзел. І яны вырашылі ўвогуле ад іх пазбавіцца.

«Начаткі» дзядзька Антось закладваў за бэльку, бо стол вызвалялі для вячэры. А дзеці што зрабілі? Распрацавалі план Ула- дзя з Алесем, а Кастусь меньшанькі быў, але не адставаў. І вырашылі віну скінуць на… ката. Быццам бы той парваў «Начаткі». Уладзя заткнуў іх пад страху, каб бацька не знайшоў. Сам Уладзя ўспомніў гэтую гісторыю і распавёў сваёй жонцы Любові Адольфаўне, калі чыталі «Новую зямлю».

…Але дзеці не дадумаліся, што на снезе застануцца сляды. Міхал рана ўстаў, убачыў іх і падумаў: куды ж гэта хто хадзіў? Знайшоў «Начаткі», расказаў жонцы і дзядзьку Антосю. Бацька хацеў пачаставаць малых папругаю: «Гэта ж дадумацца, прастудзіцца хлопец мог, босы па снезе па калена ішоў, хаваў кніжку». Маці сказала: «Шкада, яны дурныя яшчэ, ну, не падабаецца ім вучыцца». А дзядзька Антось быў ласкавы, добры, сам быў нежанаты і ўсю любоў аддаў дзецям брата. Заступіўся за малых. Дарослыя вырашылі не біць хлопцаў, толькі добра ўшчуць. Накрычалі на іх, і бацька спытаў: «Ну, прызнавайцеся, хто зрабіў шкоду?» Ніхто не прызнаваўся. Усе стаялі апусціўшы галовы. «Глядзіце, хлопцы! Як будзе ісці навука туга, паможа бацькава папруга». — «Мы больш не бу- дзем!» Тады дзядзька Антось едзе і купляе новыя «Начаткі».

— З Альбуці Якуб Колас пайшоў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Цяжкавата яму было. Асабліва першы год. А пасля прызвычаіўся, — расказвае экскурсавод. — Часта прыязджаў сюды. Бацька ўжо хварэў. Якуб Колас лекі прывозіў. І падарункі родным.

Па некаторых успамінах, калі ў Нясвіжы з’явіліся незвычайныя мухалоўкі — шкляныя, — Колас падараваў падобную матулі. У музеі — кропля ў кроплю такая ж. Ад родных Коласа ў Альбуці застаўся толькі адзін рарытэт — драўляная старэнькая-старэнькая «разделочная доска».

«Экзотык!»

— У нас бывае многа цікавых груп. Напрыклад, аднойчы з Эфіопіі госці прыехалі. Яны пытаюцца: «А якія цацкі ў дзяцей былі?» Я неяк сумелася: «Дзядзька Антось паедзе на кірмаш, прывязе якую-небудзь гліняную цацку або салодкую пляцку, як гаворыцца ў «Новай зямлі», — распавядае Соф’я Міцкевіч. — «Не, — кажуць яны — А вы пакажыце нам паравозікі». Аказваецца, яны падумалі на старыя прасы, што стаялі на печы, што гэта паравозікі… Смешныя бываюць выпадкі. Ходзяць турысты і паўтараюць адно слова: «Экзотык! Экзотык!» Мне спадабалася група з Катара — з паліцэйскай акадэміі па барацьбе з тэрарызмам. Яны чыталі «Родны кут» на беларускай мове! Вядома, з акцэнтам. «А адкуль жа ведаеце?» — спыталася. «Дык усю дарогу іх вучыў!» — адказаў перакладчык. І напісалі на арабскай мове водгук, і «Родны кут» на арабскую мову пераклалі. Многія ведаюць гэты верш… З Японіі прыяз- джалі госці. Жанчына-пасол так прыгожа чытала «Мой родны кут, як ты мне мілы…» Гэта было ў Акінчыцах.

А аднойчы прывезлі вялікую групу дзетак, можа, трыццаць. Рознага ўзросту. І з іх вуснаў лілася чысцюткая мяккая беларуская мова. «Ёсць тут і адзінаццаты клас?» — спыталася. Думала, што гэта нашы беларускія дзеці. «А я ў дванаццатым класе, — кажа адзін хлопчык. Думаю: «Дзе гэта ў нас ёсць столькі класаў?» Яшчэ не даходзіць, што гэта замежнікі. «Вы, напэўна, з Гомельшчыны?» — «Не. Мы з вёскі, але яе няма на карце і глобусе. Яна за тысячы кіламетраў адсюль. Мы з Аўстраліі, з-пад Сіднэя». І так цудоўна за мной хорам паўтаралі: «Мой родны кут, як ты мне мілы…»

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

(Працяг будзе.)

←Земледельцы Борисовщины расширяют посевы озимых

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика