Народнаму паэту – ад народа
Дом выратавалі абразы…
Найкаштоўнейшы з рарытэтаў — сам дом, што захаваўся з ХIХ стагоддзя. У адным з пакояў тут з восені 1906-га па вясну 1907 гадоў і жыў будучы класік беларускай літаратуры. На Беларусі гэта адзіная мясціна, дзе застаўся менавіта будынак, звязаны з імем Купалы. Таму сам Бог, як кажуць, наканаваў быць у вёсцы музею. Да таго ж менавіта Яхімоўшчынская восень стала для паэта вельмі плённай: многія з напісаных тут твораў увайшлі ў першы яго зборнік «Жалейка». У тым ліку і верш «А хто там ідзе?», які быў пакладзены на ноты кампазітарам Людамірам Рагоўскім і пэўны час напачатку ХХ стагоддзя лічыўся гімнам беларусаў, а таксама быў перакладзены на 84 мовы свету. Менавіта адсюль атрымаў малады паэт магутны штуршок да творчасці. Справа ў тым, што Янка Купала сябраваў з настаўнікам матэматыкі з суседняй вёскі Гарадзілава Андрэем Посахам, які быў па справах у Італіі, дзе сустракаўся на Капры з Максімам Горкім. Ён і паказаў ужо масцітаму пралетарскаму пісьменніку сшытак з Купалавымі вершамі, якія спадабаліся Горкаму, і ён першым пераклаў «А хто там ідзе?» на рускую мову.
Стварыць дом-музей Песняра ў Яхімоўшчыне марыла яшчэ ў 1959 годзе яго жонка Уладзіслава Францаўна, ды не паспела. Яе мара спраўдзілася не хутка — амаль праз 40 гадоў. І вось у маі 2001-га філіял адкрыўся. І праз колькі дзён апынуўся… пад пагрозай закрыцця. Прарвала батарэю, і ад сырасці па падлозе пайшоў грыбок.
— Я была ў роспачы, — прыгадвае дырэктар філіяла Святлана Уладзіміраўна Ціс. — Аднак у гэты самы час да нас мясцовыя жыхары прынеслі два абразы Маці Боскай Чэнстахоўскай, і адзін такі ж, які належыў роду Луцэвічаў, быў падораны сталічным літаратурным музеем. Ксёндз айцец Сяргей, убачыўшы разам гэтыя тры абразы, супакоіў мяне: «Музею быць, невыпадкова ж у гэтых сценах з’явіліся тры Маці Боскія Чэнстахоўскія». І праўда, са сваімі нешматлікімі работнікамі я адолела камунальныя цяжкасці». Ці абараніў гэты народны ўнёсак будыніну ад разбурэння, можна спрачацца. Але тое, што ў народнага паэта з’явіўся сапраўды народны музей, неаспрэчна.
…а самавар – настаўніца Чаплінская
Гонар экспазіцыі — самавар, з якога піў гарбату паэт. Гісторыю гэтага экспаната добра ведае былая настаўніца з вёскі Літва Яўгенія Тамашаўна Чаплінская, жанчына, якая ў свае 85 год па інтэрнэце вядзе ліставанне з навукоўцамі, перакладае для іх тэксты з польскай мовы. І вельмі цікаўная да гісторыі роднага краю. На маё пытанне, што ж падштурхнула яе дапытвацца пра Купалу ў старажылаў, якія сустракаліся з паэтам, калі той працаваў памочнікам вінакура на бровары, яна з гонарам і нават з ноткай безапеляцыйнасці адказала: «Я ж настаўніца!» Да яе маці, Соф’і Мікалаеўны Белановіч, у госці прыходзіла мясцовая жыхарка Сцепаніда Шаўчэнка, з бацькамі якой і знаўся паэт, часта бываў у іх дома. «Эльжбета, несць самовар і цястко!» — клікала служанку маці малой тады Стэфкі Блізнюк з кожным прыходам да іх Янука Луцэвіча, і яны разам садзіліся за чаяванне з пячэннем. Гаспадару сямейства Блізнюкоў, які служыў у пана цесляром, за сумленную працу і падарылі той самавар. «Ён доўга ляжаў на гары, калі стаў непатрэбным на стале, — расказвае Яўгенія Тамашаўна. — Ніхто пра каштоўную з гістарычнага погляду рэч не ўспамінаў. Але калі я літаральна цягнула са Сцепаніды, каб яшчэ што-небудзь распавяла пра Купалу, пра тагачаснае жыццё, яна мне і паведаміла, што той самавар дагэтуль недзе валяецца». І Тамашаўна адразу прымусіла ўладальнікаў гістарычнай каштоўнасці прынесці яго да Святланы Ціс.
На сняданне пастаяльцам панскага дома, якія там і сталаваліся, заўсёды падавалі масла. Янка Луцэвіч не еў яго, а складаў і прыносіў да Блізнюкоў. Гаспадыня захоўвала прадукт да той пары, пакуль ён не адносіў масла сваім родным. Гэты цікавы факт таксама расказала старажылка. «Калі Купала выехаў з Яхімоўшчыны, яны пачулі, што гэта быў паэт, і калі дзе які вершык гучаў па-беларуску, матка Сцепаніды казала, што яго напісаў іх знаёмы, — працягвае Яўгенія Тамашаўна. — І прымушала дзяцей вучыць верш на памяць».
Дзе жорны са свірна?
Цяпер музейныя работнікі прыняліся расчышчаць панскі свіран — таксама ўнікальную забудову. Там некалі стаяў вялікі жоран — дыяметрам (на вока) у тры метры, а цяпер у гэтым месцы засталася толькі выразаная ў падлозе круглая дзірка. “А хто ж змог зрушыць вялізныя каменныя кругі? І куды далёка зацягнуць?” — дзівіліся музейшчыкі. Адказ знайшоўся сам сабою: раней і ўвагі не звярталі на высокі камень каля суседняй хаты, а цяпер мяркуюць, што гэта тое самае прыстасаванне для памолу збажыны. Так час прыадкрывае таямніцы тым, хто вельмі жадае нешта дазнацца пра гісторыю Бацькаўшчыны. Гэта памяшканне ўжо абстаўляецца патрэбнымі экспанатамі — усё як было пры Купале. Яўгенія Чаплінская аддала вагу свайго бацькі, на якой да грама можна было ўзважыць вырабленую муку, каб дакладна, згодна «з расцэнкамі», частку аддаць гаспадару, а другую — пакінуць у якасці платы «за паслугу». У гэтай гаспадарчай прылады свая гісторыя. Браты Белановічы з Валожыншчыны, ажаніўшыся, не маглі падзяліць бацькаву маёмасць. Біцца не біліся, вадзіцца не вадзіліся, але звярнуліся ў суд. «Млын прысудзілі майму тату Тамашу Восіпавічу, — распавядае Яўгенія Тамашаўна. — Але мама настаяла, каб муж аддаў яго брату, у якога было сем дачок. Маўляў, трэба ж будзе кожнай пасаг збіраць». Вага ж з таго млына так і засталася ў яе бацькі. А цяпер вось стала памяццю аб народнай сумленнасці, мудрасці, дабрыні, якімі так захапляўся Пясняр, які прысвячаў народу свае вершы і клікаў да лепшай долі.
Алена КЛІМОВІЧ, «БН»
Фота аўтара