Cвяточныя моманты натхнення
Юбiлейны фестываль «Пеўчае поле» на Мiншчыне прысвяцiлi 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзю з дня нараджэння Максiма Танка.
Фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле» сабраў на пляцоўках Мядзельскага раёна лепшыя акадэмiчныя i народныя харавыя калектывы, выхаванцаў дзiцячых музычных школ i школ мастацтваў.
Адметна, што ў гэтым годзе фестывалю прысвоены статус рэспубліканскага. I гэта нездарма, бо пачынаючы з 1952 года раз у два гады ён нязменна збірае на Мядзельшчыне аматараў беларускай песні. Сваё 60-годдзе фестываль адзначае разам з юбiлеем славутых класiкаў.
Па традыцыі госцем фестывалю стаў Нацыянальны акадэмічны дзяржаўны народны хор імя Г.І. Цітовіча. Мастацкі кіраўнік хору народны артыст Беларусі, прафесар Мiхаiл Дрынеўскі ўзначальваў журы конкурсу, у якiм сёлета ўдзельнiчалi 15 калектываў.
Канкурсанты прадэманстравалi высокi ўзровень падрыхтоўкi i творчы патэнцыял. У вынiку Гран-пры прысудзілі заслужанаму аматарскаму калектыву Беларусі народнаму хору «Крынiца» Столiнскага гарадскога Дома культуры Брэсцкай вобласцi. Лепшым сярод харавых калектываў прызнаны народны хор Морацкага сельскага Дома культуры Клецкага раёна, сярод ансамбляў — народны ансамбль народнай песнi «Мiлавiца» Прылуцкага цэнтра народнай творчасцi Мiнскага раёна.
Гледачоў уразiла не толькi конкурсная праграма. Падзеяй стала выступленне Нацыянальнага акадэмічнага дзяржаўнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча. Яркiя моманты натхнення гледачам падарылi аматарскiя калектывы вакальна-харавога жанру Міншчыны, іншых абласцей рэспублікі і краін блізкага замежжа.
Выстава-кірмаш вырабаў народных майстроў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей дала магчымасць не толькi паглядзець, але i набыць арыгiнальныя сувенiры.