Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

Источник материала:  
02.12.2011 15:17 — Новости Культуры

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"


"Рух зямлі" - такую назву атрымаў цыкл мерапрыемстваў, што ладзіліся ў абласным грамадска-культурным цэнтры (АГКЦ) на працягу года. Кожнае з іх прысвячалася асобнаму святу народнага календара. Фальклорныя групы з розных куткоў Берасцейшчыны ўзнаўлялі старажытныя абрады, спявалі песні продкаў, дэманстравалі строі свайго рэгіёна, знаёмілі з рамёствамі, характэрнымі для іх мясцовасці. Ну а кульмінацыйнай дзеяй павінен быў стаць заключны канцэрт з паказам фрагментаў тых этнаспектакляў. Ён быў назначаны на 26 лістапада.

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"
Пастушковыя замовы на Юр’я (Бярозаўскі раён)

"Піліпаўскія ночкі прадуць сарочкі", - уголас чыталі гледачы надпіс на малюнку, які праецыраваўся на фонавую заслону. На самой жа сцэне адбывалася падобнае: жанчыны ў андараках і вышыванках паселі на лавы, крутанулі калаўрот…

– Добры дэнь, людочкы! Прыйшоў я до вас з сэла Доропеевічы Малорыцкага раёна. Прыйшоў сказаты, шчо начынаецца па народнаму календару Пілыпоўка! - так прывітаў публіку мужчына з ліхтаром і кіем.

Анатоль Дзямянка запрасіў гараджан паглядзець, чым займаюцца вяскоўцы ў доўгія цёмныя вечары. "Ідэм-ідэм!" – адгукалася публіка. Баючыся што-небудзь прапусціць з цікавага расказу свайго гіда, мы слухалі пра арыгінальныя прыстасаванні, якія спакон веку служылі дарапееўцам: драўляныя канькі з драпкай, калатушка таўчы бульбу, "собачка" для зняцця чобатаў… З мяккім гумарам і павагай расказчык апавядаў пра аднавяскоўцаў.

Знаёмімся з адмысловай майстрыхай Сцепанідай Сцепанюк, якая сёлета стала гераіняй дакументальнага фільма "Узоры лёсу". "О, пра яе можна многа здымаць - як пра Штырліца", – гаворыць спадар Анатоль. Калі ж дарапееўцы заспявалі песню "Нідэ так нэмае, як в роднае маты", некаторыя з гледачоў пачалі ім падпяваць.

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

На экране прыйшлі ў рух старажытнаславянскія знакі-сімвалы, і новы малюнак на задніку сцэны перанёс нас у радасныя дні святкавання Нараджэння Хрыстова. І вось з каляровай зоркай і песнямі на сцэну ўваходзяць калядоўшчыкі. Народная фальклорная група "Верасіна" Радастаўскага СДК Драгічынскага раёна дорыць гледачам нізку калядных песень і вясёлы, перасыпаны рыфмаванымі пажаданнямі дыялог гаспадароў і славільшчыкаў Хрыстовага Нараджэння.

А голас за сцэнай запрашае нас стаць сведкамі таго, як "нястрымна вясёлыя шчодрыкі выпраўляюцца па хатах". "Готуха" ў выкананні народнага фальклорнага калектыву "Орліца" Навіцкавіцкага СДК Камянецкага раёна – сапраўдны фантан гумару і вяселля. "А што ў "цыганкі" ў вушах? Ці не бляшаныя накрыўкі ад слоікаў?" – прыглядваецца мая суседка. Здаецца, пасля такой бліскучай дзеі наступным артыстам цяжка будзе ўтрымаць увагу гледача. Але ж следам ідуць давыд-гарадоцкія "Конікі"!

Здаецца, ну што тут звышарыгінальнага – у атачэнні спевакоў і танцораў выязджае чалавек на кані, зробленым з валёнка і двух кашоў. З-пад прасціны, якая злучае гэту канструкцыю, тырчаць чатыры чалавечыя нагі: дзве боўтаюцца, а дзве выкідваюць каленцы. А вось выбег гэткі скакун, апрануты ў шынель і абуты ў красоўкі, – і сівагаловыя гледачы апладзіруюць і смяюцца, бы дзеці. Цуд дый годзе! Дарэчы, гарадчукі запрашалі берасцейцаў прыязджаць да іх на "Конікі" 13 студзеня . Калі ім верыць, то паглядзець на гэта відовішча на плошчу Давыд-Гарадка збіраецца пад 5 тысяч гледачоў.

Зноў крутанулася кола дзён са славянскімі "рунамі" – і на сцэне запанавалі вясновыя святы, услаўляючыя абуджэнне прыроды. Яны вельмі паэтычныя і па-свойму прыгожыя. На шчасце, на Драгічыншчыне захаваўся рэдкі карагод "Стрілка", якi ладзіцца да гэтай пары штогод на Вялікдзень у в. Бездзеж. А паказалі нам яго і іншыя веснавыя абрады народны фальклорны гурт абрадавай песні "Таночак" Гошаўскага дома фальклора, узорны ансамбль фальклорнага танца "Ліпачка" і народны фальклорна-этнаграфічны калектыў "Скібічане" Ліпніцкага СДК.

