На "Беларусьфiльме" знялi кіно пра дзяўчат, якія выконваюць сакрэтную місію на фронце
01.08.2012 11:48
—
Новости Культуры
На "Беларусьфiльме" знялi кіно пра дзяўчат, якія выконваюць сакрэтную місію на фронце
Кадр з фiльма Алега Фясенкi "Снайпер-2. Тунгус" ("Беларусьфiльм", 2012)
Вынiкам сумеснай працы расiян i беларусаў стаў ваенны баявiк "Снайпер-2. Тунгус". Чатырохсерыйны праект рэжысёра Алега Фясенкi, аўтара такiх фiльмаў, як "Пацалунак Сакрата", "Стрытрэйсеры", "Той, хто памнажае смутак", "Гадзiна пiк", "Вядзьмарка".
Гэта не працяг першай кiнакарцiны "Снайпер. Зброя адплаты", знятай у 2009 годзе Аляксандрам Яфрэмавым. Сюжет зусiм iншы: чатыры дзяўчыны, нядаўнiя выпускнiцы снайперскага вучылiшча, мусяць iсцi на фронт для выканання сакрэтнай мiсii. Камандзiрам, настаўнiкам i лепшым сябрам для iх становiцца паляўнiчы па мянушцы Тунгус. Ён жа — радавы з медсанбата Мiшка Конанаў. У яго талент ад прыроды, якi можна параўнаць хiба што з талентам Зверабоя Фенiмора Купера. На адлегласцi ў 500 крокаў стралок можа пацэлiць нават у вока вавёрцы на дрэве.
Прататып Тунгуса — рэальны герой, адзiн з самых вядомых снайпераў Вялiкай Айчыннай вайны Сямён Намаконаў, эвенк, ураджэнец бурацкiх стэпаў. На яго рахунку — больш за 360 забiтых нямецкiх салдат i афiцэраў. Рэжысёр не маляваў дакладны партрэт Намаконава, але захаваў шмат бiяграфiчных дэталяў. Напрыклад, Тунгус нiколi не расстаецца з люлькай.
А вось гутарка пра амерыканскiя панчохi падчас баявога пастраення, флiрт з лейтэнантам, жаночая лазня i вясёлыя танцы камусьцi здадуцца недарэчнымi ў фiльме. Але ж гэта не дакументальная стужка, а мастацкi твор. Тут ёсць эмацыянальнасць, пачуццi, трагiзм, праўдзiвасць вобразаў, кантраст эпiзодаў. Вось вясёлы хлапчук-шафёр круцiць абаранак, смяецца i спявае песнi, а праз хвiлiну гiне ад кулi. Дзяўчына радуецца падораным кветкам, не паспявае сказаць "дзякуй", як з паветра атакуе непрыяцель.
У фiльме падкрэслiваецца: жанчынам не месца на вайне. Але калi так выйшла — мужнасцi iм не пазычаць. Адна з гераiнь — вядомая i таленавiтая актрыса, другая марыць стаць геолагам, трэцяя — выйсцi замуж, чацвёртая — выгадаваць дзетак. А даводзiцца сядзець у акопах i забiваць, хай сабе нават i ворагаў...
Магчыма, не трэба было расцягваць фiльм на чатыры серыi. З-за гэтага згубiўся той асаблiвы дынамiзм, вастрыня сюжэту, якiя чапляюць i прыкоўваюць да экрана.
Але парадаваў акцёрскi склад — Марына Аляксандрава, Аляксей Серабракоў, Анатоль Кот, Аляксандр Лазараў-малодшы, Святлана Паўлава, Марына Дзянiсава. Казахскi акцёр Талепберген Байсакалаў блiскуча сыграў Тунгуса. Праўда, чамусьцi сцэн з яго ўдзелам у фiльме катастрафiчна не хапае.
Здымкi "Снайпера" праходзiлi ў асноўным у Смаргонскiм раёне, у мястэчку Крэва i на сядзiбе Агiнскага. Асобныя сцэны здымалi на брэсцкiм вакзале, на станцыi Дубiца, пабудаванай яшчэ ў ХІХ стагоддзi. Там быў знойдзены бясцэнны "трафей" для фiльма — паравоз часоў Вялiкай Айчыннай вайны ў працоўным стане.
Мяркуецца, што з'яўленне новай гiсторыi пра ваенных снайпераў не за гарамi. Кiм жа яны будуць на гэты раз?