«Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман»
Помнік беларускаму класіку Уладзіміру Караткевічу ўрачыста адкрыюць у сталіцы Украіны
20 кастрычніка ў Кіеве адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу.
Жыццё і творчасць беларускага класіка былі цесна звязаны з украінскай зямлёй. У 1950-я гады пісьменнік вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне. Знакаміты нарыс пісьменніка «Зямля пад белымі крыламі» ўпершыню пабачыў свет на ўкраінскай мове. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах Уладзімір Караткевіч звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё ва Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франко і іншых пісьменнікаў Украіны.
Як паведамілі «Р» у Міністэрстве культуры Беларусі, помнік Караткевічу створаны ў выкананне дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Міністэрствам культуры быў праведзены рэспубліканскі конкурс на стварэнне праекта. Аўтарамі помніка сталі беларускія скульптары Канстанцін Селіханаў, Алег Варвашэня і архітэктар Аляксандр Корбут.
Фінансаванне работ па стварэннi помніка ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сродкі на ўсталяванне скульптуры ў Кіеве і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі выдаткаваны кіеўскай мэрыяй.
Чакаецца, што ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве прымуць міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі дзвюх краін. На цырымоніі плануецца выступленне ансамбля «Купалінка» Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Акрамя таго, з нагоды адкрыцця помніка ў Нацыянальным кіеўскім універсітэце будзе прэзентавана спецыяльнае выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай, англійскай, выпушчанае да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якое адзначалася летась.
----------------------------------------
Даведка «Р»
Скульптура класіка беларускай літаратуры ўзведзена ў сталіцы Украіны на вуліцы Кацюбінскага, побач з будынкам беларускага пасольства.
Бронзавы манумент уяўляе сабой фігуру Караткевіча ў берэце, пісьменнік апрануты ў тоўсты світар і расшпіленае паліто, у кішэні якога схаваў рукі. Уладзімір Сямёнавіч стаіць на фоне раскрытай кнігі, на старонцы якой змешчана апошняя страфа аднаго з яго вершаў на беларускай і ўкраінскай мовах:
І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, —
Плод кахання бору і хмары, —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман…
Вышыня фігуры Караткевіча — 2,3 м, вышыня кнігі — каля 3,4 м, вага — каля 2,5 тон.