Ігар Бабкоў: Перастаньце ляпіць з Міцкевіча класіка!
23.11.2011 10:35
—
Новости Культуры
Ігар Бабкоў: Перастаньце ляпіць з Міцкевіча класіка!

Лепей прыходзьце на публічную лекцыю пра Міцкевіча!
Хто ўспамінаецца вам пры слове “філосаф”? Сакрат? Платон? Гегель? Ніцшэ? Кант? А што вам ўяўляецца, калі чуеце імя Адама Міцкевіча? Наваградак? “Пан Тадэвуш”? “Дзяды”? Свіцязь і Свіцязянка?
Чарговую публічную лекцыю з цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”) прачытае беларускі філосаф Ігар Бабкоў. А прысвечана лекцыя, як вы здагадаліся, Міцкевічу. Вось толькі ні пра “Пана Тадэвуша”, ні пра “Дзяды”, ні пра “Свіцязянку” пачуць там не разлічвайце. І што Міцкевіч з Наваградка – лектар згадае, хіба, мімаходзь ды з іроніяй.
Вельмі верагодна, што лектар нават не будзе спыняцца на тым, што ў Рыме ў гонар Міцкевіча названая вуліца, а на Меркурыі – кратэр. Не будзе падрабязна распавядаць, за што паэта звольнілі з Калеж дэ Франс у Парыжы. Магчыма, абміне нават той факт, што памёр Міцкевіч у Канстанцінопалі – які сёння завецца Стамбулам і з’яўляецца сталіцай Турцыі, дзе да крызіса вельмі любілі прымаць сонечныя ванны тысячы беларусаў. Навошта казаць пра тое, што вы і самі даведаецеся з “Вікіпедыі”?..
Ігар Бабкоў нарадзіўся ў Гомелі 47 гадоў таму. У свой час у Гомелі паспяхова займаўся боксам. Скончыў менскі філасофскі факультэт БДУ, выдаў тры кнігі вершаў і тры кнігі прозы, стаў кандыдатам філасофскіх навук, заснаваў і працягвае курыраваць кніжную серыю “Галерэя Б”. Сярод іншых узнагарод Бабкова можна ўбачыць патрапленне ў шорт-ліст (фінал) прэстыжнай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы “Angelus” у 2009 годзе. Гэта, канешне, не перамога – але радавацца трэба, прыкладна як шостаму месцу Дзімы Калдуна на “Еўрабачанні”. Умоўна кажучы, так высока мы забраліся ўпершыню.
У сваёй лекцыі “Міцкевіч як апокрыф” Ігар Бабкоў паспрабуе пераканаць вас, што Міцкевіч – не класік. Дакладней, не толькі класік – у звычайным разуменні гэтага слова. Міцкевіч – гэта непрачытаны паэт і мысляр, які для беларусаў застаецца ўсяго толькі “нашым выбітным суайчыннікам”. Чаму мы не хочам чытаць і разумець Міцкевіча? У якім творы ён прадказаў сённяшнія падзеі ў Беларусі? Што трэба рабіць паэту, калі яго называюць “класікам”? Пра гэта – у невялікай гутарцы з Ігарам Бабковым напярэдадні лекцыі.
