Кнігі на ўсе выпадкі

Источник материала:  
Кнігі на ўсе выпадкі

З рукапісаў беларускіх татар можна даведацца, як правільна чытаць Каран, чым лячыць малярыю і калі лепш кроіць адзенне.

Прызнацца, да знаёмства з каталогам “Рукапісы татараў Беларусі канца XVII — пачатку XX стагоддзя з дзяржаўных кнігазбораў краіны”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, нават уявіць сабе не магла, што беларускія татары пакінулі такую багатую рукапісную спадчыну. І няхай у дзяржаўных кнігазборах Беларусі захавалася ўсяго толькі пяцьдзясят такіх кніг, але наколькі яны разнастайныя! Тэфсіры, кітабы, хамаілы, тэджвіды, далавары... Думаю, пра некаторыя з іх многія нават не чулі. Карэспандэнт “НГ” даведалася, што яны сабой уяўляюць, для чаго прызначаюцца і дзе іх можна ўбачыць.

Вядома, што на беларускія землі татары пачалі перасяляцца з XIV стагоддзя, калі іх запрасіў сюды вялікі князь літоўскі Вітаўт, і ўжо ў XVI стагоддзі беларуская мова стала для іх амаль матчынай. З гэтага часу дайшлі да нас рукапісныя рэлігійныя кнігі татар са змешчанымі ў іх тэкстамі не толькі на арабскай і цюркскай мовах, але таксама на польскай і беларускай. Праўда, усе яны напісаны зручнымі для татар арабскімі літарамі.На жаль,  такіх рукапісных кніг засталося вельмі мала, у свеце ўсяго некалькі сотняў. Сярод тых, што знаходзяцца ў дзяржаўных кнігазборах, у Літве захоўваецца 40 рукапісаў, у Польшчы — 10, Расіі — 11, Вялікабрытаніі — 3, ва Украіне, Германіі і Латвіі — па адным. Найбольшая калекцыя захавалася ў Беларусі —  50 экзэмпляраў, пятнаццаць з якіх знаходзяцца ў  Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. У калекцыі ёсць вельмі  рэдкія кнігі, унікальныя не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Напрыклад, тэфсір  1686 года. Як патлумачыла загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Алена Цітавец, гэта  найстарэйшы рукапіс у нашай калекцыі і найстаражытнейшы  пераклад Карана на польскую мову ў свеце.Тэфсір — насамрэч тлумачэнне Карана. Але татары Беларусі тэфсірамі называлі кнігі, якія  змяшчалі тэкст Карана на арабскай мове і падрадковы пераклад на польскай мове. Ёсць у беларускіх калекцыях кітабы — зборнікі пэўнага зместу, дзе змяшчаліся  паданні пра прарока Мухамеда, апісанне абрадаў, павучальныя гісторыі; хамаілы — папулярныя кніжкі кішэннага фармату з парадамі, дзе якую малітву прачытаць, як правільна правесці той ці іншы абрад, а таксама з прадказаннямі шчаслівых і няўдалых дзён, парадамі народнай медыцыны і гэтак далей. Паўкітабы спалучалі ў сабе рысы і кітаба, і хамаіла. Так, у паўкітабе XVII стагоддзя можна прачытаць, калі лепш брацца за шыццё: “У нядзелю  адзенне кроіць нядобра — гора мець будзеш. У панядзелак адзенне кроіць добра — пакуль зносіш, гора мець не будзеш. Калі ў аўторак будзеш кроіць, тое адзенне злодзей украдзе”.Тэджвіды (у перакладзе — “чытанне на распеў”)  тлумачылі, як правільна чытаць Каран: дакладна вымаўляць арабскія гукі, рабіць паўзы і гэтак далей. Далавары клалі разам з нябожчыкам у магілу — лічылася, яны аблегчаць яму жыццё на тым свеце. Гэтыя рукапісы мелі форму сувояў даўжынёй некалькі метраў. Гэткімі ж былі і граматкі. Аднак яны павінны  былі захоўваць людзей на гэтым свеце.Цікавыя парады можна знайсці ў татарскіх лячэбніках. Вось, напрыклад, як аўтары рукапісу прапануюць лячыцца ад малярыі: “у новым гаршку жабу высушыць і з гарэлкай піць”. Як бачым, у беларусаў татары перанялі не толькі мову, але і пэўныя звычкі: бо, вядома, што ў мусульман ужыванне алкаголю ўвогуле забаронена.Што цікава, у рукапісах амаль не сустрэнеш імён стваральнікаў тэкстаў. Затое можна ўбачыць запісы пра перапісчыкаў і былых уладальнікаў: “Писал сию книгу Мустафа Жданович февраля 18 дня 1854 года, того ж месяца февраля окончил”.

 Пабачыць татарскія рукапісы ўдаецца вельмі рэдка —  яны з’яўляюцца надта каштоўнымі і далікатнымі. Але для вельмі цікаўных супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа падрыхтавалі спецыяльную віртуальную выставу “Рукапісы татараў Беларусі канца XVII — пачатку XX стагоддзя”. Убачыць яе можна на сайце бібліятэкі — csl.bas-net.by.

— Перапісчыкамі кніг былі людзі з добрай рэпутацыяй. Яны перапісвалі кнігі не механічна — рыхтаваліся да гэтага, маліліся, уваходзілі ў спецыяльны настрой, — тлумачыць Алена Цітавец.Часам у рукапісах можна знайсці чуллівыя запісы ўладальнікаў кніг  пра важныя падзеі з жыцця татар: нараджэнне дзяцей, наданне ім імён. Напрыклад “Сын Захария Мухи родился 11 декабря 1902 года в среду в 5 часов 30 минут утра, коему дано того дня имя Алей...”  Такім чынам праз стагоддзі нам прыадкрываецца жыццё асобных татарскіх сем’яў.— Мы вельмі ўдзячны братам беларусам, што яны дапамагаюць пазнаваць нам сваю гісторыю, што так беражліва захоўваюць нашу спадчыну, — гаворыць старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання муфцій Абу-Бекір Шабановіч. — Вядома, такія рукапісы знаходзяцца не толькі ў дзяржаўных кнігазборах. Яшчэ больш іх у прыватных калекцыях. У мяне асабіста захоўваецца некалькі сямейных рукапісных кніг. Думаю, яны  таксама дапамогуць у развіцці кітабістыкі.

←С белорусской провинцией знакомятся любители живописи в Белостоке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика