Хутка ў "Ракеце" адкрыецца кінаклуб-праект Cinemascope

Источник материала:  
11.05.2012 09:32 — Новости Культуры

Хутка ў "Ракеце" адкрыецца кінаклуб-праект Cinemascope

34mag.net
Хутка ў кінатэатры "Ракета" адчыняецца кіназала павышанай камфортнасці і рэпертуарнай якасці. На другі паверх кінатэатра пераехаў праект Cinemascope – той, што круціў для нас разумнае кіно ў "Цэнтр-відэа" і па серадах рабіў гэта ў "Перамозе". 34mag ацаніў рамонт і пагутарыў з галоўнымі кінарамантыкамі Менска.

"Фатэляў пакуль няма, – папярэджвае Оля Надольская, палова праекту Cinemascope. – На днях прывязуць з Горадні". Другая палова праекта, Гера Глік, у гэты час расцягвае па кутах ужо прывезеныя фатэлі-мяшкі. Хутка невялікі пакой блакітнага колеру ператворыцца ў кіназалу, дзе можна будзе пабачыць ранняга Кубрыка на Blu-ray, Хічкока ў HD ці нямое савецкае кіно на стужцы 8 мм. Адзін Рамэра ведае, колькі колаў бюракратычнага пекла давялося прайсці арганізатарам.
 
Кіназала ў кінатэатры
"Ракета"
Рабочы завулак, 3 (ст. м. "Пралетарская")
Колькасць месцаў: 30–40
Кошт квіткоў: 10 000 – 15 000
Працуе: серада – нядзеля. Выходныя – панядзелак, аўторак.
Сеансы: 19:00, 21:00 – будні,
17:00, 19:00, 21:00 – выходныя
Праект Cinemascope існуе з 2009 года і ёсць лагічнай рэінкарнацыяй кінаклубаў Менска 1990-х. Гера Глік пачаў займацца кінадзейнасцю яшчэ ў той рамантычны час, калі з Масквы напаўлегальна прывозілі фільмы Антаніёні на касетах. З цягам часу далучылася Оля – і нарадзіўся Cinemascope. Яны ладзілі паказы ў кінатэатры "Перамога" па серадах і працяглы час рабілі гэта ў "Цэнтр-відэа". Аднак сёлета ў лістападзе кіназалу ў "Сталіцы" зачынілі з-за нерэнтабельнасці і стварылі на яго месцы звышрэнтабельны зал гульнявых аўтаматаў. Настаў час змяніць месца дыслакацыі.
 
Менскі кінавідэапракат прапанаваў некалькі пляцовак, у тым ліку самы саўковы з існых кінатэатраў – "Ракету". "Калі мы прыйшлі сюды і пабачылі залу – штучныя кветкі, гномікаў і зайчыкаў на сцэне – быў шок", – успамінае Гера. Амаль выпадкова трапілі на другі паверх – ён прызначаўся для вечарын "Каму за 60". Спачатку думалі проста замяніць сцёрты бабульчынымі абцасамі паркет – аднак мінімальнага рамонту аказалася недастаткова.
 
Праект залы распрацавала нейкая мадам з дзяржарганізацыі, "Менсккінавідэапракат" выдаткаваў грошы на рамонтныя працы. Экран, акустыка і гукаўзмацняльнікі прыехалі з "Цэнтра-відэа". Астатняе – апаратуру, частку мэблі, праектар – Гера і Оля набывалі за ўласныя грошы. "На чорны дзень не засталося нічога", – усміхаецца Оля. Пры тым, што з погляду грошай Cinemascope – сайд-праект для стваральнікаў. Гера працуе ў "Менсккінавідэапракаце", ён адказны за ўсю тыпаграфію, Оля – аглядальнікам на расійскім кінасайце. Аднак да пытанняў акупнасці яны ставяцца спакойна.
 
…Аднойчы пралетарскі раён ператворыцца ў тэрыторыю арт-сквотаў і расквітнее культурніцкімі ўстановамі. А пакуль рухавіком зменаў мае зрабіцца кіназала ў "Ракеце". З ідэалістычных мараў – зрабіць wi-fi, паставіць аўтаматы з ежай ды напоямі, сабраць кінабібліятэку, ладзіць абмеркаванні і дыскусійныя клубы. У арганізатараў шмат відэа-арту – аднак для яго трэба адмысловая арганізацыя прасторы. Асаблівасці ініцыятыўнай дзейнасці ў Беларусі пакуль прытарможваюць гэтыя працэсы. Аднак прагрэс непазбежны – каб гэта зразумець, варта наведаць мясцовую прыбіральню, якая доўгі час была апошнім канцэнтраваным подыхам саўка. Разруха, хаця б у прыбіральнях, непазбежна знікае.

Фішачка 1. Субцітры
Фільмы будуць дэманстравацца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі – гэта прынцыповая пазіцыя. Магчымыя рэдкія выключэнні – калі рэліз расійскі. Дарэчы, субцітры Оля кожны раз перакладае адмыслова – у стандартных шмат памылак, ад арфаграфічных да фактычных.
 
Фішачка 2. Фарматы
HD, Blu-ray. Плануюць дэманстраваць фільмы са стужак 8 і 16 мм – наўрад ці вы адшукаеце такое на пару соцень кіламетраў вакол.
 
Фішачка 3. Рэпертуар
Адзіныя, хто не выкарыстоўвае соты раз дзяржаўных запаснікаў і сам набывае пракатныя копіі стужак. Рэпертуар складаюць, зыходзячы з уласнага густу і таго, што здольныя набыць ва ўладальнікаў правоў. Першым часам будзе мікс з раней паказанага – Вэндэрс, Саўра, Хічкок ды інш. 19 мая з Масквы прыедзе з лекцыяй кіназнаўца Віктар Зацэпін, выдавец першай у Расіі кнігі пра Стэнлі Кубрыка. Гэтым распачнецца рэтраспектыва ранніх фільмаў майстра ў HD. Будзе шмат авангарднага і эксперыментальнага кіно, а ў наступным годзе плануецца паказ стужак групоўкі "Занзібар", прымеркаваны да гадавіны"чырвонага мая" 1968-га.

Хутка ў "Ракеце" адкрыецца кінаклуб-праект Cinemascope
←Белорусская цимбалистка Александра Денисеня выступит сегодня в финале Международного конкурса молодых музыкантов "Евровидение-2012" в Вене.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика