Фотапраект, прысвечаны Мінску, “Горад унутры” пакажуць у галерэі “Універсітэт культуры”
23.11.2011 10:45
—
Новости Культуры
Фотапраект, прысвечаны Мінску, “Горад унутры” пакажуць у галерэі “Універсітэт культуры”
Сёння 23 лістапада 2011 года а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” пад гукі музыкі групы “Мамкіны бусы” адкрыецца фотапраект Вольгі Бубiч “Горад унутры”. Праект прысвечаны Мінску і яго жыхарам і з’яўляецца своеасаблівай спробай дакументаванага аналізу псіхалогіі чалавека ў горадзе і горада ў чалавеку.
У работах Вольгі Бубіч Мінск паказаны не зусім такім, якім яго малююць на паштоўках. Горад тут можна ўбачыць вачыма сучаснай моладзі, якая актыўна ўзаемадзейнічае з прасторай сталіцы: кідае выклік і марыць, дасягае і губляе, атрымлівае асалоду ад цішыні паркаў ці акунаецца ў шум плошчаў.
Фотапраект "Горад унутры" – пра людзей і горад, пра пошук гармоніі ў стасунках паміж імі і выяўленне асабліва тонкіх абрысаў гэтай гармоніі, якую фатограф паспрабавала паказаць праз дыптыхі: псіхалагічны партрэт чалавека і месца, якое ён лічыць сваім любімым.
Праект "Горад унутры" заняў трэцяе месца на Міжнародным фестывалі беларускамоўнай рэкламы “Аднак”, які прайшоў у чэрвені 2011 года.
Вольга Бубіч з’яўляецца выкладчыкам кафедры англійскай мовы і моўнай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя моўных прадметаў, чытае курс фатаграфіі ў візуальным даследаванні. Фотамастацтву вучылася, наведваючы майстар-класы Андрэя Дубініна (Беларусь, Мінск), Аляксея Нікішына (Расія, Масква), Кладзін Дары (Францыя).
















Выстава будзе працаваць з 23 лістапада па 10 снежня 2011 года. Уваход вольны.
Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”
Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі); кант. тэл.: 227 26 12.
Працуе з 11.00 да 19.00, вых.: нядзеля, панядзелак.
Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”
Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі); кант. тэл.: 227 26 12.
Працуе з 11.00 да 19.00, вых.: нядзеля, панядзелак.