Чацвёртая "Камяніца" прайшла ў новым фармаце, але без "Крамбамбулі"
16.09.2012 17:50
—
Новости Культуры
Чацвёртая “Камяніца” прайшла ў новым фармаце, але без “Крамбамбулі”
Аўтэнтычныя збудаванні ХІХ стагоддзя, людзі ў нацыянальных строях, вольнае паветра і шмат этнічнай беларускай (і не толькі) музыкі. Атмасфера, у якой беларусы адчуваюць сваю гістарычную еднасць, панавала на фолк-фэсце “Камяніца”, што прайшоў у суботу пад Мінскам.
Сёлетняя, “Камяніца”, генеральным партнёрам якой выступіла ААТ "Банк БелВЭБ", ладзілася ў новым фармаце. Ён заключаўся ў наяўнасці аматарскай пляцоўкі для выступоўцаў. Акрамя гэтага быў павялічаны час канцэртнай праграмы – фэст доўжыўся з 12 да 21 гадзіны. Трэцяя адметнасць фестывалю – гэта запрошаныя выступоўцы. Адмысловым госцем у гэтым годзе стаў расійскі гурт “Иван Купала”, які вядучы фэсту Алег Хаменка назваў беларускім брэндам у Расіі. З новаўвядзенняў крыху здзівіла павялічаная колькасць міліцыі на фэсце пры адсутнасці ў продажы на тэрыторыі музея алкаголю. 
Яшчэ адным сюрпрызам, праўда, не надта прыемным для наведвальнікаў фэсту, стала інфармацыя пра змену складу выканаўцаў. Напярэдадні свята лідар гурта “Крамбамбуля” Лявон Вольскі паведаміў у сваім фэйсбуку, што “Камяніца” пройдзе без іх удзелу. Каментарыі музыка паабяцаў даць у панядзелак. Адзін з арганізатараў Сяргей Чагрынец яснасці ў гэтую справу таксама не ўнёс: “У працэсе падрыхтоўкі мы згубілі два музычныя калектывы – гэта “Юр’я” і “Крамбамбуля”. Мы маем права мяняць удзельнікаў канцэртнай праграмы. Я лічу, што “Крамбамбуля” непрыстойна павяла сябе ў адносінах да фестывалю, адмовіўшыся ўдзельнічаць у ім”.



У астатнім “Камяніца” праходзіла па запланаваным раскладзе. Музей народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо, дзе мусіў праходзіць фэст, чакаў сваіх наведвальнікаў ужо з дзесяці гадзін раніцы. Дырэктар музея Святлана Лакотка адзначыла: “Гледачы зацікаўленыя, у першую чаргу, наведаць канцэрт, але таксама ў іх з’яўляецца магчымасць пазнаёміцца з унікальнай экспазіцыяй музея, з творчасцю народных майстраў, паўдзельнічаць у майстар-класах па старадаўніх танцах”.
Асноўная частка гледачоў на машынах, аўтобусах ды роварах пачала з’язжацца ў музей да дванаццатай гадзіны. Менавіта ў гэты час пачыналася выступленне аматарскіх калетктываў на спецыяльнай пляцоўцы, якую курыравала спявачка Руся. Адкрылі канцэртную праграму дзіцячыя ансамблі. Дарэчы, у гэтым годзе выступіць на фэсце прыехала 157 дзяцей – рэкордная колькасць за час правядзення “Камяніцы”. Выступы на непрафесійнай сцэне ўражвалі не толькі разнастайнасцю выканання, але і разнастайнасцю геаграфіі. Так, салістка гурта “Яваровыя людзі” Аляксандра Саленік прыехала на фэст з Канады.


Паралельна з выступамі на непрафесійнай сцэне на тэрыторыі музея разгарнуўся кірмаш традыцыйных рамёстваў, дзе любы ахвотны мог набыць плецены пояс, саламяны брыль і нават мёд. Тут жа, на імправізаваным кірмашы, гралі музыкі на традыцыйных інструментах, а на ўсю шырыню дарогі расцягнуліся пары танцораў у нацыянальных строях. Гледачы, якім удавалася пераадолець такую культурную “перашкоду”, рушылі далей і траплялі на шырокую адкрытую пляцоўку, дзе месцілася сцэна для запрошаных выканаўцаў. Тут у чаканні першых выступоўцаў людзі гуртаваліся ў купкі і рассядаліся на зямлі перад сцэнай. Вядучы імпрэзы Алег Хаменка прызнаўся: “Я крыху нервуюся, але настрой выдатны! Усе гэтыя гады я быў вядучым і, па сутнасці, мастацкім кіраўніком фестывалю. Таму гэта ўсё мяне хвалюе, я вельмі рады за гэта. На сёлетні фестываль акрамя музыкаў запрошана шмат людзей розных фарматаў творчасці: рыцары, танцоры, арганізаваны паказ мадэляў рэканструкцыі беларускіх касцюмаў. У гэтым годзе яшчэ не вельмі добра прадстаўлена беларуская кухня, спадзяюся, у наступны раз будзе і яна”.





Адкрыў праграму на вялікай сцэне гурт “Ліцвіны”, які, па сутнасці, адрадзіў беларускую фальклорную традыцыю. Пасля іх на сцэне з’явіліся падобныя да эльфаў людзі – гурт “Irdorath”. “Пакажыце нам, як вы ўмееце танчыць!” – заахвочвалі выканаўцы гледачоў, якія і без таго пачыналі ўжо вадзіць карагоды перад сцэнай.



Сапраўды шалёнай энергіяй этна-дыскатэкі зарадзілі пляцоўку басаногія скокі ўдзельнікаў гурта “Vuraj“.

Паміж выступленнямі музыкаў гледачы маглі пабачыць паказ нацыянальных строяў. Дарэчы, каларытныя касцюмы былі не толькі на ўдзельніках канцэртнай праграмы. Шмат гледачоў прыйшло на фэст у нацыянальнай вопратцы, для іх уваход на тэрыторыю музея быў бясплатны. Арганізатары фэсту зладзілі конкурс, у якім абіралі лепшую пару, апранутую ў нацыянальныя строі. У выніку меркаванні журы раздзяліліся, і падарункі атрымалі ўсе пяць пар, што выйшлі на сцэну. Але гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы для аматараў нацыянальных касцюмаў. Прадпрыемства “Скарбніца” сумесна з мадэльным агенцтвам “Тамара” правялі дэфіле стылізаваных строяў з беларускімі этнічнымі матывамі.


Пад выступы гуртоў “Silver Sky”, “Re1ikt”, “Pawa”, “FolkRoll” і Насты Някрасавай атмасфера фэсту ўсё больш напітвалася энергетыкай старажытнасці, хоць, як справядліва зазначалі некаторыя з гледачоў, часам было сумнавата.
Кульмінацыйным жа момантам стала з’яўленне хэдлайнераў свята – “Ивана Купала”. Незадоўга да выхаду на сцэну ўдзельнікі гурта распавялі, што радыя прыезду на фэст і адзначылі, што вельмі цікава было пазнаёміцца з гісторыяй быта нашай краіны. Калі ж выканаўцы пачалі спяваць, пляцоўка перад сцэнай пераўтварылася ў кола, якое рухалася ва ўсіх напрамках: дзясяткі гледачоў узяліся за рукі і пачалі вадзіць карагоды. З лёгкай падачы расійскага гурта беларусы танчылі кадрыль і спявалі разам з выканаўцамі. Да выступу далучыўся і Алег Хаменка, праспяваўшы разам з гасцямі песню “Сваточки”. Завяршылася праграма фэсту драйвам ад маладога беларускага гурта “Гаротніца”.



Пад расквечанае феерверкам неба пляцоўка пачала пусцець. У дарогу пакрысе рушылі аўтамабілі і ровары. А тыя, хто не меў асабістага транспарту, выстройваліся ў чэргі да аўтобусаў з запацелымі шыбамі і раз’язджаліся дадому.