А ці заўважае сучасны беларус свята "Юр´я"? Між тым нашы продкі лічылі, што святы Юрый залатымі ключамі "адмыкае зямельку сырусенькую, пускае расіцу цяплюсенькую на Белую Русь і на ўвесь свет". "Юр´я" як свята пастухоў паказала народная фальклорна-этнаграфічная група "Суседкі" з вёскі Перасудавічы Бярозаўскага раёна пры падтрымцы фальклорнага калектыву "Жаўручкі" са Спорава.

Толькі на Палессі захаваўся абрад "Ваджэнне Кусты". Яго мы ўбачылі ў выкананні народнага фальклорнага аб´яднання "Світанак" Дзятлавіцкага СДК Лунінецкага раёна. Як зімой гаспадар не хоча, каб яго хату мінулі калядоўшчыкі, так і на пачатку лета хвалюецца, каб не застацца праігнараваным Кустай – убранай у маладую лістоту дзяўчынай са світай сябровак.

А як расчуліў гледачоў купальскі абрад "Іванавы ягады", паказаны дзіцячым клубам аматараў фальклору "Крынічка" Хаціслаўскага СДК Маларыцкага раёна! Дзяўчынка "кату па пяту" пытаецца ў зязюлі, праз колькі гадоў выйдзе замуж. "Шчэ пырына нэ готова – шчэ пыро на курыцы", – адказваюць ёй старэйшыя.

Сапраўдным адкрыццём назвалі знаўцы фальклорны калектыў Пажэжынскага сельскага Дома культуры Маларыцкага раёна. Прыгожыя моцныя галасы. Яркі вобраз дажынак са сваімі асаблівасцямі (закопваннем "барады" - упрыгожанага снапка).

Добра ўпісаліся ў святочны кругаварот беларусы з Падляшша (РП). Маладзёжны ансамбль "Жэмэрва" паказаў, як у іх родных Студзіводах выпраўлялі да вянца маладую. Сёстры Лук’яновіч з Драгічыншчыны таленавіта прадэманстравалі, як упрыгожваюць каравай у іх мясцовасці. Ну а махавік наступнай дзеі – вяселля – раскруціў на сцэне народны фальклорна-этнаграфічны калектыў "Чабатухі" Сташанскага Дома фальклору Пінскага раёна. Скаканне на лавах – такой вясельнай забавы мы дагэтуль не бачылі. Але і гэта яшчэ не быў кульмінацыйны момант. Ён адбыўся тады, калі загучала полька і ў скокі кінуліся амаль усе ўдзельнікі канцэрта. А гэта – 150 чалавек! Каб публіка не знаходзілася ў глядзельнай зале, то, няма сумненняў, падключылася б да танцораў.

- Цудоўнае свята! – не хавала ўражанняў глядачка Ганна Місевіч. – Усё маё маленства прайшло перад вачыма! Я родам з вёскі Валавель Драгічынскага раёна. Нядаўна ездзіла туды. Пастаяла ля плота роднай хаты, паплакала. І сёння глядзела канцэрт са слязамі на вачах. Але гэта былі слёзы радасці. Я ўспамінала, як мы з братамі (а іх у мяне сямёра) пераапраналіся ў калядных персанажаў і ішлі з зоркай калядаваць. У складзе канцэртных калектываў мне давялося пабываць больш чым у дзесяці краінах свету. І я заўсёды адчувала гонар за самабытную беларускую культуру. Сёння я перажыла гэта пачуццё зноў.

Ну а пад канец яркай вечарыны прагучалі імёны тых, хто падрыхтаваў такое свята. Заслужаныя апладысменты адрасаваліся супрацоўнікам аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ – Ларысе Быцко (кіраўнік праекта), Ганне Пракаповіч, Кацярыне Ігнацюк. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк уручыў удзельнікам пісьмовыя падзякі і падарункі.

Сярод іх вялікую цікавасць выклікаў каляндар на 2012 год, ілюстраваны фотаздымкамі калектываў, што ўдзельнічалі ў цыкле "Рух зямлі". Бурнымі воплескамі публіка сустрэла паведамленне пра тое, што ініцыятар і арганізатар гэтага свята Ларыса Быцко, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ , ушанавана граматай Савета міністраў РБ.

У канцы раскрылася інтрыга: хто ж быў аўтарам тых сімпатычных і вельмі беларускіх малюнкаў, што дэманстраваліся на фонавай заслоне сцэны і сталі сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства. Як аказалася, гэта была серыя работ (роспіс па шкле) Марыі Кулецкай з Пружан. Падарунак народнаму майстру РБ быў вельмі дарэчы – 26 лістапада ў яе быў дзень нараджэння. 

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"

Феерычным канцэртам пастаўлена кропка ў фальклорным праекце "Рух зямлі"



←"Высоцкий. Спасибо, что живой", Lumen и "Каханне ў стылі барока". На выходных с AFISHA.TUT.BY

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика