Аўцюкоўцы смяюцца па-сталічнаму
Як гучыць рэха фестывальнага гумару, якім было насычана свята на калінкавіцкай зямлі
Свята, што адбылося на калінкавіцкай зямлі, безумоўна, будзе ўпісана адметным, выразным радком у гісторыю Усебеларускага фестывалю гумару. Сугучная з сёлетняй лонданскай Алімпіядай аўцюкоўская гумарыяда ў сёмы раз аб’яднала аматараў народнай творчасці з усіх абласцей нашай краіны і, вядома ж, сталіцы. Праўда, дзе яна, сапраўдная сталіца, была ў гэтыя два дні — у Мінску або перанеслася сюды, у цудоўны палескі куточак, — можна было паспрачацца. Так ці інакш, усё тут, на Палессі, было на ўзроўні, па-сталічнаму.
— Гэтае свята падкрэслівае наша маральнае здароўе. Калі народ смяецца над сабой, ён здаровы. І калі мы хочам быць здаровай нацыяй, мы павінны праводзіць фестывалі накшталт свята гумару ў Аўцюках, — трапна зазначыў падчас адкрыцця мерапрыемства міністр культуры Павел Латушка.
Але нават не салідная кагорта гасцей, уключаючы названага міністра ды вядомых кіраўнікоў рэспубліканскага і абласнога рангу, пісьменнікаў, была адметнасцю сёлетняга фестывалю. Галоўнай каштоўнасцю яго стала «мора разліванае» здаровага смеху і вясёлага гумару, якімі, здавалася, было насычана не толькі наваколле Вялікіх і Малых Аўцюкоў, Калінкавічаў, але і яшчэ десяці населеных пунктаў, дзе пашчасціла выступаць фестывальшчыкам. «Градус» пазітыву падчас імпрэз удзельнікаў, што называецца, зашкальваў. Як, дарэчы, і ліпеньская спякота: слупкі тэрмометраў у гэтыя дні тут набліжаліся да рыскі ў 35 градусаў з плюсам.
Цэнтральнай падзеяй першага дня фестывалю стала адкрыццё сядзібы Каласка і Калінкі ў Малых Аўцюках, у якой створаны музей гумару. Тут не толькі фоталетапіс папярэдніх шасці фестываляў, але і самыя розныя экспанаты, кожны з якіх — жывы аўцюкоўскі анекдот. А пачалося ўсё з прыбыцця на фэст картэжу з паважнымі джэнтльменамі ў смокінгах, сярод якіх вылучаліся старшыні Малааўцюкоўскага і Вялікааўцюкоўскага сельвыканкамаў, з заключэння імі «векапомнага замірэння» і разразання ў знак гэтага «гістарычнага» факта «залатога бервяна». Затым на раздарожжы паміж названымі вёскамі адкрылі музей гумару і заклалі пакуль адзіную ў свеце «Алею зорных ног». Ганаровае права адбіць сваю ступню на ёй атрымаў старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна і хросны бацька фестывалю гумару «Аўцюкі» пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Заснаванымі ж у гонар падзеі медалямі «Ганаровы аўцюковец» адзначылі яшчэ некаторых гасцей. Потым быў традыцыйны конкурс падворкаў «Хто чым багаты каля сваёй хаты». І тут гасцям і аўтарытэтнаму журы былі прадэманстраваны сапраўдныя гасціннасць і вынаходлівасць мясцовага люду. У сядзібах аўцюкоўцаў частавалі не толькі прысмакамі ды вадкім прадуктам, вырабленым з дапамогай бульбулятараў (самагонных апаратаў. — М.Ж.), гэткімі мясцовай «Віяграй» або «Аўцюкоўскім курвалолам». Цэлымі праграмамі-прадстаўленнямі сустракалі асобныя Каласкі і Калінкі ўдзельнікаў швэндання па падворках. Кожны гаспадар імкнуўся выклiкаць у гасцей і журы асаблівае ўражанне. І было чым: жыхарка Аўцюкоў Наталля Гвоздзь дэманстравала гасцям вырашчаныя кілаграмовыя памідоры, паверг у добры здзіў «пяцізоркавы гатэль» з красамоўнай шыльдай «Фігвам» Таццяны Радзько, вабіў сваёй вясёлкай і непаўторным водарам раскошны кветкавы сад вяскоўкі Марыі Ігнатовіч. Старанні сялян, вядома ж, адзначаліся каштоўнымі прызамі накшталт тэлевізара і іншых, імі адзначылі пераможцаў конкурсу падворкаў.
На другі дзень эстафету фестывалю прынялі Калінкавічы. Святочны фестывальны гарадок раскінуўся ў райцэнтры на ўсёй плошчы і бліжэйшых да яе вуліцах. Тут працавалі «Горад майстроў» і «Сельскагаспадарчыя падворкі», «Бяспройгрышная сельгаслатарэя» і «Аўцюкоўскі заапарк», гандлёвыя рады і дзіцячыя пляцоўкі, прапаноўва-ліся выставы гумарыстычных палос раённых газет Гомельшчыны і нават духмяная петрыкаўская і жыткавіцкая юшка... Прыпеўкі і вясёлыя песні, тэатральныя мініяцюры і інсцэніроўкі, анекдоты і забаўляльна-гульнёвыя праграмы — усё было да месца на сцэне падчас конкурснай праграмы калектываў-удзельнікаў. Ганаровае ж права адкрыць гэты гумарыстычны марафон прадаставілі асноўным канкурэнтам калінкавічан і іншых удзельнікаў у барацьбе за галоўныя прызы — гумарыстам з вёскі Спорава, што на Брэстчыне. Скажам прама, амаль «кустодзіеўскія прыгажуні» прадэманстравалі ў поўнай меры, што ў здаровым целе — здаровы смех. Вынік — «Спораўскі акалотак» перамог у сваёй намінацыі. Вобразна кажучы, не плясну-ліся тварам у гразь (яшчэ і з-за адсутнасці такой у гэтыя спякотныя летнія дні ў ваколлях Калінкавічаў) і палешукі з Гомельшчыны. Сярод прызёраў — Ніна Лешчанка і народны тэатр «Вясёлыя аўцюкоўцы» з Калінкавічаў, музычны тэатр пародыі «Антыстрэс» і народны клуб «Праметэй» з Гомеля, Лідзія Пятрачыц і фальклорны ансамбль «Верас» з вёскі Верасніца, што на Жыткаўшчыне... Заключны канцэрт «Дадзім жару», святочны салют і начная дыскатэка сталі яркім, відовішчным фонам для развітання з удзельнікамі VII Рэспубліканскага фестывалю народнага гумару «Аўцюкі-2012». Бывай, фестываль! Да новай сустрэчы, фестываль!
На здымку: сфатаграфавацца са старшынёй журы фестывалю Уладзімірам ЛІПСКІМ яго ўдзельнікі мелі за гонар.
Фота: Аляксандр ВЕКА