Цытадэль над Бярэзінай
За два стагоддзі Бабруйская крэпасць паспела запісаць некалькі радкоў у сусветную гісторыю, перажыць войны, у мірны час прыйсці ў заняпад і, нарэшце... падрыхтавацца да другога нараджэння. Некалькі тыдняў таму Бабруйская крэпасць — адзін з сямі пераможцаў нашага праекта, увайшла ў зацверджаны Саветам Міністраў Беларусі “Пералік аб’ектаў рэстаўрацыі, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь”.
Непрыступны бастыён
Нават у руінах гэта збудаванне ўражвае сваёй масіўнасцю і магутнасцю. А на праекце кіраўніка будаўніцтва Бабруйскай крэпасці Карла Апермана цытадэль была шматкутнікам, самкнутым насыпным валам з боку Бярэзіны. Так яна выглядала ўжо праз два гады пасля пачатку будаўніцтва — у 1812 годзе.На будоўлі працавалі тысячы прыгонных сялян і сотні вольных цесляроў ды муляраў. Цэглу вазілі аж з Карэліі і Каўказа. Папулярная да нашых дзён легенда сцвярджае, што ў будаўнічы раствор для трываласці ўбівалі курыныя яйкі. Супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея, аднак, гэтыя чуткі абвяргаюць, грунтуючыся на выніках даследавання цэглы ў хімічных лабараторыях і знойдзеных у архівах каштарысах будоўлі. Ды і дзе можна было сабраць такую колькасць яек? Збудаванні цытадэлі займалі 110—120 гектараў!Толькі што ўзведзеная крэпасць прыняла баявое хрышчэнне.Армія Напалеона з’явілася ў ваколіцах Бабруйска ў ліпені 1812 года. Гарнізон з 8 тысяч салдат добра падрыхтаваўся да абароны: боепрыпасаў павінна было хапіць на год, прадуктаў харчавання — на паўгода. З 30 тысяч французскіх ваякаў, якія знаходзіліся тым часам на тэрыторыі Беларусі, 12 тысяч стаялі каля сцен Бабруйскай цытадэлі. Праз 20 гадоў генерал-маёр А. Міхайлоўскі-Данілеўскі адзначыў: “Ніводная крэпасць Расіі не была такой карыснай, як Бабруйск, у 1812 годзе”.Перспектывамі, якія адкрыла перад горадам крэпасць, вокамгненна скарысталіся прадпрымальныя яўрэі. Дагэтуль яны зараблялі на жыццё рамёствамі, гандлем ды здачай у арэнду, але гэтая дзейнасць ужо не прыносіла вялікіх прыбыткаў. Яўрэі хутка скемілі, што ваенным спатрэбяцца мундзіры, а пацыентам адкрытага на тэрыторыі крэпасці шпіталя — вата. У Бабруйску адна за адной адчыняліся майстэрні і фабрыкі. З часам праз Бабруйск была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, пабудаваны цагляныя заводы, адкрыліся дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы...Бабруйская крэпасць атрымалася не толькі грознай, але і прыгожай, амаль што горадам у горадзе. Усе шляхі да яе і ўнутраныя вуліцы цытадэлі былі брукаваныя, на гэтых вуліцах вечарамі запальваліся амаль дзве сотні ліхтароў. На тэрыторыі крэпасці былі батанічны сад, бульвар і сквер. На эспланадзе — тэрыторыі паміж крэпасцю і горадам — праводзіліся ваенныя парады і сезонныя кірмашы. У гарадскім садзе граў ваенны аркестр...Нездарма цяпер кажуць, што знакаміты бабруйскі характар замешаны на трох складніках: шырокай славянскай душы, яўрэйскай прадпрымальнасці і афіцэрскай гатоўнасці пастаяць за сваю малую радзіму.
Змрочныя казематы
У 1820—1823 гадах у Бабруйскай цытадэлі служылі афіцэры, якія былі членамі тайных таварыстваў, арганізатарамі і кіраўнікамі дзекабрысцкага руху. Тут нараджаліся планы дзяржаўных пераваротаў, адзін з якіх вядомы гісторыкам як “Бабруйскі план”. Меркавалася, што ў верасні 1823 года, калі імператар Аляксандр I прыедзе на агляд воінскіх часцей крэпасці, ён будзе арыштаваны і зняволены. Планавалася, што гэта стане сігналам да паўстання ў Маскве, Пецярбургу і іншых гарадах.Пасля падаўлення паўстання на Сенацкай плошчы Бабруйская крэпасць стала палітычнай турмой, першымі вязнямі якой і сталі дзекабрысты — Апостал-Кергач, Рыбакоўскі, Тызенгаўзен, Бястужаў, Гвоздзеў... Замест славы цытадэлі крэпасць займела славу страшнага астрога. Нават Герцэн у Лондане выказаў сваё абурэнне жорсткімі ўмовамі крылатай фразай: “Няхай Сібір, няхай што заўгодна, але толькі не гэтая страшная турма на рацэ Бярэзіне”.Падчас Першай сусветнай вайны крэпасці зноў наканавана было стаць вязніцай: там знаходзіўся польскі канцлагер для палонных чырвонаармейцаў, у гады Вялікай Айчыннай — нямецкі канцлагер. Гісторыкі сведчаць, што на тэрыторыі цытадэлі былі забітыя і замораныя голадам, памерлі ад інфекцыйных хвароб каля 40 тысяч савецкіх ваеннаслужачых і столькі ж мірных жыхароў. Толькі ў ноч на 7 лістапада 1941 года фашысты, справакаваўшы пажар у казармах крэпасці, расстралялі каля 7 тысяч палонных. Мёртвых скідалі проста ў роў. Пасля вайны на тэрыторыі крэпасці з’явіўся помнік ахвярам.У мірны савецкі час у крэпасці таксама гаспадарылі ваенныя: у казармах жылі салдаты, на гаўптвахце адбывалі свае суткі парушальнікі дысцыпліны, афіцэрскі дом быў адведзены пад маласямейны інтэрнат для афіцэраў, а шпіталь прымаў на лячэнне пацыентаў. На жаль, у тыя часы ніхто не дбаў пра захаванне гістарычнай спадчыны, таму ў чырвоных мураваных будынках месціліся не толькі склады, але і падсобная гаспадарка — папросту кажучы, свінарнікі. У пачатку 1990-х значная частка будынкаў крэпасці была сцёрта з твару зямлі, земляныя збудаванні пашкоджаны. А руіны, што захаваліся, чакалі нашчадкаў больш удзячных, якія пастараюцца зберагчы і аднавіць былую славу цытадэлі. На велізарнай пустцы ў 2008 годзе адчыніўся на той момант самы вялікі лядовы палац Беларусі — “Бабруйск-Арэна”. Ён адразу стаў любімым месцам сямейнага адпачынку жыхароў горада. Гэта быў першы крок на шляху другога нара-джэння Бабруйскай крэпасці.
Што застанецца пасля нас?
Калісьці ў крэпасці былі вуліцы — Грэнадзёрская, Артылерыйская, Кавалерыйская, Пяхотная... У савецкі час пра іх назвы ніхто не ўспамінаў. Сёння, згодна з рашэннем Бабруйскага гарвыканкама, на гарадской карце з’явіліся вуліцы Карла Апермана і Генерала Баграціёна, Карла Берга і Дзекабрыстаў , Кутаіскага Палка і Крапасны Вал...“Узновім Бабруйскую крэпасць і захаваем для нашчадкаў” — такі заклік з’явіўся на сайце гарвыканкама напярэдадні 200-годдзя гістарычнага аб’екта. І гэта не пустыя словы: гарадскія ўлады выканалі велізарны аб’ём работы, прычым не толькі ў кабінетах. Работнікі гарвыканкама на чале з мэрам Дзмітрыем Бонахавым разам з жыхарамі горада выходзілі на суботнікі, каб ачысціць ацалелыя збудаванні ад смецця. Суботнікі на карысць цытадэлі неаднойчы праводзілі члены РГА “Белая Русь”. Апошні адбыўся зусім нядаўна: 12 кастрычніка сіламі пярвічнай арганізацыі “Белая Русь” ААТ “Белшына” была праведзена чарговая дабрачынная акцыя па навя-дзенні парадку ў мураваных будынках і сутарэннях. Цяпер сцішаная крэпасць чакае першага снегу, а яшчэ больш — вясны, калі пачнецца сапраўднае адраджэнне.Распрацаваны па ініцыятыве гарвыканкама праект рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці прадугледжвае ператварэнне гістарычнага аб’екта ў гісторыка-культурны комплекс з некалькімі музеямі, офісам экскурсійнага бюро, сувенірнымі крамамі ды іншымі аб’ектамі турыстычнай інфраструктуры. Некалькі гадоў гэтыя добрыя намеры заставаліся на паперы з-за недахопу фінансавання: гарадскі бюджэт не пацягне ўсе выдаткі. Урэшце з Мінска прыйшла аптымістычная навіна: Бабруйская крэпасць увайшла ў пералік аб’ектаў рэстаўрацыі з арганізацыяй на яе базе турыстычнай інфраструктуры.— Гэта будзе спартыўна-культурна-забаўляльны комплекс з жылымі кварталамі, — расказаў пра будучыню цытадэлі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва гарвыканкама Сяргей Ляонаў. — На тэрыторыі крэпасці і побач з ёй з’явяцца гасцініцы, кафэ, рэстараны, музей зброі, страйкбольны і пейнтбольны клубы, этнічная вёска, жылыя кварталы, дзіцячы сад са школай...Рэканструкцыя Бабруйскай крэпасці пачнецца ў 2012 годзе. Пра тое, што ў бабруйчан усё атрымаецца, сведчыць і актыўнасць галасавання за крэпасць: месцічы лічаць яе адным з цудаў Беларусі і прыкладуць усе намаганні, каб іх крэпасць сапраўды здзіўляла і захапляла.
Некалькі малавядомых фактаў пра Бабруйскую крэпасць
Яна магла стаць РагачоўскайЛёс Бабруйска як месца будаўніцтва адной з новых расійскіх крэпасцей вызначыўся вясной 1810 года. Камандзіраваным для агляду старых умацаванняў і выбару месцаў для новых на тэрыторыі заходніх ускраін Расійскай імперыі інжынерам рэкамендавалася звярнуць асаблівую ўвагу на гарады Дзінабург (цяпер Даўгаўпілс), Рагачоў і Быхаў. Пасля паездкі генерал-маёр Карл Аперман зрабіў іншую выснову: будаваць цытадэль варта ў Бабруйску на Бярэзіне, а не ў Рагачове на Дняпры. У Бабруйскай крэпасці ёсць “сястра” і равесніца — Дзінабургская крэпасць у Даўгаўпілсе. Перажыла трынаццаць камендантаўПершым камендантам закладзенай у пачатку чэрвеня 1810 года па загаду Аляксандра I цытадэлі быў Карл Карлавіч Берг. Увогуле крэпасць перажыла трынаццаць камендантаў, сярод якіх сябар Пушкіна Міхаіл Іванавіч Пушчын. Апошнім кіраўніком быў Іван Карлавіч Бурзі (1 верасня 1892—1897). У 1897 годзе цытадэль страціла статус крэпасці. Была і ёсць цэнтр духоўнасціНекалі на тэрыторыі крэпасці знаходзіўся сабор Аляксандра Неўскага, узарваны бязбожнікамі ў 1935 годзе.Не так даўно намаганнямі валанцёраў фундамент сабора быў расчышчаны, пачаліся работы па ўзнаўленні святыні. На тэрыторыі цытадэлі колькі гадоў таму з’явіўся таксама жаночы манастыр. Больш не палохае “каменным мехам”Адно з памяшканняў крэпасці наводзіла жах на зняволеных: каменны карцар не даваў вязню выцягнуцца ў поўны рост або ўстаць, бачыць дзённае святло, мець з кім-небудзь зносіны.Каменны мех знаходзіўся ў адной з вежаў форта Фрыдрыха Вільгельма і быў разбураны разам з ёй. Натхніла на стварэнне твораў мастацтва Самыя вядомыя жывапісныя палотны напісаны па загаду Мікалая I мастаком М. Залескім — “Від на крэпасць Бабруйск у 1811 годзе” і “Крэпасць і горад Бабруйск. 1812 год”.Падрабязную гісторыю будаўніцтва Бабруйскай крэпасці можна прачытаць у кнізе Наталлі Голубевай “На перепутье двух дорог”. У верасні бягучага года аўтар гэтага гістарычнага рамана была адзначана прэміяй імя Кандрата Крапівы.У розныя гады пра крэпасць пісалі Міхаіл Леў (дакументальная аўтабіяграфічная аповесць “Если бы не друзья мои...”), Віталь Галавач (творы для дзяцей “Васек — матросская душа” і “Заўтра настане”), аўтар дэтэктываў Віктар Дарэнка (“Золото рейха”)...Калі крэпасць адродзіцца, Бабруйск стане цікавейшым для турыстаў
Старшыня Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый БОНАХАЎ:— Гісторыя Бабруйскай крэпасці выходзіць за межы гарадской гісторыі. Яна звязана і з вайной 1812 года, і з паўстаннем дзекабрыстаў, якія ў гэтых сценах спачатку абмяркоўвалі планы паўстання, а потым адбывалі пакаранне, і абедзвюма сусветнымі войнамі...Прымаючы рашэнне “адкопваць” крэпасць, я сказаў, што можна хадзіць і разважаць на гэты конт, а можна пачаць працаваць. Па-рознаму — і капаць лапатай, і займацца перапіскай, каб звярнуць увагу на праблему захавання гістарычнай спадчыны. Мы працуем.
Малодшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык:— Хацелася б, каб планы па стварэнні гісторыка-культурнага комплексу рэалізаваліся і ў нашым горадзе з’явілася гістарычна-культурная запаведная зона, з некалькімі музеямі, гарматамі на валах. Калі гэта спраўдзіцца, Бабруйск стане цікавейшым для турыстаў. Ну а мне, як супрацоўніцы музея, хацелася б, каб гэтую плынь наведвальнікаў сустракалі экскурсаводы-мужчыны, маладыя і сталыя, якія шчыра цікавяцца фартыфікацыяй і гісторыяй узбраенняў. Бо жанчыне цяжэй разбірацца ў гэтай тэматыцы.
Ці ёсць яшчэ крэпасці ў Беларусі?
Безумоўна, ёсць, адкажаце вы, прыгадаўшы легендарную Брэсцкую крэпасць, якая таксама абрана адным з сямі цудаў нашай краіны. У хуткім часе “НГ” раскажа сваім чытачам і пра яе.
А ці ведаеце вы, што ў нашай краіне ёсць такія ўнікальныя збудаванні, як храмы-крэпасці. На іх варта паглядзець абавязкова, бо ў самім іх існаванні — вялікая народная мудрасць: на Бога спадзявайся, але і сам старайся.
Царква-крэпасць Свята-Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.Узведзены ў першай палове XVI стагоддзя ў гатычным стылі храм абарончага тыпу лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю сусветнага значэння. Незвычайныя формы царквы прывялі некаторых даследчыкаў да думкі, што прыкладам для будаўніцтва царквы-крэпасці ў свой час паслужылі мусульманскія мінарэты.Двухметровыя сцены, вузкія вокны-байніцы, уваход, які раней зачыняўся жалезнымі дзвярамі і кратамі, што апускаліся зверху на ланцугах праз спецыяльны праём, — усё гэта рабіла царкву сапраўднай крэпасцю, у якой знаходзілі паратунак ад ворагаў нашы продкі.Старажытны беларускі храм дзейнічае і сёння.
Царква-крэпасць Святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.Пабудавана прыблізна ў ХV стагоддзі. Згодна з паданнем, гісторыя гэтага храма звязана з імем вялікага Вітаўта. Гэта помнік, у якім мастацкія плыні Захаду (готыка) і Усходу (традыцыі візантыйскай архітэктуры) зліліся ў адзіны сінтэтычны ансамбль. Царква з паўтараметровымі цаглянымі сценамі, вежамі і байніцамі нагадвае старажытны замак. Сёння царкву наведваюць сотні праваслаўных вернікаў.